Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Пытанні выратавання і аднаўлення галоўнай культурнай і гістарычнай спадчыны сталіцы -- забудоў Верхні горад і Траецкае прадмесце 29 снежня разглядаліся на нарадзе ў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Цэнтр Мінска павінен не толькі захаваць сваё аблічча, але і стаць прывабным месцам для турыстаў -- такую задачу паставіў кіраўнік дзяржавы, паведамілі БЕЛТА у прэс-слубе беларускага лідэра.

Адкрываючы нараду, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў пачатку 90-х самыя прывабныя і выгадна размешчаныя будынкі ў Беларусі, перш за ўсё ў цэнтры Мінска, былі падзелены і сёння сёй-той някепска нажываецца на гэтай дзяржаўнай уласнасці, канчаткова разбураючы гістарычныя аб'екты нашай краіны.

"Мы не супраць таго, каб людзі былі багатымі, але багацце трэба зарабіць. Акрамя таго, культурная, гістарычная спадчына належыць дзяржаве і народу. І яе трэба захаваць", -- перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Праграма рэканструкцыі Верхняга горада была прынята Мінскім гарсаветам у 1991 годзе. У гэтых мэтах было створана АТ "Стары Менск", якое абавязалася за кошт прыцягнення інвестыцый і даходаў ад арэнды размешчаных у комплексах будынкаў аднавіць да 1995 года гістарычную забудову. Разам з тым дзейнасць прадпрыемства прынесла зусім процілеглыя вынікі: многія будынкі, якія маюць важную гістарычную каштоўнасць, прыйшлі ў заняпад і нават канчаткова разбураны. А будаўніцтва, якое вядзецца сёння, ажыццяўляецца без уліку унікальнага архітэктурнага ансамбля комплексу, скажаючы гістарычнае аблічча цэнтра.

Праведзеныя праверкі выявілі шматлікія парушэнні, якія датычацца валодання, карыстання і распараджэння будынкамі і памяшканнямі гэтых забудоў. Так, у палавіны будынкаў у Траецкім прадмесці і Верхнім горадзе адсутнічае тэхнічная дакументацыя, не аформлены дакументы аб праве ўласнасці. Маюць месца грубыя парушэнні заканадаўства аб арэндзе, у тым ліку спагнанне арэнднай платы ў заніжаным памеры. Інвестыцыі ўладальнікаў і ўласнікаў займаемых будынкаў у іх рэканструкцыю мелі сімвалічны характар. Неабгрунтавана праводзіўся падбор падрадчыкаў, якія ажыццяўляюць будаўнічыя работы.

У цэлым, у наяўнаўсці безгаспадарчае, нерацыянальнае выкарыстанне гістарычных комплексаў. Выпраўленню сітуацыі не садзейнічае і тое, што няма аднаго гаспадара: частка будынкаў належыць грамадскім аб'яднанням, знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, падкрэслілі ў прэс-службе прэзідэнта.

"Усё тут павінна быць адноўлена. Усе гэтыя гістарычныя месцы, якія ў свой час былі неабгрунтавана прыватызаваны або перададзены грамадскім аб'яднанням, павінны быць у строгай адпаведнасці з заканадаўствам вернуты ва ўласнасць дзяржавы", -- сказаў прэзідэнт.

"Мы не сабе забіраем. Гэта ўсё для народа і мінчан. Мінчане павінны мець магчымасць зайсці на любы квадратны метр сваёй тэрыторыі. Інакш мы дойдзем да таго, што гістарычны цэнтр для мінчан будзе зонай, закрытай прыватнымі ўласнікамі. Горад павінен быць утульным і прыгожым", -- дадаў кіраўнік дзяржавы.

На працягу першага квартала 2004 года павінна быць створана дзяржаўнае прадпрыемства, якое будзе кіраваць гэтымі комплексамі, у тым ліку здаваць у арэнду, займацца іх аднаўленнем і рэканструкцыяй. Павінны быць таксама падрыхтаваны ўсе неабходныя дакументы для ажыццяўлення рэканструкцыі.

Але гэта неабходна зрабіць законна, нікога не крыўдзячы, ніякіх накатаў ні на каго быць не павінна, запатрабаваў беларускі лідэр. "Калі, дапусцім, гэтыя будынкі і памяшканні здадзены ў арэнду, то дагаворы трэба перазаключыць. Калі дагавор і ўмовы, якія вы паставіце, людзі і арганізацыі будуць выконваць, то няхай размяшчаюцца, выкідваць іх на вуліцу не трэба. Але галоўнае -- грошы павінны паступаць у дзяржаўную казну" -- сказаў Аляксандр Лукашэнка. Гэтыя сродкі будуць выкарыстаны на рэстаўрацыю гістарычнай часткі горада. Але пры гэтым і арандатары павінны разам з гарадскімі ўладамі прыкласці руку да аднаўлення гэтых тэрыторый, дадаў прэзідэнт.

У 2006 годзе гэты прыгожы куток сталіцы павінен быць поўнасцю адноўлены.

На прыкладзе Траецкага прадмесця і Верхняга горада неабходна навесці парадак і па ўсёй краіне, перакананы прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў старанна праверыць і пытанне паступлення сродкаў у дзяржаўную казну, выручаных ад продажу і арэнды будынкаў па ўсёй рэспубліцы. Трэба вывучыць, ці выкарыстоўваюцца такія будынкі і памяшканні па прызначэнні, каму, на якіх умовах і па якой цане здаюцца ў арэнду, куды накіроўваюцца атрыманыя сродкі і хто кладзе грошы ў кішэню, заявіў Аляксандр Лукашэнка. "Грошы павінны паступаць у дзяржаўны бюджэт", -- сказаў ён.

Дзяржаўная ўласнасць павінна выкарыстоўвацца эфектыўна, рацыянальна, без злоўжыванняў і карупцыі. Яна належыць народу, на ёй ніхто нажывацца не будзе -- такая пазіцыя прэзідэнта.