Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Па выніках работы першага Сусветнага самміта па інфармацыйнаму грамадству, які прайшоў з удзелам дэлегацыі Беларусі 10-12 снежня ў Жэневе, прынята Дэкларацыя прынцыпаў і План дзеянняў.

Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Пастаянным прадстаўніцтве нашай краіны пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, у Дэкларацыі прынцыпаў прадстаўлена агульная канцэпцыя пабудовы інфармацыйнага грамадства, што вызначана як глабальная задача новага тысячагоддзя. Згодна з дакументам сусветнае супольніцтва поўнае рашучасці стварыць умовы, каб кожны мог выкарыстаць магчымасці, якія прадастаўляюць інфармацыйныя тэхналогіі. І ў гэтым важную ролю належыць адыграць органам дзяржаўнага кіравання, а таксама прыватнаму сектару, грамадзянскаму супольніцтву і міжнародным арганізацыям. "Пабудова інфармацыйнага грамадства, арыентаваная на інтарэсы людзей, з'яўляецца агульнай справай, якая патрабуе супрацоўніцтва і партнёрскіх адносін паміж усімі зацікаўленымі бакамі", -- сказана ў Дэкларацыі.

Адной з асноўных умоў даверу людзей да інфармацыйных тэхналогій з'яўляецца бяспека сетак і аўтэнтыфікацыя асобы. Краіны свету ўзялі на сябе абавязацельствы фарміраваць, развіваць і ўкараняць глабальную культуру кібербяспекі, а таксама прадухіляць выкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў і тэхналогій у злачынных і тэрарыстычных мэтах. У дакуменце адзначаецца таксама, што спам з'яўляецца для карыстальнікаў, сетак і ў цэлым для Інтэрнэт "сур'ёзнай праблемай, маштабы якой узрастаюць". У сувязі з гэтым прапануецца прымаць неабходныя меры на нацыянальным і міжнародным узроўнях для аховы ад гэтай бяды.

Сусветная сетка, як сказана ў Дэкларацыі, ператварылася ў публічны рэсурс глабальнага маштабу, і кіраванне яе выкарыстаннем павінна стаць адным з асноўных пытанняў парадку дня інфармацыйнага грамадства. Пры гэтым прызнаецца, што "палітычныя паўнамоцтвы па звязаных з Інтэрнэт пытаннях дзяржаўнай палітыкі з'яўляюцца суверэнным правам дзяржаў". Удзельнікі самміта звярнуліся да Генеральнага сакратара ААН з просьбай заснаваць рабочую групу па кіраванню выкарыстаннем Інтэрнэт, якая да другой часткі форуму /Туніс, 2005 г./ выпрацуе прапановы па гэтаму пытанню.

Агульная канцэпцыя і кіруючыя прынцыпы Дэкларацыі ўвасобіліся ў канкрэтных напрамках дзейнасці, якія заключаны ў План дзеянняў. У прыватнасці, у ім гаворыцца аб неабходнасці ўстанаўлення кантрольных паказчыкаў пабудовы інфармацыйнага грамадства з улікам нацыянальных асаблівасцей, што саслужыць добрую службу ў ацэнцы дасягнутага прагрэсу. Сярод такіх паказчыкаў, напрыклад, забеспячэнне інфарматызацыі ўсіх школ, універсітэтаў, устаноў аховы здароўя, бібліятэк, паштовых аддзяленняў, музеяў і архіваў.

У ходзе рэалізацыі нацыянальных электронных стратэгій неабходна асаблівую ўвагу ўдзяляць састарэлым людзям, асобам з абмежаванымі магчымасцямі, дзецям, а таксама іншым неабароненым у адносінах да інфармацыйнага доступу групам. План дзеянняў закранае таксама этычныя аспекты інфармацыйнага грамадства, ролю сродкаў масавай інфармацыі ў развіцці найноўшых тэхналогій, міжнароднае і рэгіянальнае супрацоўніцтва ў гэтай сферы.

Напярэдадні другой часткі Сусветнага самміта па інфармацыйнаму грамадству, якая запланавана на лістапад 2005 года ў Тунісе, плануецца правесці шэраг мерапрыемстваў. Так, у першай палавіне 2004 года адбудзецца падрыхтоўчы сход. Яго ўдзельнікі вызначаць структуру працэсу падрыхтоўкі да туніскага этапа і прааналізуюць пытанні, якія будуць фігурыраваць на заключным форуме ў якасці асноўных.
0058045