Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У судзе Маскоўскага раёна Мінска праходзіць разгляд справы аб махлярстве вакол "Габелена стагоддзя", занесенага ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Самы вялікі ў свеце габелен памерам 14 на 19 метраў быў створаны ў канцы 90-х гадоў беларускім мастаком Аляксандрам Кішчанкам.

Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей ГУУС сталіцы са спасылкай на ўпраўленне следчага камітэта па Мінску, у махлярстве абвінавачваецца дырэктар адной з мінскіх прыватных фірм, якая з 1995 па 2001 год займалася пошукам сродкаў для вырабу габелена і ўзвядзення будынка для яго дэманстрацыі.

У 1995 годзе абвінавачаная звярнулася да шэрагу кіраўнікоў прадпрыемстваў з просьбай падтрымаць выраб унікальнага твора. Пры гэтым яна растлумачвала, што гэта справа не толькі высакародная, але і прыбытковая. Грошы "прадпрымальніца" пазычала, паабяцаўшы "мецэнатам", што пасля шэрагу камерцыйных праектаў па продажы аўтамабіляў, халадзільнікаў, спіртнога і нават агародніны яна верне іх з працэнтамі, а атрыманы прыбытак пойдзе на фінансаванне праекта па вырабу габелена. Для большай пераканаўчасці яна часта дэманстравала прадпрымальнікам свае "фатаграфіі" з прэзідэнтам, мітрапалітам, а таксама вядомымі ў Беларусі палітыкамі і дзяржаўнымі дзеячамі. У выніку габелен быў выраблены і прадэманстраваны. Але грошы, а тым больш працэнты "ледзі-габелен" аддаваць не збіралася. На націск крэдытораў яна вырашыла адказаць новым праектам: "Грошы патрэбны на ўзвядзенне выставачнага будынка для унікальнага габелена!" Але да гэтага часу ўжо многія з удзельнікаў "габеленавай акцыі" западозрылі няладнае і звярнуліся ў праваахоўныя органы. У кастрычніку па падазрэнню ў махлярстве аўтар праекта з габеленам была арыштавана.

Як высветлілася ў ходзе следства, для стварэння габелена патрэбна было крыху больш як 24 тысячы долараў, а сабрана было больш за 277 тысяч. Сумы ўкладаў вагаліся ад 500 долараў да 111 тысяч. На сённяшні дзень прэтэнзіі да дзелавой дамы ў судзе прад'явілі 25 пацярпелых.

Пры гэтым у ходзе следства раскрылася яшчэ адна цікавая дэталь гэтай справы: усе ўзносы былі зроблены ў наяўнай валюце. Такім чынам, пацярпелыя маглі, атрымаўшы прыбытак, лёгка забыць пра выплату дзяржаве падаткаў з прадпрымальніцкай дзейнасці.
0059072