Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Пагадненне аб узаемным забеспячэнні абароны дзяржаўных сакрэтаў Беларусі і Расіі ратыфікавана Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Тэхнічную частку гэтай праблемы ў нашай краіне вырашаюць спецыялісты Дзяржаўнага цэнтра бяспекі інфармацыі /ДЦБІ/.

Як расказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Цэнтра выпрабаванняў сродкаў абароны інфармацыі і атэстацыі інфармацыйных аб'ектаў НДІ тэхнічнай абароны інфармацыі ДЦБІ Анатоль Цеплякоў, у рэспубліцы створаны надзейныя тэхнічныя сродкі для абароны канфідэнцыяльнай інфармацыі. Напрыклад, упершыню распрацаваны прынцыпова новыя для Беларусі ўстройствы - крыніцы бесперабойнага забеспячэння, якія значна павышаюць надзейнасць камп'ютэрнай тэхнікі і прадухіляюць уцечку інфармацыі па тэхнічных каналах. Адпавядаюць сучасным патрабаванням і айчынныя фільтры для абароны праграмных прадуктаў ад несанкцыянаванага доступу.

Што датычыцца ўзаемадзеяння з Расіяй, то тут, паводле слоў спецыяліста чацвёрты год рэалізуецца праграма Саюзнай дзяржавы "Абарона агульных інфармацыйных рэсурсаў Беларусі і Расіі". Даследчая частка праграмы накіравана на стварэнне праектаў нарматыўных дакументаў, законаў і стандартаў у гэтай галіне, а доследна-канструктарскія работы дадуць магчымасць рэалізаваць патрабаванні нарматыўных дакументаў адпаведнымі тэхнічнымі сродкамі - праграмнымі прадуктамі і апаратна-праграмнымі комплексамі.

Толькі ў 2003 годзе ў беларускай частцы праграмы прадугледжаны работы па 16 заданнях. Аб'ём іх фінансавання з дзяржаўнага бюджэту складае 943 мільёны 740 тысяч рублёў. Ажыццяўляюцца праекты ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, інстытутах Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, Белдзяржуніверсітэце, некалькіх прадпрыемствах недзяржаўнага сектара і ў аб'яднанні вылічальнай тэхнікі.

Цяпер беларускія вучоныя распрацоўваюць базавыя мадэлі тэхнічных разведак пагрозы бяспекі сумеснага інфармацыйнага рэсурсу. Гэтыя прадукты інтэлектуальнай працы дапамогуць сканцэнтраваць намаганні ў патрэбным напрамку па забеспячэнню абароны ад несакцыянаванага доступу да дакументаў, якія маюць дзяржаўную тайну. Некалькі работ звязаны з даследаваннямі па праверцы адпаведнасці рэалізацыі праграмных комплексаў заяўленым дэкларацыям. У самым разгары работа над стварэннем тыпавога абароненага працоўнага месца аператара, які апрацоўвае інфармацыю абмежаванага доступу. Характэрна, што ўсе айчынныя распрацоўкі "не складваюцца на паліцу" ў чаканні аб'яднання дзвюх дзяржаў, а знаходзяць рэальнае прымяненне ў народнагаспадарчым комплексе краіны, падкрэсліў спецыяліст.

Поўнасцю праграма Саюзнай дзяржавы "Абарона агульных інфармацыйных рэсурсаў Беларусі і Расіі" будзе рэалізавана да 2005 года. Агульны аб'ём яе фінансавання складзе каля 2 мільёны долараў ЗША.