Падзяку “за праяву актыўнай грамадзянскай пазіцыі па павышэнні статусу беларускай мовы” атрымаў сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў. Аб гэтым паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Ліст, які атрымаў Ян Дзяржаўцаў, падпісаны начальнікам галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі прэзідэнта Станіславам Буко, напісаны па-беларуску – у адрозненне ад ранейшых, якія атрымліваў апазіцыянер.

Апошні ліст з прэзідэнцкай адміністрацыі стаў ужо другім адказам на пытанне Яна Дзяржаўцава пра нежаданне мясцовых чыноўнікаў адказваць на звароты грамадзянаў па-беларуску. І гэта дужа здзівіла апазіцыянера: першы ліст за подпісам Станіслава Буко быў напісаны на рускай мове, да таго ж меў зусім іншы змест.

Ян Дзяржаўцаў скардзіўся ў прэзідэнцкую адміністрацыю, што віцебскія чыноўнікі адказваюць яму па-руску, хоць ён мае права атрымліваць адказы на той мове, на якой ён звяртаецца - гэта гарантавана яму артыкулам 18 Закону Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб".

Тым не менш адказы з раённых адміністрацый на свае заяўкі наконт правядзення пікетаў, якія атрымлівае сябар КХП БНФ, напісаныя па-руску. Спадар Дзяржаўцаў звярнуўся з гэтай нагоды са скаргай у віцебскі аблвыканкам, але там яму працытавалі Закон аб зваротах грамадзян у састарэлай рэдакцыі. А з пракуратуры Першамайскага раёну актывісту напісалі, што пісьмовая заяўка на пікет зваротам увогуле не лічыцца.

У сваім першым адказе начальнік галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Станіслаў Буко праінфармаваў актывіста, што ягоны зварот накіраваны ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь.

У другім адказе пра высновы гэтага цэнтру няма ні слова. Цяпер, паводле Станіслава Буко, чыноўнік, які не захацеў пісаць Дзяржаўцаву па-беларуску, нічога не парушыў. Бо гэта быў адказ на заяўку на пікет, і прадстаўнік мясцовых уладаў кіраваўся не Законам аб зваротах грамадзян, а Законам аб масавых мерапрыемствах.

Спадар Дзяржаўцаў у поўнай разгубленасці: навошта яму дасылалі два розныя адказы, і якой версіі трэба даць веры. Ён адзначае, што другі адказ з адміністрацыі, у адпаведнасці з Законам аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў, ужо напісаны па-беларуску. Ды напрыканцы дададзена, што прапановы Яна Дзяржаўцава "па карэктыроўцы Закону аб масавых мерапрыемствах будуць разгледжаны пры далейшай працы па ўдасканаленні заканадаўства Рэспублікі Беларусь”.
-10%
-10%
-40%
-50%
-30%
-30%
-40%
-50%
0068422