Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Будаўніцтва экспазіцыйнай аранжарэі для наведвальнікаў пачнецца ў 2004 годзе ў Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яна разлічана на 2 тысячы разнастайных відаў экзатычных раслін, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара па будаўніцтву навуковай установы Анатоль Гоман.

Паводле слоў спецыяліста, аранжарэя ў выглядзе васьмівугольнага шклянога памяшкання з рознавышыннымі экспазіцыйнымі зонамі зойме плошчу 1679 квадратных метраў. Паводле задумы архітэктараў і дызайнераў праекта, прастора аранжарэі будзе падзелена на тры сектары. У першым - цэнтральным - плануецца аднавіць трапічны дажджавы лес, асаблівы каларыт якому надасць сад-басейн з вільгацелюбівай флорай. Другі сектар зойме сад сукулентаў - раслін, якія растуць у засушлівых раёнах Афрыкі і Амерыкі. У трэцім сектары размесцяцца выхадцы з субтрапічных зон - алеандры, агавы, камеліі, мірты, азаліі, цытрусавыя.

Як адзначыў Анатоль Гоман, завяршыць будаўніцтва намечана да 2008 года. Усе работы будуць праводзіцца ў рамках шырокамаштабнага праекта рэканструкцыі батанічнага саду, які рэалізуюць Нацыянальная акадэмія навук, Цэнтральны батанічны сад, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Камітэт лясной гаспадаркі пры Савеце Міністраў Беларусі.