Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


"Золата" Х Мінскага міжнароднага кінафестывалю - прыз сімпатый гледачоў - прысуджана мастацкаму фільму расійскага рэжысёра Андрэя Звягінцава "Вяртанне". "Серабро", паводле ацэнак гледачоў, атрымала карціна "Старухи" Генадзя Сідарава. У беларускай кінастужкі "Настасся Слуцкая" Юрыя Елхава - "бронза" "Лістапада". Такія вынікі кінафоруму агучыў на заключнай прэс-канферэнцыі 28 лістапада першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Рылатка. Ён адзначыў, што конкурсная праграма юбілейнага агляду была як ніколі цікавая і шматгранная.

Акрамя журы гледачоў, свае ўзнагароды прысудзілі таксама журы кінапрэсы і журы кінематаграфістаў, якое ўпершыню было міжнародным. Як адзначыў народны артыст Расіі рэжысёр Ігар Масленікаў, які ўзначальваў яго, іх судзейская каманда "перш за ўсё ацаніла ўзровень прафесійнага майстэрства". Прыз за лепшую рэжысуру дастаўся Віталю Мельнікаву за фільм "Бедны, бедны Павел", прыз за лепшую мужчынскую ролю атрымаў адзін з галоўных яго выканаўцаў Віктар Сухарукаў, за лепшую жаночую ролю - Данута Сценка ў карціне польскіх кінематаграфістаў "Шапэн. Жаданне любві". Ігар Масленікаў падзяліўся таксама адным са сваіх адкрыццяў: на гэтым кінафествалі ў Мінску, падкрэсліў ён, было прадстаўлена шмат дэбютаў. Спецыяльным прызам "За яркі дэбют і патрыятызм" журы кінематаграфістаў адзначыла работу беларускай актрысы Святланы Зелянкоўскай у фільме "Настасся Слуцкая".