Аксана Рудовіч,

Маскоўскі праграміст, які пераехаў працаваць у Беларусь: "Думаў, што Мінск прыбіраюць тры разы на дзень".

Сотні тысяч беларусаў выехалі працаваць за мяжу. У Расію, Еўропу ці далёкую Амерыку — беларускія заробкі ў параўнанне не ідуць. Мікіта Мядзведзеў, наадварот, прамяняў Маскву на беларускую сталіцу.

Кінуў смецце ў бак?

Мікіта — чалавек запатрабаванай прафесіі. Ён высокакваліфікаваны праграміст. Карэнны масквіч, ён пераехаў у Беларусь тры гады таму. На той момант ён быў беспрацоўны, а тут прапанавалі добрае месца.

"Мне, у прынцыпе, Масква надакучыла да таго моманту. Я ўжо хацеў з’ехаць. Там цяжка жыць", — кажа Мікіта.

Першае ўражанне ад Мінска — чысты горад, спакойныя і зычлівыя людзі, шырокія праспекты, няма затораў.
А яшчэ — адчуванне, нібы трапіў у Савецкі Саюз, асабліва моцнае пры наведванні нашых "цумаў" і "гумаў".

"Для мяне гэта было шокам: чысты горад! Цяжка ўявіць. Я думаў, што яго прыбіраюць тры разы на дзень", — кажа Мікіта.

Праўда, потым зразумеў, у чым справа. Неяк ён быў у Смаленску ў кампаніі беларусаў. Да іх падышоў чалавек і кажа:

"А вы беларусы". "Як ты здагадаўся?" — пытаюць. "А вы смецце ў бак кідаеце", — адказаў чалавек.

Дзяўчаты не заганяюцца

Што яшчэ прыемна ўразіла па прыездзе ў Беларусь, дык гэта нізкія ў параўнанні з Масквой цэны амаль на ўсё. "Адчуванне было, як у фільме "Еўратур" [у гэтай маладзёжнай камедыі хлопцы з Амерыкі, маючы ўсяго некалькі даляраў у кішэні, пачуваліся багатырамі ў "беднай" Славаччыне — "НН"].

Яшчэ адзін "бонус" — беларускія дзяўчаты. Прыгожыя і менш заганяюцца пра шмоткі, грошы і тачкі. Дарэчы, з адной такой беларусачкай у Мікіты цяпер сур’ёзныя адносіны.

"Не ўяўляю, як яны жывуць"

Леташняя дэвальвацыя зменшыла даход Мікіты. Але ў Маскву ён не вярнуўся. Яго здзівіла рэакцыя беларусаў на эканамічны крызіс. Дакладней — яе адсутнасць. "Думаў, народ усё-ткі падымецца", — кажа хлопец. Сам ён дзеля цікаўнасці схадзіў на "маўклівую акцыю".

Прычына, чаму наш народ не "паўстаў", на думку масквіча, вось у чым: "Лукашэнка ў гэтым плане граматна дзейнічае. Ён заўсёды пільнуе, і тых магчымых лідараў, што могуць аб’яднаць людзей, своечасова нейтралізуе".

Узровень жыцця ў Беларусі нізкі, кажа Мікіта. "Не ўяўляю, як яны на гэтыя грошы жывуць. Можа, усе прывыклі. Я так разумею, гэта не першы раз?"

Зрэшты, у расійскай правінцыі, на яго думку, сітуацыя яшчэ горшая. Людзі співаюцца, не хочуць працаваць. Адзіныя, хто нешта робяць — гэта таджыкі ці ўзбекі.

"Беларускую разумею"

Мікіта ведае ўкраінскую мову, а таму разумее і беларускую. Праўда, яе амаль нідзе не чуваць.

"Інтэлігенцыя мову паважае і часта нават на ёй размаўляе. Але для існуючай улады інтэлігенцыя абсалютна не патрэбная… Па-мойму, у ніводным інстытуце не выкладаюць па-беларуску", — так тлумачыць моўную праблему хлопец з Масквы.

Нядаўна Мікіта пачаў хадзіць на лекцыі па філасофіі пры Беларускім калегіуме. Праўда, два тыдні адсутнічаў на занятках — адпачываў у Індыі.

З беларускіх гуртоў яму падабаецца "Касіяпея". "Ляпісы", я так разумею, тут забароненыя. Іх я таксама люблю, у Маскве хадзіў на канцэрт", — кажа Мікіта.

У Мінску яго прымаюць за свайго. "Ма-а-аскоўскага" акцэнта ў хлопца няма, ніякіх непаразуменняў з "мясцовымі" ніколі не ўзнікала.

Цяпер праграмісту Мядзведзеву 28 гадоў. Вяртацца ў Маскву пакуль што не збіраецца. Мінскі камфорт вабіць яго больш за маскоўскія грошы.
-47%
-20%
-12%
-30%
-20%
-30%
-55%
-20%
0066771