Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


З 2000 года колькасць выяўленых фактаў злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і хабарніцтва ў Беларусі значна ўзрасла.

Паводле інфармацыі начальніка прэс-цэнтра Рэспубліканскай пракуратуры Юрыя Азаронка, толькі за 9 месяцаў бягучага года выяўлена 236 выпадкаў злоўжывання ўладай, тады як за ўвесь мінулы год -- 191 такі факт. У 2000 і 2001 гадах гэтыя паказчыкі склалі 120 і 119 адпаведна. З пачатку 2000 года да крымінальнай адказнасці прыцягнута 142 чалавекі. Усё часцей выкарыстоўваюць службовае становішча ў карыслівых мэтах кіраўнікі буйных прадпрыемстваў. У гэтым годзе судовыя рашэнні былі вынесены ў адносінах да былога генеральнага дырэктара завода "Атлант" Леаніда Калугіна, былога кіраўніка Беларускай чыгункі Віктара Рахманько, цяпер у Вярхоўным судзе разглядаецца справа былога дырэктара Мінскага трактарнага завода Міхаіла Лявонава. Асноўная прычына такіх злачынстваў, на думку Юрыя Азаронка, у тым, што новыя эканамічныя рэаліі, у прыватнасці, працэс раздзяржаўлення і прадастаўленне эканамічнай самастойнасці прадпрыемствам, ствараюць новыя сітуацыі, якія нярэдка спрабуюць выкарыстаць у карыслівых мэтах нячыстыя на руку кіраўнікі.

Юрый Азаронак лічыць, што праваахоўныя органы працуюць актыўна ў гэтым напрамку. У 2000 годзе спынена 453 злачынствы, а 2001 -- 645, у 2002 -- 823, а з пачатку бягучага года выяўлена ўжо 790 фактаў атрымання хабару. На праведзенай па ініцыятыве Рэспубліканскай пракуратуры навукова-практычнай канферэнцыі па праблемах барацьбы з карупцыяй было адзначана, што сярод прычын гэтага зла -- неабароненасць прадпрымальнікаў ад чыноўніцкага самавольства і невысокія зарплаты асноўнай масы чыноўнікаў на месцах. У сувязі з гэтым Юрый Азаронак заўважыў, што, на жаль, сярод хабарнікаў апошнім часам сталі пераважаць далёка не бедныя чыноўнікі. Найбольш "гучная справа" па факту хабараў у гэтым годзе была ўзбуджана ў адносінах да былога прэзідэнта Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці Віктара Казекі і яго сына Андрэя Казекі, які ўзначальваў аддзел збыту рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства "Мінсккрышталь". На рахунку "сямейнага дуэта" -- 8 эпізодаў хабарніцтва на агульную суму больш як 240 тысяч долараў.