Барыс ПРАКОПЧЫК,

На сучасных картах Гродна няма мікрараёна "Новы свет", але менавіта такую гістарычную назву мае квартал паміж цяперашнімі вуліцамі Горкага і Ажэшкі. Напрыклад, у экспазіцыі Дома-музея Максіма Багдановіча ёсць канверт з адрасам "гор. Гродна, Новы свет, дом Агульнікава", які (з нотамі для фартэпіяна) атрымала з Пецярбурга маці паэта. З Новым светам звязвае месца жыхарства сваёй сям'і і Адам Ягоравіч Багдановіч: "Жылі мы на ўскраіне горада, на Новым свеце па Садовай ...".
 
Першыя пабудовы з'явіліся там у 1770-х гадах пры гарадзенскім старасце Антонію Тызенгаўзу, а найбольш актыўна квартал пачаў развівацца напрыканцы ХІХ стагоддзя. У 1920-30-х гадах тут будавалі драўляныя і мураваныя дамы ў стылі канструктывізму, які меў на ўвазе стварэнне зручнага і камфортнага жылля. А жыхарамі ў асноўным былі інжынеры, настаўнікі, чыноўнікі, урачы, вайскоўцы.
 
На колішняй ускраіне, як пісаў Адам Багдановіч, а цяпер літаральна за два крокі ад гістарычнага цэнтра горада над Нёманам ужо не першы год сутыкаюцца розныя погляды на будучыню гэтага квартала. Асабліва калі нейкі аб'ект спыняе сваё існаванне (будынак, дзе размяшчалася крама "Гарачы хлеб") альбо з'яўляюцца чуткі аб планах зносу іншых дамоў. Некаторыя гісторыкі і краязнаўцы настойваюць на захаванні рыс адзінага гісторыка-культурнага ансамбля "Новы свет", лічаць неабходным выкарыстаць дзеля гістарычнай адукацыі і турызму "тэму" знакамітых людзей, якія там пражывалі. Але мясцовая ўлада вымушана таксама рэагаваць і на звароты тутэйшых жыхароў, у якіх — не гонар за архітэктурную адметнасць гэтага квартала, а горыч, што ў ХХІ стагоддзі яны вымушаны жыць без ванны і з прыбіральняй на двары.
 
Такім чынам, з аднаго боку, так бы мовіць, рамантыка гістарычнай спадчыны, а з іншага — зусім не рамантычныя рэаліі жыцця канкрэтных людзей. Ці магчымы тут кампраміс? Як адаптаваць рысы мінулага да сучаснай горадабудаўнічай тканіны? Каб выпрацаваць падыходы да вырашэння пытання, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён ШАПІРА, яго намеснікі Уладзімір ДЗЯШКО і Ігар ЖУК, мэр абласнога цэнтра Барыс КАЗЯЛКОЎ разам з гісторыкамі, краязнаўцамі і журналістамі ў адну з субот накіраваліся на прагулку па "Новым свеце".
 
Наша падарожжа (гід — дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, кандыдат гістарычных навук Андрэй ЧАРНЯКЕВІЧ, аўтар кнігі "Новы свет і яго наваколле") пачынаецца на вуліцы Горкага, дзе размешчаны комплекс будынкаў 1895—1912 гадоў. Ахоўная дошка знаёміць з іх аўтарамі (архітэктар М. Плотнікаў, інжынер Л. Сямёнаў), звяртае ўвагу на статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і папярэджвае, што "прычыненне шкоды караецца ў адпаведнасці з законам". Раней у гэтых будынках размяшчаліся памежнікі, аднак цяпер сродкі абласнога бюджэту накіроўваюцца на тое, каб яны працавалі ў больш зручных, сучасных умовах. А што рабіць з ранейшым месцам дыслакацыі памежнага атрада — вялікае пытанне.
 
Старшыня аблвыканкама цікавіцца, што думаюць на гэты конт удзельнікі нашай экскурсіі. Гучыць прапанова — перадаць будынкі пад вучэбныя карпусы, інтэрнат для ГрДУ імя Янкі Купалы. Аднак лёгка сказаць... Умовы там такія, што вельмі праблематычна наладзіць і вучэбны працэс, і пражыванне студэнтаў. Тым больш, што ўжо сёння падраздзяленні ўніверсітэта, якім не хапае месца ў галоўным корпусе, раскіданы літаральна па ўсім горадзе. Таму выйсце, відавочна, не ў перадачы "купалаўцам" чарговых, зусім не прыстасаваных для ВНУ будынкаў, а ў сучасным, магутным універсітэцкім корпусе, які ўжо праектуецца.
 
Іншых рэальных варыянтаў, каб зацікавіць патэнцыяльных гаспадароў былых "памежных" уладанняў, пры гэтым не парушыўшы патрабаванняў па ахове гісторыка-культурных аб'ектаў, пакуль няма.
 
Наступная праблема абмяркоўваецца на скрыжаванні вуліц Горкага і Міцкевіча: якая будучыня ў гэтага жылля? З аднаго боку, драўляная забудова ў буйным горадзе можа стаць рэдкасцю, "фішкай" яго аблічча. А з іншага боку, лічыць вопытны будаўнік і праекціроўшчык, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Дзяшко, шэраг будынкаў знаходзіцца ў аварыйна-небяспечным стане і ўжо не падлягае аднаўленню.
 
Што і пацвердзілі жыхары дома № 1 па вуліцы Міцкевіча, у якіх адно жаданне — хутчэй адсюль з'ехаць, пакуль у кватэрах не абвалілася столь. Ды і ў суседкі, гаспадыні прыватнага дома Лідзіі МІНЮЧЫЦ зусім няма падстаў "казыраць" тым, што пражывае ў "Новым свеце". Зразумела, кажа жанчына, гэта гісторыя горада, але... Людзей не задавальняюць пячное ацяпленне, халодная вада, выгоды на двары... Газ да пліты праведзены, цяпер трэба займацца ацяпленнем, ды няма грошай. Таму заказалі па "рэкламцы" машыну дроў і ў нядаўнія маразы двойчы на дзень палілі печ. Бадай, адзіны плюс — побач агарод.
 
Паводле слоў Лідзіі Мінючыц, яе муж, якому гэты дом дастаўся ў спадчыну, пераязджаць адсюль не збіраецца, нават калі б і прапанавалі. А вось яна згадзілася б.
 
Крочым далей па вуліцы Міцкевіча. Вось драўляны дом з даволі арыгінальнай разьбой, але вельмі абшарпаны ... Можа, унутры стан добры? Не, адказвае гаспадыня, шмат што неабходна рамантаваць, падлогу, вокны мяняць, фундамент умацоўваць. На такі капітальны рамонт у горада, на чыім балансе знаходзіцца жыллё, сродкаў няма. Ды і з афарбоўкай не атрымліваецца. Гаспадары прапанавалі зрабіць гэта за свой кошт пры ўмове, што іх на нейкі перыяд вызваляць ад плацяжоў на капрамонт. Але і такі варыянт аказаўся немагчымым.
 
Іншы варыянт быў прапанаваны пазней, калі ў інстытуце "Гроднаграмадзянпраект" абмяркоўваліся канкрэтныя крокі па вырашэнні праблем "Новага свету". Чаму б не выкарыстаць у інтарэсах гэтага квартала і яго жыхароў магчымасці валанцёраў, студэнтаў — будаўнікоў ГрДУ імя Янкі Купалы?
 
Пры гэтым які сэнс перабольшваць значэнне тых, па сутнасці, халуп і баракаў, якія ёсць у "Новым свеце", альбо аднаўляць за вялізныя грошы тое, што ўжо практычна немагчыма вярнуць да нармальных умоў пражывання?
 
Адпаведную ацэнку старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён ШАПІРА лічыць неабходным правесці літаральна па кожным будынку ў гэтым квартале. Вызначыць, якія з іх з'яўляюцца старымі, аварыйнымі і падлягаюць зносу. Прычым, калі даецца дазвол на ўзвядзенне там новых будынкаў, архітэктурная служба павінна ставіць умову па іх стылявым падабенстве з гістарычнай забудовай. Менавіта такі падыход, магчыма, з'яўляецца аптымальным у сённяшніх умовах: на месцы гістарычнага будынка, які не адпавядае элементарным умовам пражывання, можа з'явіцца дом у стылі рэтра, але з камфортным унутраным "начыннем".
 
Па выніках нашай экскурсіі па "Новым свеце" вырашана вывучыць замежны вопыт захавання драўлянай гістарычнай забудовы, яе арганічнага спалучэння з новымі архітэктурнымі тэндэнцыямі і сучаснымі матэрыяламі. Акрамя таго, старшыня аблвыканкама лічыць неабходным пры праектаванні альбо рэгенерацыі такіх раёнаў ствараць грамадскія саветы, у склад якіх уваходзілі б і гісторыкі.
 
Аляксандр ТАРАНЕНКА, галоўны архітэктар істытута "Гроднаграмадзянпраект":
— Архітэктары таксама заклапочаны лёсам гэтага гістарычнага квартала — неаднойчы яго абыходзілі, кожны будынак агледзелі. Мы хочам захаваць дух "Новага свету" — маштабы забудовы (не больш за два — тры паверхі), сістэму вуліц, якая там склалася.
 
Дарэчы:
Назва "Новы свет" (так называлі Амерыку яе еўрапейскія першаадкрывальнікі) у Беларусі вельмі распаўсюджаная. На Гродзеншчыне вёска "Новы свет" знаходзіцца ў Іўеўскім раёне, на Брэстчыне — у Баранавіцкім. А вось у Магілёўскай і Гомельскай абласцях — ажно па тры населеныя пункты з такой назвай, прычым на Гомельшчыне ўсе — у Буда-Кашалёўскім раёне.
{banner_819}{banner_825}
-45%
-15%
-45%
-10%
-30%
-20%
-60%
-20%
-70%