Надзея НІКАЛАЕВА,

Да 2014 года колькасць выпускнікоў агульнаадукацыйных устаноў павінна зменшыцца ў нашай краіне больш чым на трэць. Што рабіць: або скарачаць да выхаду з дэмаграфічнай ямы план набору ў ВНУ, або набіраць туды ўсіх ахвотных, каб запоўніць бюджэтныя месцы? Відаць па ўсім, што гэтае пытанне ў бліжэйшыя гады будзе актуальным не толькі для беларускіх ВНУ. У Польшчы, напрыклад, колькасць абітурыентаў за апошнія гады зменшылася на 40 %. Не лепшая сітуацыя складваецца ў Літве, Расіі і ва Украіне. Таму сёння барацьба ідзе ўжо не толькі за прыцягненне ў Беларусь студэнтаў-замежнікаў, але і за ўтрыманне на радзіме выпускнікоў беларускіх школ.
 
Кіраўнікі ВНУ, размешчаных у заходніх рэгіёнах Беларусі, канстатуюць, што замежныя ВНУ вельмі агрэсіўныя ў сваёй маркетынгавай дзейнасці: яны прапануюць для беларусаў бясплатныя экскурсійныя адукацыйныя туры, завабліваюць месцам у кампусе, бясплатным навучаннем і стыпендыяльнай падтрымкай. У літоўскіх ВНУ адкрываюцца рускамоўныя групы. Пра тое, у каго больш шанцаў перамагчы ў "паляванні" на беларускіх абітурыентаў і наколькі рэальная пагроза адтоку беларускай моладзі ў замежныя ВНУ, мы гутарым з кіраўніком аналітычнага цэнтра "ЕСООM" Сяргеем Мусіенкам.
 
— У беларускіх ВНУ сёння навучаюцца ўсяго 2 тысячы расійскіх грамадзян, а колькасць беларусаў, якія атрымліваюць у Расіі вышэйшую адукацыю, у 10 разоў большая. Як вы лічыце, чаму расійскія ВНУ больш папулярныя ў нашых выпускнікоў, чым беларускія — у расійскіх?
 
— Па-першае, пераважная большасць беларусаў, якія навучаюцца ў расійскіх ВНУ, атрымлівае там вышэйшую адукацыю завочна. І, паколькі ў Беларусі ўзяты курс на паступовае скарачэнне набору на завочную форму навучання, можна меркаваць, што цікавасць да атрымання адукацыі ў расійскіх ВНУ, асабліва ў тых, што размешчаны ў памежных рэгіёнах, наўрад ці зменшыцца. Да таго ж у нашай краіне на ўваходзе ў ВНУ дзейнічаюць даволі жорсткія крытэрыі адбору, што, магчыма, і робіць для многіх беларусаў больш прывабным паступленне ў расійскія ВНУ. Іншымі словамі, прывабнасць навучання ў расійскіх ВНУ заключаецца не ў якасці расійскай вышэйшай адукацыі, не ў разнастайнасці спецыяльнасцяў і спецыялізацый (у гэтым плане мы ні ў чым нашым суседзям не саступаем), а, хутчэй, у яе даступнасці. Ні для каго не сакрэт, што ў Расіі не вельмі давяраюць вынікам Адзінага дзяржаўнага экзамену, прычым не толькі спецыялісты ў гэтай галіне, але і абітурыенты, іх бацькі і працадаўцы. Яно і зразумела, бо калі самыя высокія балы на АДЭ атрымліваюць прадстаўнікі каўказскага рэгіёна, высновы напрошваюцца самі сабой. У нас жа, наадварот, давер да вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання даволі высокі.
 
— Летась напярэдадні прыёмнай кампаніі прэс-канферэнцыю для беларускіх журналістаў арганізавалі прадстаўнікі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта інжынернай экалогіі. Галоўнай мэтай візіту гасцей у Беларусь было рэкламаванне сваёй ВНУ. Дэфіцыт абітурыентаў прымусіў масквічоў самім шукаць сабе будучых студэнтаў, няхай і ў суседняй краіне. Для гэтага прыёмная камісія была нават гатова выехаць і прыняць у іх іспыты непасрэдна на месцы. Усім першакурснікам гарантавалі месца ў студэнцкім інтэрнаце і стыпендыяльнае забеспячэнне... Магчыма, і нашым ВНУ трэба больш актыўна прэзентаваць сябе за межамі Беларусі і ствараць больш "камфортныя" ўмовы для паступлення тых жа расіян?
 
— Я ўпэўнены, што лепшымі прапагандыстамі беларускай вышэйшай школы з'яўляюцца яе выпускнікі-іншаземцы, якія пасля вяртання на радзіму дасягнулі сур'ёзных поспехаў у эканоміцы, палітыцы, бізнэсе, сферах культуры, адукацыі і аховы здароўя. А такіх, балазе, шмат. Напрыклад, адзін з вядучых тэхнічных экспертаў паліцыі Ізраіля з'яўляецца выпускніком аўтатрактарнага факультэта БНТУ. Прычым у Ізраілі яму залічылі яшчэ і навучанне на ўніверсітэцкай ваеннай кафедры. Лепшы аргумент, які працуе на рэпутацыю ВНУ, — гэта якасць ведаў яго выпускнікоў. Мяркую, што ніякая рэклама не прынясе такога эфекту, як асабістыя ўражанні ад знаходжання ў нашай краіне. Рашэнне, ці адпраўляць сваё дзіця навучацца ў іншую краіну, прымаецца не на падставе рэкламнай інфармацыі, а на падставе або ўласнага досведу, або рэкамендацыі знаёмых, сяброў і калег. Таму трэба выхоўваць цёплыя пачуцці да Беларусі ў эліты іншых краін. Галоўнае — не страчваць з нашымі выпускнікамі зваротную сувязь. Сёння ў Беларусі дзейнічае Міжнародная асацыяцыя выпускнікоў беларускіх ВНУ, створаны банк звестак пра выпускнікоў-іншаземцаў і з многімі з іх наладжаны кантакты. Гэта менавіта той доўгатэрміновы канал рэкламавання беларускай вышэйшай школы, які будзе эфектыўна дзейнічаць.
 
Праўда, і гэта трэба прызнаць, сур'ёзнай перашкодай для нарошчвання экспарту адукацыйных паслуг з'яўляецца дэфіцыт месцаў у студэнцкіх інтэрнатах. Асабліва гэтая праблема актуальная для сталічных ВНУ.
 
— Усё часцей беларусы, якія з'яўляюцца пераможцамі і прызёрамі міжнародных школьных алімпіяд, выбіраюць для навучання расійскія ВНУ. Але мне не даводзілася чуць, каб да нас ехалі атрымліваць адукацыю прадстаўнікі расійскай інтэлектуальнай эліты...
 
— Як вы мяркуеце: для чаго праводзяцца міжнародныя школьныя алімпіяды і інтэлектуальныя спаборніцтвы для школьнікаў? Дзейнічае добра адладжаная сістэма пошуку і адбору таленавітай моладзі. Выстройваюцца чэргі з ахвотных запрасіць адораных маладых людзей да сябе на вучобу. І ўжо тыя самі ацэньваюць перспектывы, якія можа адкрыць перад імі навучанне ў той ці іншай ВНУ.
 
Паміж Беларуссю і Расіяй не існуе ні фізічных, ні візавых, ні моўных бар'ераў. Таму не варта здзіўляцца, калі выбар абітурыентаў робіцца на карысць расійскіх ВНУ. Узровень заробкаў у Расіі сёння вышэйшы, таму расійскія ВНУ пераманьваюць не толькі таленавітую моладзь, але і нашых выкладчыкаў...
 
— У красавіку на чарговай канферэнцыі міністраў адукацыі дзяржаў-удзельніц Балонскага працэсу будзе разглядацца заяўка Беларусі на яе далучэнне да адзінай еўрапейскай адукацыйнай прасторы. Як, на ваш погляд, чаго больш у інтэграцыйных працэсах у адукацыі — "плюсоў" ці "мінусаў"?
 
— Калі мы вядзём размову пра Балонскі працэс, то трэба правільна разумець, што размова ідзе аб нейкай усярэдненай вышэйшай адукацыі. А лепшыя еўрапейскія ВНУ не арыентуюцца на Балонскі працэс, таму не трэба заганяць сябе ў нейкія рамкі. Хачу нагадаць, што Балонскі працэс задумваўся калісьці як альтэрнатыва амерыканскай вышэйшай школе. Але не трэба забываць, што амерыканская сістэма адукацыі развівалася ў канкурэнцыі з савецкай. Гэта яны нас даганялі, асабліва ў засваенні прыродазнаўча-навуковых дысцыплін. А Еўропа ўжо падцягнулася да гэтага працэсу. І, на мой погляд, наша галоўная задача — не згубіць самае лепшае, што было ў савецкай вышэйшай школе. Любыя рэформы карысныя толькі тады, калі яны вядуць да павышэння якасці адукацыі.
 
Для прыкладу, прафесары еўрапейскіх універсітэтаў скардзяцца: спрашчэнне правілаў прыёму прывяло ў іх да таго, што сёння выкладчыкі вымушаны навучаць усіх, хто... запісаўся. У Еўропе дзейнічае вельмі жорсткі якасны адбор выкладчыкаў ВНУ, і пры гэтым практыкуецца вельмі ліберальны адбор прэтэндэнтаў на навучанне. У выніку ў аўдыторыі можа прысутнічаць усяго некалькі матываваных абітурыентаў, а ўсе іншыя — гэта баласт.
 
Вось што нам можна было б пазычыць у еўрапейцаў — гэта мабільнасць: мабільнасць у адкрыцці новых спецыяльнасцяў, у развіцці новых кірункаў... Трэба больш шырока ўкараняць выкладанне на англійскай мове. Гэта дазволіла б адначасова прыцягнуць да нас на навучанне больш іншаземных грамадзян, а з іншага боку, дазволіла б падцягнуць узровень валодання замежнай мовай і нашых выкладчыкаў, і нашых студэнтаў. І ў акадэмічнай мабільнасці я таксама бачу відавочныя "плюсы": што дрэннага ў тым, калі выкладчыкі ездзяць па ўсім свеце і чытаюць у замежных універсітэтах лекцыі? Ды і замежныя стажыроўкі студэнтаў дазваляюць з іх дапамогай прыцягнуць у краіну ўсё лепшае, што ёсць за мяжой.
 
У Кітаі, напрыклад, успрымаюць сваіх грамадзян, якія жывуць за яго межамі, як мосцік паміж заходняй цывілізацыяй і вялікай кітайскай культурай. Чаму б і нам не успрымаць беларускіх студэнтаў, якія выязджаюць за мяжу, як паслоў нашай краіны?
 
— Ні для каго не сакрэт, што ва ўладальнікаў беларускіх дыпломаў нярэдка ўзнікаюць праблемы з іх прызнаннем за мяжой. Магчыма, гэта адна з прычын, чаму да нас не вельмі ахвотна едуць навучацца замежнікі?
 
— Яшчэ да падпісання Балонскай дэкларацыі большасць краін Еўропы, а таксама ЗША, Канада і Аўстралія падпісалі ў Лісабоне Канвенцыю аб прызнанні кваліфікацый, якія адносяцца да вышэйшай адукацыі ў еўрапейскім рэгіёне. У 2002 годзе да Лісабонскай канвенцыі далучылася і Беларусь. Афіцыйная схема прызнання дакументаў аб адукацыі ў розных краінах вельмі разнастайная: ад поўнасцю цэнтралізаванай, як у Беларусі і Расіі, да поўнасцю дэцэнтралізаванай. Але чым больш высокаразвітой з'яўляецца краіна, тым больш пільна яна ахоўвае свой унутраны рынак. На практыцы гэта азначае, што ў некаторых краінах (асабліва з платнай адукацыяй), зацікаўленых у прыцягненні студэнтаў, акадэмічнае прызнанне дыплома атрымаць значна прасцей, чым прафесійнае. Акадэмічнае прызнанне дае магчымасць падоўжыць адукацыю, а прафесійнае — атрымаць работу. Прызнанне дыпломаў з'яўляецца фактычна інструментам рэгулявання міграцыі і абмежавання канкурэнцыі на рынку працы. У гэтай сітуацыі прызнанне беларускіх дыпломаў у Еўропе залежыць не столькі ад зместу і якасці ўніверсітэцкай падрыхтоўкі, колькі ад палітыкі еўрапейскіх краін у сферы міграцыі і занятасці.
 
Пытаннямі прызнання замежных кваліфікацый у Беларусі займаецца Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы. Усе беларусы, якія атрымлівалі адукацыю ў Расіі, ва Украіне, у Польшчы, Літве, абавязкова пацвярджаюць на радзіме сваю кваліфікацыю. І нярэдка ўзнікаюць парадаксальныя сітуацыі: адукацыя, атрыманая ў замежнай ВНУ, больш падыходзіць да рынку працы менавіта гэтай краіны, а ў Беларусі ўладальнікі замежнага дыплома могуць мець праблемы з працаўладкаваннем. Менавіта таму не варта разлічваць, што да нас масава паедуць навучацца еўрапейцы. На мой погляд, навучацца трэба там, дзе ты збіраешся працаваць. Безумоўна, вельмі цікава і нават карысна паехаць на стажыроўку за мяжу на год ці два — так бы мовіць, для пашырэння агульнага кругагляду. Але арыентавацца на атрыманне базавай адукацыі трэба там, дзе ты збіраешся жыць і працаваць. Я амаль не сумняваюся, што ў бліжэйшай будучыні беларускія ВНУ будуць канкурыраваць на адукацыйным рынку найперш з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі краін СНД, паколькі яны прапануюць падобны пералік адукацыйных паслуг. Да таго ж у нас захавалася з савецкіх часоў шмат агульнага ў падыходах да навучання. А ў экспартнай палітыцы адукацыйных паслуг прыярытэты павінны паступова змяшчацца ў бок постдыпломнай адукацыі. Хоць бы таму, што многія выпускнікі беларускіх ВНУ з кола замежных грамадзян працягваюць свой адукацыйны маршрут у іншых краінах, што зусім не спрыяе прасоўванню беларускіх тавараў і нашых тэхналогій на заходнія рынкі і ўскосна зніжае каштоўнасць беларускай адукацыі.
 

-50%
-30%
-35%
-20%
-6%
-40%
-10%
-10%
-30%
0071356