Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Нічога агульнага з падаткамі й зборамі гэты пункт дзяржбюджэту ня мае. Часам ён сягае 2% - гэтага дастаткова, напрыклад, каб на працягу году фінансаваць усе ўстановы культуры. Такім чынам, шматлікія кантрольныя органы атрымліваюць негалосны плян спагнаньня штрафаў. Часам здараецца так, што кантралёры дзеля выкананьня даручэньняў начальства папросту "абдзіраюць" сваіх ні ў чым не вінаватых суайчыньнікаў. Аб гэтым гутарка ішла на сэмінары "Аб стасунках суб'ектаў гаспадараньня зь дзяржаўнымі кантрольнымі органамі", які адбыўся на гэтым тыдні.

У Беларусі 10 асноўных кантрольных органаў, якія сочаць менавіта за суб'ектамі гаспадараньня. Далёка не заўсёды яны дзейнічаюць у межах сваёй кампэтэнцыі. У дачыненьні падобных арганізацыяў правіла: "што не забаронена законам, тое дазволена" дзейнічаць не павінна, але менавіта ім кіруюцца падатковыя інспэктары, дзяржкантролеўцы, супрацоўнікі міліцыі, а таксама шматлікія іншыя кантралёры. Кансультант па прававых пытаньнях Міжнароднай фінансавай карпарацыі Валеры Фадзееў прыводзіць прыклады, калі кантралёры папросту перагнулі палку.

В.Ф.: - ДАІ ў зьвязку з тым, што ўзьніклі нейкія праблемы ў арганізацыі руху каля буйнога аўтамабільнага рынку, сваім загадам зачыніла гэты рынак. Гэта яўнае парушэньне, бо ДАІ кантралюе выкананьне правілаў дарожнага руху, але ня мае права зачыніць прадпрыемства. Былі й іншыя выпадкі, прыкладам, калі вынесьлі прадпісаньне індывідуальнаму прадпрымальніку: маўляў, адсутнічае сыгналізацыя, і гэта спрыяе ўчыненьню правапарушэньня. Я нават пажартаваў з гэтай нагоды: можа да вас прыйдуць і напішуць, што ў вас ёсьць каштоўнасьці й гэта спрыяе ўчыненьню правапарушэньня. Альбо можна выносіць тыя ж прадпісаньні ўсім уладальнікам аўтамабіляў. Няма сыгналізацыі - і гэта спрыяе злачынству.

Неўтаймоўнасьць кантралёраў можна вытлумачыць ня толькі няведаньнем законаў і межаў сваіх паўнамоцтваў. У дзяржаве існуе негалосны плян па штрафах: у даходнай частцы бюджэту звычайна закладваецца адпаведны пункт, прычым гэтыя даходы складаюць прыкладна 2% ад усяго бюджэту.

Спрыяе актыўнасьці кантралёраў і тое, што большасьць беларусаў ня ведаюць уласных правоў ды абавязкаў. Калі ў фірму некалькі разоў на месяц зьяўляюцца самыя розныя рэвізоры й знаходзяць парушэньні там, дзе іх няма, дырэктар фірмы хутчэй за ўсё пабаіцца абскарджваць іх дзеяньні ў судзе ды паспрабуе адвадзіць кантралёраў пры дапамозе хабару. Гэта, паводле словаў В.Фадзеева, не найлепшы спосаб вырашэньня праблемы, бо бізнэсовец аўтаматычна трапляе ў яшчэ большую залежнасьць ад правяральнікаў, да таго ж за хабарніцтва ў нашай краіне караюць жорстка. Надзейней усё ж як мага часьцей кансультавацца з дасьведчаным юрыстам ды не баяцца адстойваць свае правы ў судзе.

Такая парада можа быць вельмі дарэчнай, бо з пачатку 2001 г. дзейнічае Закон "Аб перадухіленьні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам". Гэта можа выклікаць яшчэ большую пільнасьць з боку правяральнікаў у дачыненьні бізнэсоўцаў.

Юлія Шарова

Радыё Рацыя
0058648