Сяргей Расолька: Халява разбэшчвае! Гэта факт

Мы ўсе дарослыя людзі і павінны цудоўна разумець, што нічога ў нашым матэрыяльным свеце бясплатным не бывае: калі не ты асабіста, дык іншы ўсё адно заплаціць за нейкія выгоды, дабрабыт, паслугі. Толькі і за сябе, і, як той казаў, за таго хлопца. Цудоўна разумеем, але часам некаторыя робяць выгляд, што іх гэта не датычыцца. Каб самім перайсці ў катэгорыю "таго хлопца". Яшчэ горш, калі сваімі паводзінамі, прыкладам даем падставы так меркаваць моладзі, можна сказаць, выхоўваем у іх утрыманскую пазіцыю ледзьве не з маленства.

...Прыгадваю званок з аднаго з раёнаў адразу пасля таго, як у сталіцы было абвешчана пра бясплатны праезд школьнікаў: маці некалькіх дзяцей была вельмі ўзрушана тым, што на мясцовым узроўні ўлады не адрэагавалі гэтак жа аператыўна на гэтую навіну. Падчас даволі эмацыянальнай размовы між іншым задаў пытанне: няўжо жанчына не разумее, што гэтая "бясплатнасць" праз некаторы час ляжа ў тым ліку і на яе плечы? Бо ніхто не адмяняў кошт на паліва, выдаткі на эксплуатацыю транспарту, выплату заробку кіроўцам аўтобусаў... Што дзеці будуць ездзіць бясплатна, але тарыфы на праезд для іншых праз нейкі час павялічацца і сама яна будзе плаціць за праязны дакумент больш? Дарэчы, неўзабаве яно так і атрымалася. Але маці цікавіла толькі эканомія сённяшняга дня, пра будучыню яна нават і думаць не хацела...

Калі давалі аналагічную льготу студэнтам на праезд у метро, ці не па тым жа сцэнарыі павінны былі далей разгортвацца падзеі? Законы эканомікі ніхто не ў стане адмяніць. І вось неўзабаве мы сапраўды пачулі, што метрапалітэн нясе страты. Потым — пра неабходнасць павялічэння тарыфаў на праезд, прычым загаварылі пра патрэбу дыферэнцыявана падыходзіць да гэтага: маўляў, кошт праезду ў метро павінен быць большым, чым у наземным транспарце. Што ж, логіка тут ёсць: метро ў параўнанні з аўтобусамі-тралейбусамі — больш камфортны від транспарту. Значыць, як і ў першым выпадку, выходзіць: дзеці — бясплатна (сапраўды, усё лепшае — ім), а іх бацькі, калі дапусціць пэўнае абагульненне, будуць аплачваць праезд і за сябе, і за іх?.. Днямі нарэшце ўголас прагучала доўгачаканае: з 1 чэрвеня гэтага года прадастаўленне льготы будзе прыпынена. Хоць праезд у метро для "няльготных" катэгорый фактычна падаражэў ужо зараз: пры актыўных паездках ліміт магнітнай карткі вычэрпваецца яшчэ да заканчэння каляндарнага месяца. І каб карыстацца падземкай, даводзіцца зноў плаціць... Між тым на наземным транспарце па праязным можна ездзіць поўны месяц.

...А чаму, уласна, студэнтам бясплатны праезд у метро? На мой погляд, такой прэферэнцыі больш заслугоўваюць пенсіянеры. Яны сумленна працавалі доўгія гады, утрымлівалі падрастаючае пакаленне, і за гэта трэба быць удзячнымі хоць бы такім чынам. Моладзь, ніхто не аспрэчвае, наша будучыня. Толькі пакуль, акрамя гэтага авансу, ёй апеляваць няма чым. Ну не "наварочанымі" ж мабільнікамі, купленымі за бацькоўскія грошы, якія яны пачынаюць "ціскаць" у вагоне? Дарэчы, не ў кожнага працуючага дарослага чалавека ёсць апошняя мадэль "сотавіка". А дзецям — зноў жа ўсё самае лепшае. Ну, ды ў сям'і — калі ласка, але чаму мы ўсе павінны займацца дабрачыннасцю? У тым ліку і работнікі метрапалітэна, якія пры іх сапраўды цяжкай працы — пад зямлёй, без сонечнага святла — недаатрымліваюць з гэтай нагоды?

...Раніцай, едучы на працу, часам паспяваеш на яе ледзь-ледзь: на "Кастрычніцкай", бывае, даводзіцца прапускаць электрычку — не ўвайсці. Пра сесці ўвогуле гаворка не ідзе. Неяк у перапоўненым вагоне азірнуўся, дык, можа, з паўтузіна дарослых людзей налічыў навокал, астатнія — студэнты. Асноўная іх маса выходзіць практычна на трох станцыях: "Плошча Перамогі", "Якуба Коласа" і "Акадэмія навук". Апошняя — побач з рэдакцыяй. Можаце ўявіць сабе маштаб сітуацыі, калі ўлічыць, што ў наваколлях станцыі метро "Акадэмія навук" — каля дзясятка навучальных устаноў? А яшчэ гэтая "цудоўная" звычка цяперашніх юнакоў і дзяўчат — не здымаць, уваходзячы ў вагон, заплечнікі... А яны амаль усе зараз з імі ходзяць... Хоць бы культурай паводзін іншых пасажыраў аддзячылі...

Чым была дрэнная ранейшая практыка, калі школьнікі і студэнты аплачвалі палову кошту праезду? Гэта ўжо было немалой падтрымкай. Калі чалавеку сапраўды трэба некуды ехаць, думаецца, ён будзе ў стане аплаціць праезд — не так ужо дорага гэта каштуе. Моладзь і іх бацькі павіны былі б быць удзячнымі і за меншую лічбу прэферэнцый. Таму што, паўтаруся, нічога бясплатнага не бывае. Ды і ці заўсёды студэнты выкарыстоўваюць ільготу па прызначэнні? На канчатковай станцыі "Каменная Горка" неаднойчы буднымі днямі ўвечары і па выхадных ці не на працягу ўсяго дня неаднойчы заўважаў: юнакі і дзяўчаты проста тусуюцца, прызначаюць у пераходзе, у невялікіх блінных сустрэчы. А потым кампаніяй едуць, напрыклад, у кіно ці проста на "піва"...

Ці будзе з 1 верасня адноўлена льгота для студэнтаў, вырашыцца пасля. А як па мне, дык адказ ужо сёння відавочны і адназначны.

Ганна Гарустовіч, студэнтка БДУ: Чаму не "плоцяць"? А пашанцавала!

— Усе людзі як людзі, а чаго яны не плоцяць !? — гэткую фразу, прамоўленую голасам паважнай сівой жанчыны, я пачула ў перапоўненым аўтобусе дзень на трэці пасля таго, як мінскім студэнтам дазволілі бясплатны праезд.

— А вось пашанцавала нам! — парыраваў хлопец нешта ў стылі "Якое пытанне — такі і адказ".

А пасля аказалася, што дама прычапілася да юнака, які замест праязнога паказаў студэнцкі білет, толькі з-за таго, што сама выходзіла на наступным прыпынку, а аплачваць праезд жадання не было ніякага, таму спатрэбіўся невялікі скандальчык, каб пацягнуць час. Вось так.

Ну няхай, варта пакінуць занадта эмацыянальных на падставе нераўнамернага размеркавання сацыяльных бонусаў у спакоі і паспрабаваць падумаць над тым, што ж можна сказаць у падтрымку захавання бясплатнага праезду для студэнтаў, які плануюць адмяніць на пачатку лета.

Узгадваю восень мінулага года. Першы месяц, калі не патрэбна было набываць праязны, падаўся крыху нязвыклым з-за таго, што напрыканцы яго ў кашальку не сядзела сіратліва апошняя дваццатка. Пры звычайных для мяне не надта раскошных выдатках грошай заставалася якраз столькі, каб, не сілячыся, дачакацца чарговых "фінансавых паступленняў". А можа, і патраціць на нешта незапланаванае.

За праязны на два віды транспарту, на якім дабіраюся на вучобу і працу, патрэбна аддаць каля 70 тысяч. Для сённяшняга ўзроўню цэнаў — сума зусім смешная. Нават са стыпендыі можна "адшкадаваць" без асаблівых пакут. "Чаму б гэтым студэнтам і не заплаціць? Усё роўна стыпендыю ім павялічылі, бацькі, хутчэй за ўсё, грошы таксама даюць", — абураюцца часам людзі. Але давайце падумаем, што такое гэтыя лішнія 70 тысяч у месяц. Не будзем браць у разлік выдаткі на каўбасу і кефір. Студэнты, якімі б яны ні здаваліся шумнымі і легкадумнымі, клапоцяцца не толькі пра неабходнасць напоўніць страўнік. І гэта зусім не павінна быць дзіўным. 70 тысяч — магчымасць як мінімум удвух схадзіць на добры спектакль у тэатр ці на прэм'еру ў кіно. На гэтую суму можна набыць нямала нітак для вышывання, што надзвычай актуальна для адной маёй знаёмай студэнткі, чыё хобі — ствараць прыгожыя вышываныя карціны. За 70 тысяч некаторыя студэнты могуць лішні раз з'ездзіць да бацькоў проста таму, што хочуць іх убачыць. А то пры абмежаваных фінансах візіты дадому ператвараюцца ў вылазкі "па бульбу і сала", калі сумкі вялізныя ("невядома, калі яшчэ прыедзе") пакавалі-пакавалі ўсю ноч, а пагаварыць нармальна так і не паспелі.

Праціўнікі захавання бясплатнага праезду могуць запярэчыць. Маўляў, ведаем мы вас. Нехта можа і ў тэатр схадзіць на зэканомленыя грошы, але большасць на розную бязглуздзіцу патраціць, піва будзе піць на лаўцы ў парку, пужаючы дзяцей і "няльготныя" ў плане праезду катэгорыі грамадзян. Згаджуся, хапае студэнтаў усялякіх. Толькі няўжо падобна на праўду, што чалавек, для якога самы культурны адпачынак — швэндацца без справы і пацягваць піва, пасля таго, як бясплатна ездзіў столькі месяцаў, летам, калі кандуктары зноў атрымаюць над ім уладу, ветліва так дастане грошы і аплаціць праезд? Можа быць. Адзін выпадак са ста. Можна пры гэтым і не біцца ні з кім, і не сварыцца. Праехаць "зайцам" і не папасціся спосабаў хапае.

Сярод знаёмых, калі пытаюся, што яны думаюць пра бясплатны праезд для студэнтаў, не надта добра адзываюцца пра гэта толькі тыя, хто сам не вучыцца альбо не мае дзяцей ці ўнукаў — студэнтаў. А самі віноўнікі размоў гавораць, што не разумеюць абурэння навакольных, з якім часам сутыкаюцца. Няўжо, калі б бясплатна дазволілі ездзіць не студэнтам, а, скажам, настаўнікам, яны б гэтым не карысталіся? Так, яны працуюць і з іх кішэні бяруцца падаткі. Але ж студэнты — гэта таксама будучыя падаткаплацельшчыкі, а яшчэ інвестыцыя, якая акупіцца.

Чаму патрэбна захаваць бясплатны праезд? На ўсе аргументы за гэта, зразумела, знойдуцца контраргументы і, думаю, сур'ёзныя паперы, якія паказваюць, колькі выдаткаў ідзе на магчымасць ездзіць у грамадскім транспарце задарма. Чаму патрэбна захаваць бясплатны праезд, лепш за ўсё разумеюць мамы і таты, якія цішком кладуць хатнія катлеты ў сумку свайму дарагому ва ўсіх сэнсах студэнту, каб не траціў лішняга, альбо раз у семестр стараюцца "наскрэбці" некалькі мільёнаў рублёў на яго вучобу.

-25%
-30%
-50%
-10%
-80%
-50%
-20%
-10%
-10%
-20%
-40%
-20%
0071694