Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Удзельнікі паседжаньня мусілі ў чацьвер вызначыцца з датай правядзеньня форуму й квотай на ўдзел у ім. Аднак, аніякіх канкрэтных важных рашэньняў арганізацыйны камітэт не прыняў.

Паседжаньне аргкамітэту Кангрэсу дэмсілаў праходзіла пад старшынствам намесьніка старшыні Мечыслава Грыба. Старшыня аргкамітэту прафэсар Юры Хадыка зараз знаходзіцца ў лякарні, таму ня мог выконваць свае абавязкі. Асноўнымі пытаньнямі, якія меліся разгледзець удзельнікі паседжаньня, было вызначэньне канкрэтнай даты правядзеньня Кангрэсу й квоты на ўдзел у ім. Але аніводнае з пытаньняў не было вырашана канчаткова. Мечыслаў Грыб так растлумачыў вынікі, а дакладней, іх адсутнасьць пасьля чацьвяровага паседжаньня арганізацыйнага камітэту.

М. ГРЫБ: - У зьвязку з тым, што Каардынацыйная Рада дэмакратычных сілаў не зусім дэталёва падрыхтавала інфармацыю, як яна мае далей дзейнічаць, мы пагадзіліся на тым, каб вярнуцца да гэтага пытаньня пасьля прыняцьця рашэньня Каардынацыйнай Радай.

Паводле словаў намесьніка кіраўніка аргкамітэту Кангрэсу дэмсілаў, ягоныя арганізатары пакуль нават ня вызначыліся з парадкам дня форуму. Хаця ня цяжка спрагназаваць, што Кангрэс будзе абмяркоўваць самую галоўную падзею бягучага году - выбары новага лідэра беларускае дзяржавы.

М. ГРЫБ: - Гэтае пытаньне яшчэ не стаяла й не разглядалася. Але, зразумела, гэта будзе пытаньне аб адзіным кандыдаце на прэзыдэнцкія выбары.

Мечыслаў Грыб паведаміў, што, хутчэй за ўсё, у пятым Кангрэсе дэмакратычных сілаў будуць браць удзел каля 1500 дэлегатаў. І ўсё ж складаецца ўражаньне, што апазыцыя губляе час. Дагэтуль нявызначаны нават прыблізна адзіны кандыдат на прэзыдэнцкія выбары, незразумелай застаецца стратэгія й тактыка барацьбы за пасаду кіраўніка дзяржавы. На пытаньне, ці ня варта дэмакратычным сілам пасьпяшацца, каб не апынуцца ў хвасьце самай важнай кампаніі году, Мечыслаў Грыб адказаў.

М. ГРЫБ: - Хто губляе часу, хто не губляе, - цяжка сказаць. Пасьпешлівасьць у гэтай справе таксама ня лепшы дарадчык. Можна пасьпяшацца, можна нешта застаўбіць, а потым трэба будзе мяняць, так? Як гэта будзе выглядаць, ці на карысьць гэта будзе? Ёсьць розныя пытаньні й розныя падыходы.

Тым часам, галоўны прэтэндэнт на тое, каб заняць на наступныя 5 гадоў "беларускі трон", часу дарма не губляе. Лукашэнка сустракаецца з усімі, з кім толькі магчыма, каб перацягнуць патэнцыйных выбаршчыкаў на свой бок, а зь іншага боку, вядзе актыўную кампанію прапаганды, скіраванай супраць магчымых супернікаў на прэзыдэнцкіх выбарах. Тут ужо пад гарачую руку трапляюць усе: і заходнія імпэрыялісты, і замежныя. Але ж у першую чаргу, - местачковая апазыцыя.

Вось і ў чацьвер кіраўнік дзяржавы ў часе выступу перад прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі Беларусі без усялякага сумневу заявіў, што валодае інфармацыяй пра зьдзейсьненую дастаўку ў краіну васьмідзесяці мільёнаў даляраў ЗША для фінансаваньня прэзыдэнцкае кампаніі на баку апазыцыі. На гэта Мечыслаў Грыб адрэагаваў наступным чынам.

М. ГРЫБ: Я пакуль што ня бачыў ніводнага даляра, ня бачыў гэтых дакумэнтаў і ніводнага цэнта не атрымаў. А хто што кажа, - хай той і тлумачыць, што ён кажа.

Так, пакуль што да Кангрэсу дэмакратычных сілаў - нічога канкрэтнага. Паводле намесьніка старшыні аргкамітэту, ён можа адбыцца альбо 10 сакавіка, альбо 15, а мо' і ўвогуле ў другой палове месяца. Да таго ж, па прызнаньні самога Мечыслава Грыба, ніякіх юрыдычных наступстваў рашэньні Кангрэсу мець ня будуць, бо нават вылучаць кандыдата на прэзыдэнцкую кампанію можна толькі шляхам збору ста тысяч подпісаў грамадзян. Пакуль мы ня маем інфармацыі, калі адбудзецца чарговае паседжаньне арганізацыйнага камітэту КДС. А часу да прэзыдэнцкіх выбараў застаецца ўсё меней…

Генадзь Кесьнер

Радыё Рацыя