Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Больш за 50 працэнтаў выпадкаў эмацыянальных парушэнняў у псіхіцы дзяцей узнікаюць пры праглядзе тэлеперадач, прызначаных не для іх узросту. Такія даныя на пасяджэнні круглага стала "Тэлебачанне і асоба: праблемы і перспектывы" прывяла загадчыца лабараторыі клінічнай псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка (БДПУ) кандыдат псіхалагічных навук Алена Калодзіч. Дыскусія прайшла 7 кастрычніка ў Грамадскім прэс-цэнтры. Праблему ўплыву тэлепраграм, фільмаў і рэкламных ролікаў на псіхіку людзей абмяркоўвалі спецыялісты з БДПУ, журналісты розных выданняў, прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі.

Як расказала ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА старшыня экспертнага савета Першага нацыянальнага тэлеканала кандыдат псіхалагічных навук Жанна Грынюк, мэта гэтага круглага стала - актывізаваць у беларускім грамадстве дыскусію наконт змястоўнага боку айчыннага тэлебачання. Значная ўвага гэтаму ўдзяляецца ў Белтэлерадыёкампаніі: вядуцца актыўныя даследаванні ў галіне ўспрымання людзьмі тэлепрадукцыі, створаны інфармацыйна-аналітычны аддзел, наладжана супрацоўніцтва з факультэтам псіхалогіі БДПУ. Аднак, падкрэсліла Жанна Грынюк, псіхолагі не могуць забараніць паказ таго або іншага фільма. Іх галоўная задача - навучыць людзей рабіць самастойны выбар, правільна арыентавацца ў сітуацыі.