Вікторыя ПРАКАПОВІЧ,

Летась у Беларусі было скасавана 38 584 шлюбы — на 5,3% больш у параўнанні з 2010 годам. Зрэшты, мо справа не толькі і не столькі ў крызісе? Па якіх прычынах цяпер распадаюцца беларускія сем'і, высвятляла "Тут і цяпер".

Разам - агідна, паасобку - дорага

"Мы не пражылі з мужам і трох год, як сталі адно аднаму чужымі, — прызнаецца 27-гадовая Алеся Шамко. — Не разыходзімся ж дагэтуль па вельмі банальнай прычыне — мне проста няма дзе жыць. Кватэру мужу яшчэ ў студэнцтве падарылі бацькі, таму я не маю на яе ніякіх правоў. Прапісаны ў ёй толькі муж і наш двухгадовы сын, а я рызыкую застацца на вуліцы. Наймаць асобнае жыллё надта дорага з маёй двухмільённай зарплатай, вяртацца да мамы ў Баранавічы — дык там я буду зарабляць яшчэ менш, не пракармлю нас з малым. Муж хоць і не дае нам ні капейкі, але ж за кватэру плаціць і прадукты для сябе, любімага, набывае, а я жыву на ўмовах хатняй прыслугі. Калі змагу нарэшце сама сябе забяспечваць, то адразу ж падам на развод, бо жыць побач з агрэсіўным, чужым табе чалавекам, бачыць яго бясконцыя п'янкі з сябрамі і дзеўкамі агідна".

Сітуацыя, калі людзі нават пасля разводу вымушаны доўгія гады суіснаваць у адной кватэры, матляючы адно аднаму нервы, бо няма куды раз'ехацца, далёка не рэдкасць. Здавалася б, калі разводы ў дадзеным выпадку нічога не вырашаюць, а захаванне сям'і дае няхай і ўмоўны, але шанс на прымірэнне, то колькасць такіх разводаў павінна зменшыцца. "Наадварот, будзе толькі расці, — прасвятлілі бывалыя "чаргавікі", якія чакаюць свайго права на будаўніцтва жылля не першы дзясятак гадоў. — Бо разышліся і адразу сталі ў чаргу. Прэтэндуючы пры гэтым на льготы і дзяржпадтрымку як няпоўная ды малазаможная сям'я".

Афіцыйна

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2011 годзе было зарэгістравана 86 785 шлюбаў, у 2010 — 76 978, у 2009 — 78 790. Колькасць разводаў за апошнія тры гады няўхільна павялічвалася і склала адпаведна 38 584 — у 2011 годзе, 36 655 — у 2010, і 33 113 — у 2009. У гэтай невясёлай статыстыцы гарадскія жыхары перавышаюць па колькасці вяскоўцаў. Прыкладам, у 2010 годзе на тысячу гараджан прыпадала 4,5 разводу, а ў сельскай мясцовасці — 2,1.

Як сведчаць даследаванні Фонду ААН у сферы народанасельніцтва, найчасцей (у кожным чацвёртым выпадку) у Беларусі разыходзяцца сямейныя пары, якія пражылі ў шлюбе 5-9 гадоў, і амаль палова разводаў прыпадае на ўзрост 25-34 гады.

Захаваць нельга падзяліць

Дальнабойшчык Валерый Руткоўскі, якому крыху за 40, пасля амаль 10 год сямейнага жыцця вярнуўся ў статус халасцяка і практычна не падтрымлівае стасункаў з былой сям'ёй. "Чаму я са сваёй разышоўся? Спачатку даведаўся, што заробленыя маім потам і, фігуральна кажучы, крывёю грошыкі ідуць на пасядзелкі з невядомымі "сяброўкамі" у кафэ. Потым і сябры пацвердзілі, што бачылі яе ў горадзе з усялякімі "бобікамі".

Проста здраду я, хоць мо і не дараваў бы, але зразумеў бы, — я заўсёды ў раз'ездах, дома бываю рэдка. Але тое, каб на гулянкі яна траціла нашы, у сэнсе мае, грошы?! У нас нават пагаварыць не атрымалася: сабрала рэчы і з'ехала з сынам і чарговым хахалем да бабкі ў вёску. Ну і я не доўга думаў — падаў на развод. Больш за тое, уладкаваўся на мінімальны афіцыйны аклад, каб яна не вельмі разлічвала на аліменты. Калі сыну што трэба, перадаю праз былую цёшчу — вось дзе залаты чалавек, мяне цалкам падтрымлівае. Але тое, што сыну ў вушы ўводзяць, — які ў яго бацька дрэнны — нават яна спыніць не можа. А я для сябе вырашыў: цяпер ніякіх ЗАГСаў, толькі свабодныя стасункі, калі каму надакучыла ці хочацца большага — да пабачэння!"

Як на ўмовах ананімнасці распавялі супрацоўнікі аднаго з раённых судоў Мінска, цяпер ледзь ці не кожная другая сталічная сям'я, у якой ёсць дзеці, усе спрэчныя моманты пры разводзе — аліменты на дзіця ці на маці і дзіця; з кім з бацькоў застанецца жыць дзіця; як будзе ўдзельнічаць у яго выхаванні і забеспячэнні другі з бацькоў — вырашае ў судовым парадку.

Развод і дзявочае прозвішча

"Я пражыла па ягоных правілах і з ягоным прозвішчам амаль 15 гадоў, — 33-гадовая Аксана Горбач прынцыпова не называе экс-мужа па імені, толькі "ён". — І ўвесь час пад кагосьці падладжвалася: то пад яго маці, то пад яго планы, то пад яго звычкі. Трэшчынкі ў адносінах замазвала і залізвала, як магла.

А потым зразумела, што гэта гульня ў адны вароты, і перастала. Цярпела толькі дзеля дзяцей: адной дачцэ 13, другой 7, і ў абедзвюх, на жаль, слабое здароўе. Трэба было часта выязджаць на мора, а ён пагражаў, што ў выпадку разводу не дасць дазволу на вываз дзяцей з Беларусі. Калі гэтую дурную норму нарэшце адмянілі, я як на крылах лётала! Праўда, суд некалькі разоў даваў адтэрміноўку на прымірэнне, таму развяліся мы толькі на пачатку 2011 года. Я вярнула сабе дзявочае прозвішча, любімую (і нядрэнна аплачвальную) працу, нарэшце, самапавагу, і цяпер мы з дачушкамі шчаслівыя, як ніколі!"

Сапраўды, да 26 сакавіка 2010 года на выезд дзіця за мяжу з адным з бацькоў патрабавалася пісьмовая згода другога. Мяркуючы па водгуках на бацькоўскіх форумах, гэтым правам — "хачу — дазволю, хачу — не дазволю" — спекулявала значная частка былых мужоў (радзей жонак).

Там добра, дзе нас няма?

"Так, мы таксама заўважылі тэндэнцыю да росту колькасці разводаў, — адзначае сямейны псіхолаг, сэксолаг Вольга Петрашкевіч. — Прычыны тут самыя розныя. Напрыклад, часта разыходзяцца сем'і, у якіх жонка пайшла ў дэкрэтны адпачынак або ўвогуле занялася толькі хатняй гаспадаркай, а муж узяў на сябе функцыю здабытчыка. Жанчына трапляе ў эмацыянальны вакуум, а запоўніць яго не можа, бо муж увечары прыходзіць з працы стомлены, і яму не да шчырых размоў.

Жонка хоча, каб муж адпавядаў яе пэўным патрабаванням, а муж сыходзіць у глухую абарону. Частая прычына разводаў — здрада; шукаць у іншым месцы зніклую эмацыянальную блізкасць часцей схільны мужчыны. Не на апошнім месцы сярод прычын разводу стаяць і праблемы сэксуальнага плана, прычым дакапацца да іх, як правіла, вельмі складана. Дарэчы, часам жанчынам выгадна, каб муж заставаўся сэксуальна непаўнацэнным, — тады ім лягчэй маніпуляваць... Зрэшты, нельга вінаваціць толькі мужчын ці толькі жанчын: у канфліктах, тым больш сямейных, заўсёды вінаваты абодва бакі".

Што да эканамічнага аспекта, то ён хоць і прысутнічае амаль у кожным разводзе, але, на думку эксперта, з'яўляецца, хутчэй, зручным прыкрыццём і апраўданнем для распаду сям'і, чым яго рэальнай прычынай. "Усё ж калі сям'я згуртаваная, то любыя праблемы, у тым ліку фінансавыя, яе толькі яшчэ больш загартоўваюць і ўзмацняюць. А калі з самага пачатку саюз не вельмі трывалы, то эканамічныя прычыны — толькі нагода, як правіла, для жонкі адыграцца за колішнія крыўды: маўляў, "ты нават на сям'ю зарабіць не можаш". Асноўныя ж прычыны павелічэння колькасці разводаў, мяркуе псіхолаг, у тым, што беларусы імкнуцца атрымаць зашмат, не прыкладаючы намаганняў.

"Маральныя нормы ўсё-такі пахіснуліся ў нашым грамадстве, і сям'я для многіх страціла сваю каштоўнасць, саступіўшы месца нейкай "свабодзе", — кажа спецыяліст.

Магчыма, справа ў эмацыянальнай нясталасці, у тым, што мы развучыліся саступаць адно аднаму ды і проста размаўляць і слухаць партнёра. Людзі не гатовы працаваць дзеля захавання гармоніі ў стасунках. Яны ўяўляюць сабе вобраз цудоўнай сям'і, а як толькі знікае рамантычны флёр і адбываецца натуральнае згасанне пачуццяў, схільны пасаваць і шукаць, дзе лягчэй. Навошта ісці цярністым шляхам, калі існуюць лёгкія? Навошта берагчы шлюб з гэтай жанчынай, калі досыць іншых, свабодных, на сподачку з блакітнай аблямоўкай?

-20%
-10%
-20%
-10%
-50%
-5%
-20%
0067851