фотоСытуацыя вакол нарвэскага тэрарыста ў цэнтры ўвагі нарвэскіх і заходнеэўрапейскіх СМІ. Суд Осла прызначыў новую праверку псыхічнага здароўя тэрарыста і масавага забойцы Андэрса Бэрынга Брэйвіка.

Такое рашэньне прынятае ў сувязі з вострай крытыкай папярэдняй высновы псыхіятраў. Яны прызналі Брэйвіка вар’ятам, які ў адпаведнасьці з дыягназам "паранаідальная шызафрэнія" мусіць утрымлівацца ў вар’ятні, а не ў турме.

Новая псыхіятрычная экспэртыза Брэйвіка будзе разгледжаная судом паралельна са старой на працэсе, які пачнецца ў красавіку. Тым часам адмыслоўцы ў галіне псыхіятрыі і сэксалёгіі спрабуюць высьветліць псыхічны стан тэрарыста праз яго сэксуальныя паводзіны, у тым ліку яго стасункі зь беларускай, пра якую ўжо раней паведамлялі нарвэскія СМІ.

Сам Брэйвік усяляк адмаўляе папярэдне выстаўлены яму дыягназ "паранаідальная шызафрэнія", а таксама крымінальны характар сваіх учынкаў. Ён працягвае настойваць на тым, што зьяўляецца камандзірам руху супраціву, які накіраваны на зьвяржэньне ўрадаў эўрапейскіх краін і замены іх на "патрыятычныя" рэжымы, якія, у тым ліку, будуць дэпартаваць імігрантаў-мусульманаў.

Нарвэскія сьледчыя ўжо правялі шматлікія размовы зь сябрамі Брэйвіка адносна ягоных сэксуальных паводзінаў. Некаторыя сьведчаньні публікуе выданьне "Dagbladet".

Паводле сяброў, 32-гадовы Брэйвік ніколі не належаў да жаночых угоднікаў. Пра яго сябровак яны амаль нічога ня ведалі. Некаторыя ўвогуле лічылі яго гомасэксуалістам, аднак сябры-хлопцы ім таксама былі невядомыя.

Як ня дзіўна, найбольшая колькасьць знаёмых узгадвала менавіта беларуску "Наташу". Менавіта такім імем яе называюць ў сваіх артыкулах нарвэскія журналісты, прычым пішуць гэта імя ў двукосьсі.

Напэўна, у Брэйвіка быў няўдалы досьвед з жанчынамі-нарвэжкамі. Ён заўсёды лічыў, што галоўная задача эўрапейскай жанчыны — нараджаць дзяцей. У асяродку сяброў ён гаварыў, што палітыка ягонай краіны ў жаночых пытаньнях прынцыпова хібная. Брэйвік быў перакананы і пісаў нават у сваім маніфэсьце, што Нарвэгія павінна перастаць заахвочваць жанчын да вышэйшай адукацыі і кар’ернага росту.

Таксама Брэйвік быў абсалютна ўпэўнены ў тым, што нарвэскія жанчыны ня могуць быць добрымі хатнімі гаспадынямі, тым часам як усходнія эўрапейкі ў гэтай справе маюць добрую рэпутацыю.

На той час — гэта быў канец 2004 — Брэйвік працаваў у офісе і меў магчымасьць пастаянна знаходзіцца ў Інтэрнэце. Так ён выйшаў на сайт платных знаёмстваў з усходнеэўрапейкамі. У сьнежні 2004 году ён даслаў прапановы дзесяці жанчынам. У лютым 2005-га — яшчэ дзесяці. За пасярэдніцкія кантакты і інфармацыю ён агулам заплаціў 100 эўра. Аднак, як высьветліла паліцыя, спрацаваў толькі адзін кантакт з "Наташай". Увесну 2005 году быў у Менску і сустракаўся толькі з гэтай дзяўчынай. Пазьней яна прыяжджала да яго ў Осла.

Сам Брэйвік потым назаве "Наташу" "золаташукальніцай". Паводле сяброў, гэта трапнае азначэньне. Менская дзяўчына бачыла ў Брэйвіку выключна спонсара для паходаў па модных крамах ды рэстарацыях. Яна ня ела абы-чаго, не піла соку, калі той быў з кардоннага пакунку. Таксама яна не зьбіралася працаваць, у лепшым выпадку — вучыцца.

У Осла "Наташа" наведвала сем’і сяброў Брэйвіка. Усе яго блізкія ды ён сам хутка прыйшлі да высновы: гэта зусім ня той жаночы ідэал, пра які марыць Брэйвік. Падставаў для працягу зносінаў няма. Дадому ў Беларусь Брэйвік адаслаў дзяўчыну на некалькі дзён раней, чым меркавалася. Ніякай трагедыяй для яго гэтае расставаньне ня стала. Як, дарэчы, і для "Наташы".

Адмыслоўцы псыхіятры ды сэксолягі надаюць увагу і тым пасажам у маніфэсьце будучага тэрарыста, якія тычацца платнага сэксу. Паводле сяброў, ім невядома, каб Брэйвік звяртаўся да падобных паслугаў у Нарвэгіі.

Сам жа Брэйвік прыкладна за тыдзень да ліпеньскай трагедыі 2011 году напіша, што заплаціў 2000 эўра за шыкоўны эскорт дзьвюх жанчын у Празе. Праўда, пакуль гэтыя словы не знайшлі пацьверджаньня з боку сьледчых.

Яшчэ адно цікавае сьцьвярджэньне Брэйвіка, зробленае незадоўга да ліпеньскай трагедыі: "Сьмерці лягчэй глядзець у вочы, калі ты біялягічна, духоўна і душэўна спустошаны".

Што мае на ўвазе будучы тэрарыст — сваю ўласную спустошанасьць ці агульны стан заходнеэўрапейскага грамадзтва? Пытаньне, якое сярод іншых вывучаюць псыхааналітыкі да вынясеньня Брэйвіку канчатковага прысуду.
-54%
-30%
-50%
-50%
-30%
-50%
-30%
-20%
-20%