Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Новыя работы кінематаграфістаў Беларусі "Настасся Слуцкая" і "Бальная сукенка" заяўлены на ХІІ Адкрыты кінафестываль краін СНД і Балтыі. Гэты прэстыжны агляд, вядомы таксама сваёй назвай "Кінашок", будзе праходзіць з 6 па 14 верасня ў Анапе.

У творчай дэлегацыі Беларусі -- рэжысёр Юрый Eлхаў, артысты Святлана Зелянкоўская, Аляксандр Ткачонак, Таццяна Баўкалава, госць фестывалю -- народны артыст СССР і Беларусі прэзідэнт Мінскага міжнароднага кінафоруму "Лістапад" Расціслаў Янкоўскі. Аб гэтым напярэдадні ад'езду ў Анапу паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Беларускай гільдыі акцёраў кіно Святлана Сухавей, якая ўзначальвае нашу дэлегацыю. Яна з'яўляецца таксама членам міжнароднага журы "Кінашока". Святлана Сухавей удакладніла, што фільм "Бальная сукенка, адрасаваны перш за ўсё юным гледачам, прадстаўлены ў праграме дзіцячага фестывалю ў Анапе, які атрымаў назву "КІНАмалыШОК" і будзе праводзіцца ў рамках "дарослага" кінаагляду другі раз. Арганізацыйную і фінансавую падтрымку кінематаграфістам Беларусі для ўдзелу ў "Кінашоку" аказала Міністэрства культуры нашай краіны.

Даведка. Кінафестываль у Анапе -- адзін з буйнейшых у Расіі. Ён з'явіўся ў 1992 годзе як форум авангарднага кіно з назвай "Кінашок". З 1995 года мае афіцыйны статус Адкрытага фестывалю кіно краін СНД і Балтыі. Праходзіць штогод у верасні. На ім прысуджаюцца галоўная прэмія, прызы за рэжысуру, лепшыя акцёрскія работы, а таксама спецыяльныя ўзнагароды.