Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Мінскі аўтамабільны завод адправіў 20 жніўня ў Маскву калону з 4 машын новых мадэлей, якія будуць дэманстравацца на Расійскім міжнародным аўтамабільным салоне 25-31 жніўня.

Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік галоўнага канструктара МАЗа Андрэй Захарык, беларускае прадпрыемства з'яўляецца традыцыйным удзельнікам гэтага прэстыжнага міжнароднага форуму, на якім прадстаўляюць сваю тэхніку вядомыя сусветныя аўтамабільныя кампаніі. МАЗ дэманструе там толькі новыя распрацоўкі. На гэты раз у Маскве будуць паказаны седлавы цягач МАЗ-544008-320-021, які адпавядае нормам "Еўра-3", і сярэднетанажны аўтамабіль новага пакалення сям'і МАЗ-4370. Паехалі ў Маскву і два аўтобусы новай версіі - МАЗ-103 і МАЗ-107, таксама сертыфікаваныя па "Еўра-3".

На думку Андрэя Захарыка, седлавы цягач павінен прыцягнуць увагу наведвальнікаў маскоўскага салона, асабліва расіян. Раней такія машыны камплектаваліся толькі імпартнымі рухавікамі. Цяпер жа на мінскім цягачы - яраслаўскі рухавік, што робіць яго канкурэнтаздольным па цане. Усе астатнія камплектуючыя гэтай машыны - беларускія. Седлавы цягач ў счэпцы з ізатэрмічным паўпрычэпам "МАЗ-Купава" не ўступае імпартным аналагам, што ацэнена грузаперавозчыкамі СНД.

Як паведаміў Андрэй Захарык, новы сярэднетанажны аўтамабіль укамплектаваны рухавіком Мінскага маторнага завода. Ён уніфікаваны, што дае магчымасць ставіць на яго любыя сілавыя агрэгаты. Да таго ж машына вельмі лёгкая і ўмяшчальная. У яе два прычэпы, у якіх можна перавозіць буйныя партыі аб'ёмных грузаў да 10 тон. Такія аўтапаязды цяпер вельмі запатрабаваны на рынку. Сабекошт перавозак на іх зніжаецца амаль на трэць у параўнанні з велікагрузнымі і адзіночнымі аўтамабілямі. Сярэднетанажны аўтапоезд з такімі тэхнічнымі і эканамічнымі характарыстыкамі створаны ў СНД упершыню.

Аўтобусныя навінкі МАЗа таксама цікавыя. Асаблівасць 107-й мадэлі ў тым, што гэты 15-метровы аўтобус мае вялікую ўмяшчальнасць. Аднак у адрозненне ад сучлененага "гармоніка" у яго суцэльны салон, злучэнне ажыццяўляецца з дапамогай восі. Паводле слоў галоўнага канструктара аўтобусаў Аляксандра Мышко, машына на гарадскіх маршрутах больш манеўраная. Акрамя таго, па кошту яна таннейшая, чым сучленены аўтобус, і толькі крыху перавышае звычайную адзіночную мадэль.

Новая версія МАЗа-103 унікальная тым, што абсталявана трапам для інваліднай каляскі. Пры гэтым сам аўтобус можа "прысядаць" для таго, каб пасажыру было больш зручна паднімацца ў салон, адзначыў спецыяліст.