Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У кастрычніку ў Брэсце і Брэсцкай вобласці пройдзе IV Нацыянальны фестываль беларускіх фільмаў, які праводзіцца адзін раз у два гады. Праект конкурснай праграмы кінаагляду ўжо звярстаны. Аб ім у размове з карэспандэнтам БЕЛТА расказала дырэктар фестывальнай дырэкцыі Валянціна Сцяпанава.

Яна адзначыла, што па традыцыі заснавальнікамі Нацыянальнага фестывалю беларускіх фільмаў выступаюць Міністэрства культуры, кінастудыя "Беларусьфільм", Беларускі саюз кінематаграфістаў, брэсцкія гарадскі і абласны выканкамы, а таксама Белтэлерадыёкампанія. На ім будуць прадстаўлены ігравыя, дакументальныя, навукова-папулярныя, анімацыйныя, тэлевізійныя і відэафільмы, створаныя ў 2001-2002 гадах. Паводле слоў Валянціны Сцяпанавай, адбор кінавідэапрадукцыі праходзіў у лютым-сакавіку.

Брэсцкі кінафорум пачнецца конкурсным паказам дэбютных і студэнцкіх работ. Кіраўнік фестывальнай дырэкцыі падкрэсліла, што разам з захаваннем традыцый нацыянальнага кінамастацтва, фестываль прызначаны выявіць і маладыя таленты. Упершыню ў гэтым годзе заснаваны спецыяльны прыз імя Міхаіла Пташука. Ён атрымаў назву "Час выбраў нас" і будзе ўручацца ўдзельнікам кінаагляду за лепшую студэнцкую работу.

Акрамя конкурсных паказаў на фестывалі запланавана насычаная праграма: Дзень расійскага кіно, кінаканцэрт зорак беларускага і расійскага кінематографа, вечары памяці вядомых акцёраў і рэжысёраў, рэтраспектыва беларускіх фільмаў пра вайну, фестываль дзіцячага кіно.