1. В Минске появится еще одна служба каршеринга. И вот кто это будет
  2. «Гиря для важных государственных компаний». США возобновили санкции — каким будет эффект
  3. Белорусы жалуются на задержку пенсий и пособий. В Минтруда пояснили, в чем дело
  4. Перестал выходить на связь бывший следователь СК Евгений Юшкевич. Он в СИЗО КГБ
  5. Водители никак не хотели уступить друг другу и устроили две аварии. Видео дорожного конфликта
  6. Сколько получает, где хранит и как тратит. Как работает Фонд соцзащиты, из которого платят пенсии
  7. Магазины «Домашний» приказали долго жить
  8. США возобновляют санкции против «Белнефтехима» и еще 8 белорусских госпредприятий
  9. Рабочая неделя будет теплой, зато на выходных выпадет снег
  10. «После первой операции Максим все время плакал». История Татьяны и ее сына, которому удлиняют ноги
  11. Биолог рассказал, как сделать рассаду крепкой. Нужно выполнить всего пять простых пунктов
  12. Как власть услышала народ — и решила отомстить, суетливо и неразборчиво
  13. С 20 апреля снова дорожает автомобильное топливо
  14. Названы имена 14 бойцов, освобождавших Беларусь. Проверьте, нет ли среди них ваших родственников
  15. В Совбезе говорят о десятках военных учений у границ Беларуси. Разбираемся, в чем дело
  16. Для въехавшего в колонну силовиков водителя BMW прокурор запросил 12 лет колонии
  17. Мингорсуд оставил в силе приговор Катерине Борисевич по делу о «ноль промилле» — 19 мая она должна выйти на свободу
  18. «Вы не понимаете, что у вас свобода». Семеро немцев хотят перебраться в Беларусь: тут нет локдауна
  19. Как сейчас выглядит ТРЦ Minsk City Mall, который строится в районе вокзала
  20. Суд над участниками канала «Армия с народом» и волонтером Тихановской: одного из обвиняемых удалили с процесса
  21. «Глубоко разочарован ее действиями». Глава федерации баскетбола прошелся по Снытиной
  22. Власти смогут вводить ограничения и запреты по валютному рынку. Среди причин — падение рубля
  23. От жены водителя Чижа до авторитета. Среди кредиторов «Трайпла» нашлись интересные персоны
  24. МИД о возобновлении санкций: Беларусь предпримет все усилия, чтобы защититься от деструктивных мер США
  25. Врач-инфекционист рассказал, чем отличается третья волна коронавируса и когда ждать пик заболеваемости
  26. В Беларуси запретили продажу популярного печенья, которое было во многих магазинах. Что с ним не так
  27. «Это касается каждого». Врач — о симптомах и профилактике остеохондроза
  28. Многодетная семья всего за год переехала из «двушки» в свой дом. Вот их история и все расчеты
  29. Тест не для слабонервных. Какой герой «Игры престолов» так умер?
  30. Их фура — их дом на колесах: как работает семья дальнобойщиков из Пинска, где жена — королева красоты


Яўген ВАЛОШЫН,

Колькасць наркаспажыўцоў дасягае рэкордных лічбаў. Пра гэта афіцыйна сігналізуюць нарколагі і навукоўцы. У той жа час опійнае насенне маку, так званыя "бубкі", можна лёгка набыць на тэрыторыі гандлёвага цэнтра, на рынку і праз наркатаксі. Чаму? Пра гэта ў журналісцкім расследаванні "Звязды".

Артыкулы аб гандлі "бубкамі" выходзілі на старонках нашай газеты яшчэ летась увосень (нумары за 26 і 27 кастрычніка 2010 г.).

Журналіст правёў кантрольныя закупкі опійнага насення маку, са схаванай камерай. Пасля пад выглядам наркамана пабываў у прытоне, дзе ўпэўніўся, як лёгка можна вырабляць з "бубак" наркатычны раствор карамельнага колеру, які потым заганяецца шпрыцом у вену.

Аказалася, знешне "бубкі" падобныя на звычайны харчовы мак, якім пасыпаюць булачкі. Паўлегальна "забруджанае насенне" на канец 2010 года прадавалася праз наркатаксі, гандлёвыя пункты і звычайныя кватэры барыг.
Эфект ад "бубак" параўноўваюць з гераінавым. У той жа час опійнае насенне маку ў нас не кваліфікуюць як наркотык. Купляй, каліся і памірай.

На думку некаторых афіцыйных экспертаў, рэальная колькасць "бубачных" наркаспажыўцоў у Беларусі (амаль кожны мае гепатыт, ВІЧ, па некалькі судзімасцяў) — больш як 100 тысяч (!) чалавек. Цэлая армія. І ніхто пасля выхаду папярэдняга расследавання гэтыя лічбы не аспрэчыў.

Была і рэакцыя з боку афіцыйных ведамстваў. 
У канцы лютага 2011 года пры Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі праводзілася міжведамасная нарада. Абмяркоўвалі, як 
паставіць заслон "бубачным картэлям", што тэрарызуюць краіну з 2004 года. Напрыклад, змаглі дамовіцца на тое, каб правяраць усе партыі маку, што ўвозяцца ў Беларусь па афіцыйных каналах.

Увосень 2011 года журналіст "Звязды" паспрабаваў высветліць, ці далі гэтыя меры эфект і ці ўдалося выштурхнуць "бубкі" з беларускага наркарынку?

Для гэтага мы паспрабавалі правесці закупкі маку ў тых месцах, дзе тарацца наркаспажыўцы.

Закупка 1. Кіёск у сталіцы

14 верасня гэтага года я выправіўся да аднаго з гандлёвых пунктаў у раёне Камароўскага рынку. Гэта, відаць, самы вядомы "бубачны" кіёск Беларусі. Яго фотаздымкі неаднаразова з'яўляліся ў прэсе і на разнастайных інтэрнэт-форумах. Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый не раз абклейвалі будыначак налепкамі "Тут прадаюцца наркотыкі".

Але і на гэты раз прадавачка-маладуха без ваганняў заяўляе, што мак ёсць. Тавар загадзя запакаваны ў поліэтыленавыя пакеты: спачатку празрыстыя, потым чорныя, каб пакупнік мог схаваць "бубкі" ад лішкі 
вачэй.

 Узамен на 45 тысяч беларускіх рублёў (за час падрыхтоўкі расследавання кошт вырас да 60 тысяч) маладуха працягвае мне скрутак у 250 грамаў. На гадзінніку — 16:36.

Тут жа заходжу за рог і раскрываю скрутак. З выгляду — звычайнае харчовае насенне маку. На вока — амаль няма дамешкаў макавай саломы...

Паказваю набыты "тавар" былым наркаспажыўцам, якія кансультавалі падчас падрыхтоўкі гэтага расследавання.
— Так, паўгода таму прадаваўся такі самы мак, блакітны. Чысты знешне, без дамешкаў, як гэты.
— І што, быў наркатычны эфект?


— Быў. Усё як звычайна. "Калы" па целе, "цяга"...

Закупка 2. "Кропка" на рынку

15 верасня на тэрыторыі рынку, што ў раёне Ждановічаў, я знайшоў ужо знаёмы гандлёвы бокс, дзе раней купляў "бубкі". Наркаманы нахвальваюць тутэйшы мак.

Праўда, мяне папярэдзілі, што абы-каму "тавар" тут ужо не прадаюць — баяцца канфіскацыі (гэта самае страшнае, што сёння можа здарыцца з макавымі барыгамі ў Беларусі, крымінальная адказнасць ім зазвычай не пагражае).
— Семак, чвэрць кіло! — упэўнена вітаюся я з прадавачкай, якая пайшла ў бокс насыпаць тавар.


— Якіх семак? — насупілася прадавачка, аглядаючы мяне зверху ўніз. 

— Чвэрць кіло маку, — упэўнена паўтарыў я.

— 65 тысяч, — назвала яна цану.

— Добра.
— А хто вас прыслаў? — ужо спакаваўшы мак у чорны пакет, недаверліва і з кіслай усмешкай запытала прадавачка.

— Рабяты, — адказаў я, прыкідваючыся дурнем.

Аддаў грошы і забраў тавар.

На гадзінніку 14:44.

Мак, які мне прадалі на "кропцы", выглядаў так: дамешкаў макавай саломы відавочна шмат. Знешне такія самыя "бубкі" я закупляў падчас падрыхтоўкі леташняга расследавання.

Закупка 3. Наркатаксі

17 верасня 2011 года пры дапамозе былога наркаспажыўца Віктара звязваемся з так званым наркатаксістам. Цягам 2011 года, па паведамленнях ГУУС Мінгарвыканкама, у сталіцы канфіскавалі 14 наркатаксі (яшчэ па дзвюх машынах прымаюцца рашэнні). Пры дапамозе гэтых аўто па сталіцы развозіліся і рэалізоўваліся "бубкі".

Але наркагандляроў гэтыя канфіскацыі, па ўсім відаць, не надта напалохалі. Ужо праз 15 хвілін пасля тэлефанавання мы чакалі наркатаксі ва ўмоўленым месцы — ля буйнога супермаркета. Сюды ж па "бубкі" падышоў яшчэ адзін пакупнік. Пакуль чакалі наркатаксі, абмяркоўвалі хуткае падаражанне маку і так званай "вады" — беларускага растваральніка маркі 646, пры дапамозе якога мясцовыя "бубачнікі" выцягваюць з насення опій.

Неўзабаве ля нас спыніўся стары французскі аўтамабіль, у якім знаходзіліся два барыгі — кіроўца і "касір".

— Здароў. "Вада" ёсць? — першай справай запытаўся былы наркаспажывец Віктар, які дапамагаў мне ў закупцы (я ў гэты час фільмую працэс на схаваную камеру).

— Ёсць.

— 300 грамаў маку і адну "ваду".
Такім чынам у 10:41 барыгі з наркатаксі перадалі нам у чорным пакеце "бубкі" і літр растваральніку маркі 646. За ўвесь тавар мы 
заплацілі 79 тысяч рублёў. Знешне мак аказаўся такім жа, як і падчас закупкі 1: без дамешкаў макавай саломы, блакітны.

ВЫНІКІ ЭКСПЕРТЫЗЫ

Закупленае насенне маку было здадзена экспертам.

Спачатку "тавар" па просьбе рэдакцыі газеты "Звязда" правяраўся ў цэнтральнай лабараторыі Дзяржаўнай хлебнай інспекцыі на адпаведнасць стандартам. Потым Дзяржаўны экспертна-крыміналістычны цэнтр МУС Беларусі (ДЭКЦ) па просьбе рэдакцыі правяраў "тавар" на наяўнасць наркатычных рэчываў.

Тып 1, канверт № 996

Найперш даследавалі мак, які быў закуплены ў кіёску, што ў раёне Камароўкі.

Спецыялісты "Дзяржаўнай хлебнай інспекцыі" правяралі насенне па 10 патрабаваннях — знешнім выглядзе, колеры, вільготнасці і г.д.

Згодна з пратаколам № 5377, мак выпрабаванні не прайшоў. Хоць партыя была забракавана ўсяго па двух пунктах з дзесяці: вільготнасць (7,7%, трэба, каб паказчык быў не большы за 7,5%) і наяўнасць дамешкаў арганічнага смецця (0,16%, што вельмі мала). Па вялікім рахунку партыя зусім трошкі не дацягнула да неабходных стандартаў.

Вердыкт ДЭКЦ быў наступны: "У саставе насення наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў не выяўлена". Аднак эксперты адзначылі: калі даследаваць сам "раствор", прыгатаваны з гэтага насення, то экспертыза з вялікай доляй верагоднасці паказала б наяўнасць апіятаў.

Даследаванне мачы наркаспажыўцоў, якія гатавалі наркотык з насення, закупленага ў тым жа месцы прыкладна ў той жа час (па іх словах), канстатуе кадэін у крыві.

 


Тып 2, канверт № 994

Насенне маку, закупленае ў раёне "Ждановічаў", аказалася куды менш замаскіраваным. Згодна з пратаколам выпрабаванняў № 5378 спецыялісты лабараторыі Дзяржаўнай хлебнай інспекцыі знайшлі шэраг парушэнняў: гэта тыпавы састаў (мелася сумесь розных тыпаў насення, што недазволена), вільготнасць (аказалася 7,7%, а трэба не больш за 7,5%), наяўнасць алейных дамешкаў (0,23%, трэба не больш за 0, 2%), наяўнасць насення блёкату (0,23%, можна не больш за 0,01%). І, што самае галоўнае, была канстатавана наяўнасць дамешкаў арганічнага смецця (3,50%).

Спецыялісты Дзяржаўнага экспертна-крыміналістычнага цэнтра канстатавалі, што дамешкі арганічнага смецця не што іншае, як макавая салома вагой 4 г. Гэтай колькасці макавай саломы хапіла б для прыгатавання "шыркі" (наркатычнага раствору з "бубак").
Экспертыза маку, закупленага праз наркатаксі, не праводзілася. Знешне насенне выглядала гэтак жа, як і "бубкі", што былі закуплены ў раёне Камароўкі. Нават пакеты, у якія заварочвалі насенне, былі аднолькавыя.

* * *
Фактычна даследаванні паказалі, што тавар з дзвюх першых пунктаў не падлягае дзяржаўным стандартам і прыдатны для прыгатавання наркатычнага раствору. Але прыцягнуць гандляроў да крымінальнай адказнасці — немагчыма. І вось з якой прычыны...





Чаму наркакропкі працягваюць нахабна працаваць на вачах у грамадзян?

Людзі раз-пораз задаюць лагічнае пытанне: чаму кіёскі, згаданыя ў нашых матэрыялах, адкрыта функцыянуюць? Чаму барыг не кладуць тварам у асфальт?

Адказ просты. З аднаго боку, зразумела, што, па сутнасці, прадаюцца цяжкія наркотыкі. З іншага — законы такія, што само насенне маку наркатычным сродкам не прызнаецца. Толькі калі ў прытонах спажыўцы выцягваюць з насення опій, іх можна затрымліваць і судзіць. Самі ж наркагандляры, якія распаўсюджваюць атруту, як бы ні пры чым. Гандлюй і падсаджвай на іголку беларусаў. А калі на барыгу заводзяць крымінальную справу, той адмахваецца: "Я прадаваў мак для булачак". І абвінавачванне рассыпаецца.

З 1 кастрычніка 2010 года запрацаваў новы дзяржаўны стандарт СТБ №2078-2010 "Мак харчовы. Тэхнічныя ўмовы", які забараніў любыя дамешкі смецця ў насенні маку. Яшчэ раней "бубкі" забаранілі прадаваць на рынках і ў крамах. Сачыць за выкананнем гэтых законаў упаўнаважана не міліцыя, а іншыя ведамствы. Пакараць барыг найчасцей магчыма толькі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Аднак тыя ж падаткавікі, аказваецца, не ведаюць пра славуты наркакіёск у раёне Камароўскага рынку. Хоць пра існаванне наркакропкі вам раскажуць усе мясцовыя жыхары.

"...Дадаткова паведамляем, што па выніках маніторынгу работы аб'ектаў, якія месцяцца на тэрыторыі гандлёвага цэнтра (дзе намі была зроблена закупка 1, — "Звязда"), праведзенага інспекцыяй МНС па Мінску ў верасні 2011 года, фактаў рэалізацыі маку харчовага не выяўлена", — пазначана ў афіцыйным адказе на зварот "Звязды" за подпісам намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко.

Разам з тым у дакуменце пазначана, што парушэнні ў сферы абарачэння маку харчовага ў цэлым па краіне фіксуюцца:

"Так, за перыяд з 1 студзеня 2010 года па 31 жніўня 2011 года інспекцыямі МНС выяўлена 61 парушэнне заканадаўства ў дадзенай сферы дзейнасці. Прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 52 вінаватыя асобы, сума адміністрацыйных спагнанняў склала 98,4 млн рублёў. Па рашэннях судоў у даход дзяржавы перайшлі матэрыяльныя каштоўнасці і незаконна атрыманы даход на агульную суму ў 472,9 млн руб.".

Калі скласці абедзве сумы спагнанняў па лініі падаткавікоў за 20 месяцаў, то атрымаецца 571,3 млн беларускіх рублёў. Для параўнання: сёння толькі за суткі ў рэспубліцы абарот "бубак" складае як мінімум 5,5 мільярда рублёў (амаль у 10 разоў больш).

Якія меры супраць "бубак" прымаліся і чаму яны не спрацоўваюць напоўніцу?

Яшчэ ў 2005 годзе, калі міліцыя даведалася пра пераарыентаванне беларускага наркарынку на "бубкі", былі відавочны і меры, як з гэтым змагацца. Але антымакавыя ініцыятывы дзіўным чынам рассыпаліся.

Толькі ў 2010 годзе былі зроблены больш-менш важкія захады па вырашэнні праблемы.

Мера 1: дзяржаўны стандарт СТБ №2078-2010, які забараняе любыя дамешкі ў насенні маку.

На новы стандарт у 2010 годзе ўскладаліся вялікія надзеі, але ён не спрацоўвае ў поўнай меры. Пракантраляваць яго выкананне амаль немагчыма. Стандарт у шэрагу выпадкаў мае рэкамендацыйны характар. І за яго парушэнне крымінальная адказнасць не прадугледжана.

Мера 2: з нядаўняга часу ўсе партыі маку, якія ўвозяцца ў Беларусь, правяраюцца Дзяржаўным мытным камітэтам на адпаведнасць дзяржаўным стандартам і "наркатычную чысціню".

Міністэрства ўнутраных спраў пракаментавала для "Звязды" эфектыўнасць гэтай меры (афіцыйная папера падпісана часовым выканаўцам абавязкаў начальніка ўпраўлення па наркакантролі Васілём Лосічам):

"Гэтая мера з'яўляецца эфектыўнай толькі ў дачыненні да насення маку, якое паступае па афіцыйных каналах, у той час як асноўная маса насення бескантрольна паступае ў Рэспубліку праз адкрытую мяжу з Расійскай Федэрацыяй".

Расійска-беларуская мяжа — гэта бескантрольная дзірка, праз якую наша краіна пампуецца і "бубкамі", і сінтэтычнымі псіхатропамі, і іншай кантрабандай. Таму мера таксама не спрацоўвае належным чынам, а толькі ўскладняе наркадылерам жыццё: даводзіцца везці "бубкі" толькі праз адкрытую расійска-беларускую мяжу і траціць больш грошай на паліва.

Мера 3: уключэнне насення маку ў "Рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў".

Гэтая мера магла б расставіць кропкі над "і". Барыг папросту саджалі б за краты, а не давалі б мізэрныя штрафы. Усё гэта свавольства наркатаксі і наркакіёскаў хутка скончылася б.

Калі раней журналіст "Звязды" і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый прапаноўвалі разгледзець гэтую меру, некаторыя чыноўнікі круцілі пальцам каля скроні, маўляў, вы дурныя і некампетэнтныя. Пры гэтым спасылаюцца на Канвенцыю ААН 1961 года, згодна з якой насенне маку не можа быць прызнана наркатычным сродкам. Але ў той час і "бубачнай" праблемы не існавала...

Як вынікае з афіцыйных дакументаў, якія былі дасланы ў рэдакцыю "Звязды", Дзяржаўны мытны камітэт і міліцыя ў свой час падрыхтавалі сумесны зварот у Міністэрства аховы здароўя. Прапаноўвалася ўключыць опійнае насенне маку ў "рэспубліканскі пералік". Аднак увядзення меры не адбылося.

Мера 4: дзяржаўная манаполія на пастаўкі маку.

Гэтую меру прапаноўвалі мытня, міліцыя і неабыякавыя прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. І такі захад мог бы вырашыць праблему.

Сёння "забруджаны" мак увозіцца на тэрыторыю Беларусі фурамі. Робяць гэта разнастайныя камерцыйныя прадпрыемствы. Калі б увялі дзяржманаполію, то "шэрыя" пастаўкі маку лічыліся б кантрабандай, за што прадугледжана крымінальная адказнасць.

Але і ўвядзенне гэтай меры развалілася. Аказваецца, такі захад не з'яўляецца мэтазгодным з-за абавязальніцтваў у межах Мытнага саюза ("Пагадненні аб супольных мерах нетарыфнага рэгулявання" ад 25 студзеня 2008 года").

* * *
Як бачна, усе глабальныя меры, якія маглі вырашыць праблему з "бубкамі", альбо тармозяцца, альбо натыкаюцца на заканадаўчыя пасткі. Атрымліваецца, што абараняюць законы не грамадзян, а макавых баронаў.

За 2010 год каля трох дзясяткаў крымінальных спраў супраць дылераў разваліліся. Пра тое ж, ці атрымаў хоць адзін барыга рэальны турэмны тэрмін, афіцыйна не паведамляецца.

ВЫСНОВЫ

Наркатычны мак працягвае свабодна прадавацца.

Вытворцы "бубак" ужо навучыліся рабіць такі тавар, які знешне амаль не адрозніваецца ад харчовага маку. Хоць раней лічылася, што наркатычны эфект дае выключна макавая салома. Але гэта журналісцкае расследаванне даказвае, што наркаспажыўцы атрымліваюць "шырку" і са знешне чыстага насення.

Фактычна за сем гадоў з часу з'яўлення "бубак" на беларускім наркарынку нічога важкага ў супрацьдзеянні іх распаўсюджанню не зроблена. Колькасць ін'екцыйных наркаспажыўцоў ("жывых трупаў", якія ў пераважнай большасці хворыя на ВІЧ, гепатыт і г.д.) дасягнуў крытычных паказчыкаў. Барацьбу з наркотыкамі можна было б зрабіць "фішкай" нашай праваахоўнай сістэмы. У плане забароны сінтэтычных псіхатропаў мы ў дзясятцы лепшых краін свету. Гераін у Беларусь амаль не даходзіць, какаіну таксама няшмат. Але "бубачная" праблема засланяе ўсе дасягненні.

Колькі зарабляе наркатаксіст?
На гутарку са мной пагадзіўся былы прадавец "бубак" М., на якога я выйшаў праз былых наркаспажыўцоў. М. сцвярджае, што перастаў займацца макавым бізнэсам пасля таго, як у яго канфіскавалі машыну і ўлупілі штраф у 3,5 мільёна беларускіх рублёў. Па словах былога наркатаксіста, закупляў ён насенне маку на складах аднаго з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў Беларусі. Закупачны кошт кілаграма складаў 30 долараў ЗША. Прадаваўся — па 40. Адпаведна навар складаў 10 долараў з кілаграма. За працоўную змену, раз'язджаючы па сваім мікрараёне, удавалася рэалізоўваць каля 30 кілаграмаў насення. Гэта 300 долараў ЗША чыстага навару. Працаваў М. разам з напарнікам у рэжыме двое сутак праз двое сутак. Такім чынам, за 15 працоўных змен удавалася зарабіць да 4500 долараў ЗША. Каля 500 долараў ішло на паліва і амартызацыю аўтамабіля. Чысты прыбытак складаў 4000 долараў ЗША на чалавека. З-за эканамічнага крызісу сёння чысты прыбытак такога наркатаксіста складае, па ацэнках М., каля 2500-3000 долараў ЗША.



 
Макавы наркатрафік у Беларусь
Прааналізаваўшы працы навукоўцаў, справаздачы Федэральнай службы Расіі па кантролі за абарачэннем наркотыкаў (ФСКН), нескладана адсачыць маршруты макавага трафіку. Да ўвядзення ў нашай краіне дзяржаўнага стандарту СТБ №2078-2010 "забруджанае" насенне ўвозілі і з Расіі, і з Украіны, і з краін Еўрасаюза. З другой паловы 2010 года пастаўкі ў пераважнай большасці вядуцца толькі праз адкрытую мяжу з Расіяй. Прытым увозяць цалкам гатовыя да спажывання "бубкі". Але спачатку "забруджаны" мак трапляе ў Расію. Алена Расінская, дырэктар Інстытута судовых экспертыз Маскоўскай дзяржаўнай юрыдычнай акадэміі, заслужаны дзеяч навук РФ, называе краіны, адкуль здзяйсняліся найвялікшыя пастаўкі "забруджанага" маку: Чэхія, Турцыя і Нідэрланды. Па справаздачах ФСКН Расіі, да гэтага спісу варта дадаць наступныя краіны: Турцыя, Афганістан, Іспанія. Часта "бубкі" завозяцца ўжо гатовымі, праз мора. Ці не таму найбольш неспрыяльная наркатычная сітуацыя з насеннем маку склалася ў Паўднёвай федэральнай акрузе Расіі? Але, па звестках ФСКН, часта ў Расію ўвозіцца "чысты" мак. Ужо на месцы насенне "разбадзяжваюць" з макавай саломай, якая з вялікай доляй верагоднасці кантрабандна паступае з Афганістана. Гатовую сумесь адпраўляюць і ў Беларусь. Натуральна, прывозяць да нас і больш "прасунутыя" бубкі, у складзе якіх макавай саломы амаль няма. У любым выпадку нашы "наркатычныя картэлі" закупляюць тавар праз маскоўскія (радзей піцерскія) склады. Такім чынам, праз адкрытую мяжу "бубкі" прывозяцца на склады беларускія.



Статыстыка
Колькі ў Беларусі ін'екцыйных наркаспажыўцоў? Амаль усе наркаманы, якія колюцца ў вену — "бубачнікі". Спецыялісты-нарколагі звычайна прыводзяць лічбы з асцярожнасцю. Непадрыхтаваных людзей статыстыка можа напалохаць. Але будзем абапірацца на факты. У 2008 годзе Цэнтр маніторынгу па наркотыках Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта на падставе статыстычнага метаду "паўторнага захопу" прывёў свае лічбы па рэальных ін'екцыйных наркаспажыўцах — прыкладна 76300 чалавек. Гэта складала 1,3% ад насельніцтва рэспублікі ва ўзросце ад 15 да 54 гадоў. Лічбы былі афіцыйна апублікаваны з пазнакай "на канец 2007 года". Больш падобныя падлікі не публікаваліся. Але падкрэслім, што на афіцыйным уліку па краіне тады стаяла ўсяго каля 10500 наркаспажыўцоў — як ін'екцыйных, так і іншых. З тае пары мінула ўжо амаль чатыры гады, цягам якіх "бубкі" працягвалі актыўна прадавацца. Колькасць спажыўцоў няўхільна расце, пра што нарколагі актыўна сігналізуюць. Якой можа быць лічба па ін'екцыйных наркаспажыўцах сёння? Калі абапірацца на досвед Цэнтра маніторынгу па наркотыках, іх колькасць можа складаць каля 100 тысяч чалавек (на афіцыйным уліку сёння стаіць каля 13500 наркаспажыўцоў). Эксперты з аўтарытэтных грамадскіх арганізацый (напрыклад, "Маці супраць наркотыкаў") летась называлі сваю ацэначную лічбу па ін'екцыйных наркаспажыўцах — 120 тысяч чалавек. І гэта ашаламляльная лічба, яшчэ раз нагадаю, пасля апублікавання так і не была аспрэчана. Відавочна, што цягам года колькасць ін'екцыйных наркаманаў вырасла яшчэ больш!

 



Хто займаецца пастаўкамі бубак?
За “варку” насення маку крымінальная адказнасць пагражае толькі звычайным наркаспажыўцам. Буйныя дылеры адчуваюць сябе ўпэўнена. Забруджанае насенне маку пастаўляюць дылеры розных узроўняў. Пачынаючы ад звычайных барыг найніжэйшага звяна. Сёлета на тэрыторыі Расіі бранскія памежнікі затрымалі жанчыну, у якой былі торбы з "бубкамі" (17 кг). Была заведзена крымінальная справа. У Расіі з гэтым нашмат лягчэй. Перапраўляюць мак і надзвычай буйныя дылеры. Пра іх ведаюць у праваахоўных органах. Так, у ліпені гэтага года начальнік упраўлення па наркакантролі ГУУС Мінгарвыканкама Канстанцін Ляшкевіч распавядаў у відэазвароце на сайце свайго ведамства пра канфіскацыі наркатаксі. Згадаў чыноўнік і пра "фуры з макам": "Мы разумеем, што мак прывозіцца на фурах, мы ўсё гэта бачым і разумеем. Але ён не прадаецца непасрэдна з фуры, таму па законе мы не можам яе канфіскаваць". Значыць, нашы праваахоўныя органы могуць з лёгкасцю па ланцужку выйсці на буйных і найбуйнейшых дылераў. Але па законе пакараць "шышак" не атрымліваецца. Адзін з кампетэнтных праваахоўнікаў сказаў мне пра тое, што прынамсі да ўвядзення новага дзяржаўнага стандарту партыі маку захоўваліся на складах буйнога прадпрыемства, якое мае дачыненне да аднаго з міністэрстваў... Таксама некаторыя праваахоўнікі намякаюць, што вялізныя партыі "бубак" захоўваюцца на складах аднаго з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў краіны. Але называць прозвішчы, прадпрыемствы і гандлёвыя цэнтры на старонках газеты мы не можам — дакументы, якія пацвярджалі б прыналежнасць да наркаабароту, ніхто не паказвае, пра гэта толькі апавядаецца ў ананімнай форме. Што б ні гаварылася, адчуваюць сябе макавыя наркадылеры ўпэўнена.



Як адрозніць "бубкі" ад харчовага маку?
Раней у наркатычнай мяшанцы было і спелае, і няспелае насенне, меліся дамешкі макавай саломы. На смак увесь гэты мікст быў гаркаваты. Сёння наркатычнае насенне яшчэ больш "прасунутае" і мала чым адрозніваецца ад харчовага маку. Дамешкі саломы мінімальныя, а колер насення найчасцей блакітны. На смак гарката не адчуваецца. Але з аднаго кілаграму такога опійнага насення, якое нават экспертыза не прызнае наркотыкам, з дапамогай растваральніку і іншых інгрэдыентаў можна лёгка прыгатаваць дозу "ядзернага" наркотыку, які па ўздзеянні замяняе гераін. Па словах наркаспажыўцоў, "зварыцца" яны могуць і з харчовага маку. Толькі замест 250-300 грамаў насення патрэбна каля двух кілаграмаў. На пачатак лістапада гэтага года кілаграм бубак у сталіцы каштуе ў сярэднім 220 тысяч беларускіх рублёў.



У якую тару фасуюць мак падчас буйных паставак?
Рэдакцыя "Звязды" атрымала афіцыйныя паперы з Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі. У дакуменце сказана ў тым ліку і пра "бубачную" кантрабанду. У 2010 годзе на мяжы з Літвой праверылі фуру "ДАФ", якая належала расіянам. Кіраваў машынай беларус. Па дакументах перавозілася "капуста белая, свежая". Замест агародніны знайшлі 400 папяровых мяхоў з насеннем маку. Кожны мех важыў 25 кг. Адсеялі макавую салому, вага якой склала 253 кг. Праз некалькі месяцаў на беларуска-літоўскай мяжы затрымалі фуру "ДАФ", якая належала польскай транспартнай кампаніі. Па дакументах перавозіліся яблыкі. На справе ў прычэпе знайшлі 470 мяхоў маку па 25 кг кожны. Вага макавай саломы склала 660 кг.


-40%
-5%
-10%
-10%
-21%
-10%
-50%
-30%
-20%
-20%
-7%
0073079