Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Паводле аператыўных даных, на 1 жніўня гэтага года пратэрмінаваная запазычанасць плацельшчыкаў абавязковых страхавых узносаў перад Фондам сацабароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны павялічылася да 183,9 мільярда рублёў. Яе памер складае 63,7 працэнта ад месячнай патрэбнасці фонду ў сродках на выплату пенсій. Дарэчы, з улікам жнівеньскага павышэння пенсій на іх выплату ў гэтым месяцы патрэбна амаль 288,7 мільярда рублёў.

Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік кіраўніка Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Іван Кароль, прырост неплацяжоў абавязковых страхавых узносаў за ліпень - 1,1 мільярда рублёў. А ў параўнанні з 1 студзеня 2003 года сума пратэрмінаванай запазычанасці павялічылася на 34,1 мільярда рублёў.

Паводле слоў спецыяліста, сярод рэгіёнаў самая высокая сума доўгу - па-ранейшаму "на рахунку" Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Яна складае адпаведна 36,7 і 36 мільярдаў рублёў. Значна лепшыя справы ў Гомельскай вобласці - аб'ём неплацяжоў тут знізіўся за ліпень на 1,2 мільярда і роўны цяпер 10,8 мільярда рублёў.

У разрэзе галін больш за іншых недаплацілі ў Фонд сацыяльнай абароны прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу рэспублікі. Прычым іх "уклад" пастаянна павялічваецца. Калі месяц таму ён складаў 107,4 мільярда рублёў, то на 1 жніўня - ужо 107,7 мільярда, а ў параўнанні з пачаткам года сума пратэрмінаванай запазычанасці арганізацый Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання па плацяжах у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва павялічылася на 23,3 мільярда рублёў. За мінулы месяц на 400 мільёнаў рублёў павялічыліся даўгі перад фондам і прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці. Дарэчы, у бюджэтнай сферы на такую ж суму зменшыўся за ліпень аб'ём пратэрмінаванай запазычанасці па выплаце абавязковых страхавых узносаў.