Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


26 студзеня ў канцэртнай залі "Мінск" адбылася "Рок-каранацыя'2000", на якой былі падведзеныя вынікі мінулага музычнага году. Фэстываль праводзіцца з 1994 года і ёсьць даволі значнай падзеяй у беларускім музычным сьвеце. Як і чакалася, у гэтым годзе асноўная большасьць узнагарадаў прыпала гурту "N.R.M." Акрамя рок-кароны - галоўнага прызу фэстывалю - гурт перамог яшчэ і ў наступных намінацыях: "Тэксты года", "Лепшы кліп" (на песьню "Чыстая-сьветлая"), "Альбом года" (ім стаў альбом "Тры чарапахі"). Музыка лідара "N.R.M." Лявона Вольскага была прызнаная лепшай у мінулым годзе.

Адкрыцьцём года стаў малады гурт "Безь білета", падзеяй года - супольны праект "Я нарадзіўся тут" (прадзюсэр Алесь Суша), у намінацыі "Традыцыі і сучаснасьць" лепшымі прызналі гурт "Юр'я". Сярод выступоўцаў можна адзначыць "Краму" і "Нейро-Дюбель". Традыцыйныя жа ўдзельнікі фэстывалю, такія, як "Новае неба", "Крыві", "Ulis" і іншыя, зь невядомых нейкіх прычынаў удзелу ў мерапрыемстве не прымалі. Напрыканцы фэстывалю ў залі прагучала і тэма выбараў: уладальнікі рок-кароны, у прыватнасьці Лявон Вольскі і Піт Паўлаў, пажадалі прысутным прагаласаваць у гэтым годзе за незалежнасьць і абраць, нарэшце, "нармальнага" прэзыдэнта.

Як пракамэнтаваў падзею Аляксандар Кулінковіч, лідар гурта "Нейро-Дюбель", "на "Рок-каранацыю з кожным годам усё цяжэй "пранікнуць" маладым і таленавітым гуртам, якіх у нас і так не багата. На імпрэзу прыходзяць выключна фанаты загадзя вядомых прызёраў". Свой удзел у "Каранацыі" Кулінковіч патлумачыў павагай да яе арганізатараў, а ад прызоў прынцыпова адмовіўся. Наагул, музычныя крытыкі прызнаюць вынікі мінулага музычнага года даволі ўдалымі: беларускія гурты сталі больш актыўна выдавацца і заяўляць пра сябе за межамі краіны.

BARC List NEWS