Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Пра тое, як зьмяняюцца апошнім часам меркаваньні выбаршчыкаў наконт уладаў, у інтэрвію Рацыі распавядае дырэктар Цэнтру дакумэнтацыі Незалежнага інстытуту сацыяльна-палітычных і эканамічных дасьледаваньняў Уладзімер Дорахаў.

- Я вітаю госьця нашае студыі. Зараз падрыхтаваны штоквартальны бюлэтэнь Інстытуту, у якім, у прыватнасьці, вывучаюцца сымпатыі беларусаў да прадстаўнікоў палітычнай эліты Беларусі. У зьвязку з гэтым маю зацікаўленьне: апошнім часам сацыёлягі кажуць пра тое, што сымпатыі да ўладаў паменшыліся. Ці сапраўды гэта так?

- Калі казаць каротка, то так. Зыходзячы з дадзеных нашага апытаньня за мінулы год, больш за 41 % насельніцтва не жадае бачыць за свайго прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку. У той жа час супрацьлеглы адказ - што хацелі б мець Лукашэнку за прэзыдэнта - далі толькі трошкі больш за 36% апытаных.

- З чым можна зьвязваць такія змены ў прыхільнасьцях выбаршчыкаў?

- Я мяркую, што зьмены відавочныя. Па-першае, пагаршэньне эканамічнага становішча ў нашай краіне. Канечне, Белкамстат дае дадзеныя, што даходы насельніцтва вырасьлі за апошнія 6 месяцаў на 16%. Але з прычыны пастаяннага падвышэньня коштаў гэты эфэкт не адбіваецца на людзкім жыцьці. Я мяркую, што першай прычынай ёсьць пагаршэньне матэрыяльнага становішча. Акрамя таго, прэзыдэнт не апраўдвае давер тых, хто за яго галасаваў. Ён не выконвае свае абяцаньні, і пра гэта сьведчаць дадзеныя апытаньня нашага Інстытуту. На пытаньне - як, на Ваш погляд, Лукашэнка выконвае свае перадвыбарчыя абяцаньні: запусьціць заводы, арганізаваць мэдычнае абслугоўваньне на эўрапейскім узроўні, - большасьць казалі, што гэтыя абяцаньні нявыкананыя.

- Ці сьведчыць гэта, што людзі будуць галасаваць за апазыцыйных кандыдатаў?

- Не. Справа ў тым, што ў нашым грамадзтве назіраецца глыбокае падзеньне даверу да ўсіх грамадзкіх інстытутаў. Гэта датычыцца й Інстытуту прэзыдэнта, і Нацыянальнага Сходу, і Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Таму нават зьніжэньне рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі не вядзе да таго, каб у апазыцыі рос рэйтынг.

- На ваш погляд, якія патрэбныя захады прадстаўнікоў апазыцыі для падвышэньня рэйтынгу?

- Я Вам раскажу пацешную гісторыю. Пад час апошніх выбараў у Літоўскі Сэйм я ў аднаго зь лідэраў кіроўнай тады яшчэ партыі спытаў: якія памылкі былі дапушчаныя ягонай партыяй. І атрымаў адказ: тое, што мы лічым нашымі вялікімі дасягненьнямі, выбаршчыкі прымаюць за нашыя памылкі. Гэты выпадак дастаткова ўнікальны. Звычайна палітыкі прыслухоўваюцца да грамадзкае думкі. Мой адказ наступны: для таго, каб заваяваць давер насельніцтва, палітычныя партыі павінны кіравацца ня толькі палажэньнямі сваіх праграмаў, ня толькі партыйнай ідэалёгіяй, але яны павінны прыслухоўвацца да грамадзкае думкі. Яны павінны ведаць, ШТО ў дадзены момант чакаюць выбаршчыкі. Пра што яны думаюць, што зьяўляецца для іх галоўнымі праблемамі.

- Што вы можаце сказаць пра рэйтынгі трох апазыцыйных кандыдатаў - Уладзімера Ганчарыка, Міхаіла Чыгіра й Сямёна Домаша?

- Наш Інстытут праводзіць нацыянальныя апытаньні й гэтак званыя апытаньні эліты: калі апытаньне праводзіцца як з прадстаўнікамі дзяржаўных структураў, так і недзяржаўных. Гэта людзі, ад рашэньняў якіх залежыць нашае жыцьцё. На дадзены момант сытуацыя такая, што па нацыянальным - падкрэсьліваю - апытаньні рэйтынг Міхаіла Чыгіра склаў 4,5%. Гэта столькі прагаласавала б за яго на прэзыдэнцкіх выбарах, калі б выбары адбыліся заўтра. Сямен Домаш і Уладзімер Ганчарык у гэтым сьпісе не былі названыя. Цяпер пяройдзем да апытаньня экспэртаў. Тут зусім іншая карціна. Увогуле нармальна, што думка эліты й народу розьняцца, але ў Беларусі гэтая розьніца найбольш яркая. Па дадзеных апытаньня экспэртаў, за Міхаіла Чыгіра прагаласавала б 11,3%, столькі ж прагаласавала б за Сямёна Домаша. Пры гэтым, у Міхаіла Чыгіра больш высокі рэйтынг сярод прадстаўнікоў дзяржаўных структураў - 18,2%, а ў Сямёна Домаша больш прыхільнікаў зь недзяржаўных структураў - 13%.

- Што, на ваш погляд, патрэбна зрабіць апазыцыянэрам, каб перамагчы Лукашэнку падчас выбараў?

- Яўка будзе высокаю. Цяпер тое, што датычыцца вынікаў. Мне здаецца, - і дадзеныя нашых апытаньняў гэта пацьвярджаюць - вылучэньне адзінага кандыдата ад палітычнай апазыцыі ня будзе пасьпяховым. Гэтаму кандыдату будзе вельмі цяжка перамагчы. Мы задавалі пытаньне пад час нацыянальнага апытаньня: за каго Вы прагаласуеце на прэзыдэнцкіх выбарах. Варыянты адказу былі наступныя: за незалежнага кандыдата - 24,6%, за кандыдата ад дэмакратычных апазыцыйных партыяў - 9,8%, за Аляксандра Лукашэнку - 35,9%. Калі сплюсаваць электарат, гатовы прагаласаваць супраць Лукашэнкі, атрымліваецца сытуацыя балянсу, роўная. Але калі палітычная апазыцыя вылучыць свайго кандыдата, - як бачыце: вельмі мала шанцаў перамагчы. Таму для перамогі неабходна шырокая дэмакратычная апазыцыя. Пры гэтым, наша палітычная апазыцыя ў гэтай кааліцыі не павінна быць у першых шэрагах фармальна. Выбаршчык не павінен мець асацыяцыяў з кандыдатам ад шырокай кааліцыі й з кандыдатам ад палітычнае апазыцыйнае партыі.

- Нагадаю: сваё меркаваньне, сфармаванае паводле праведзеных апытаньняў Незалежным інстытутам сацыяльна-палітычных і эканамічных дасьледаваньняў, падаваў нашаму радыё дырэктар Цэнтру дакумэнтацыі гэтага Інстытуту Уладзімер Дорахаў.

Аліна Ісакоўская

Радыё Рацыя
0058045