Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў КНР Уладзімір Русакевіч лічыць, што да канца года ёсць шанц аднавіць страты, нанесеныя беларуска-кітайскаму супрацоўніцтву эпідэміяй атыповай пнеўманіі. "У нас у гэтым годзе старт быў вельмі добры. Адносіны Беларусі і Кітая развіваліся інтэнсіўна, а ў час эпідэміі кантакты практычна на ўсіх узроўнях былі згорнуты. Цяпер беларускі і кітайскі бакі робяць усё магчымае, каб гэтыя сувязі аднавіць", -- падкрэсліў дыпламат у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА.

Паводле слоў пасла, агульную суму эканамічнага ўрону назваць даволі цяжка. Аднак, як сведчыць статыстыка, з пачатку года тэмпы прыросту беларуска-кітайскага тавараабароту знізіліся. З-за хваробы, якая хутка распаўсюдзілася, не ўдалося своечасова адкрыць два гандлёвыя прадстаўніцтвы ў Пекіне -- НВА "Інтэграл" і Беларускага металургічнага завода, паведаміў Уладзімір Русакевіч. Фактычна былі спынены кантакты паміж вучонымі. З-за эпідэміі прадстаўнікі шэрага беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый не змаглі прыняць удзел у выстаўках у КНР. Па гэтай жа прычыне не адбыўся візіт у Кітай дэлегацыі намеснікаў старшынь аблвыканкамаў і кіраўнікоў рэгіянальных аддзяленняў Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, у ходзе якога планавалася абмеркаваць пытанні супрацоўніцтва ў галіне выставачнай дзейнасці.

Даведка БЕЛТА. За студзень-май гэтага года тавараабарот паміж Беларуссю і КНР склаў 113,5 мільёна долараў ЗША /рост 109,7 працэнта ў адносінах да адпаведнага перыяду 2002 года/. Экспарт дасягнуў 87,5 мільёна долараў, імпарт -- 26 мільёнаў. У 2002 годзе аб'ём тавараабароту паміж Беларуссю і Кітаем перавысіў 263 мільёны. Кіраўніцтвам дзвюх краін пастаўлена задача павялічыць узаемны гандаль да паўмільярда долараў ЗША.