Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным павысіць адказнасць кіраўнікоў і ўласнікаў прадпрыемстваў, а таксама прадстаўнікоў органаў улады за банкруцтва суб'ектаў гаспадарання. Пры гэтым такая адказнасць павінна быць заканадаўча замацавана, заявіў кіраўнік дзяржавы 18 ліпеня на нарадзе аб канцэпцыі ўдасканалення заканадаўства аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве). Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе прэзідэнта.

У Беларусі Закон "Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)" дзейнічае з 2001 года. У мэтах яго развіцця прыняты больш за 10 нарматыўных прававых актаў. Разам з тым двухгадовая практыка прымянення заканадаўства выявіла шэраг праблем, якія патрабуюць дадатковага ўрэгулявання.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, прымяненне на практыцы закона прывяло да негатыўных вынікаў, што ў многім абумоўлена нядобрасумленнымі адносінамі да яго распрацоўкі. У прыватнасці, колькасць судовых слуханняў аб банкруцтве апошнім часам рэзка павялічылася. Дзеючы закон дае магчымасць любому крэдытору ініцыіраваць у Вышэйшым Гаспадарчым Судзе справы аб банкруцтве прадпрыемства, незалежна ад яго формы ўласнасці і сумы запазычанасці. Нават калі актывы працуючага прадпрыемства складаюць мільярды, а доўг - адзін мільён, то цяпер крэдыторы могуць ставіць пытанне аб эканамічнай неплацежаздольнасці. Аднак, адзначыў прэзідэнт, за кожнай справай аб банкруцтве стаяць працоўныя калектывы.

Як паказвае практыка, завядзенне справы аб банкруцтве часта абумоўлена зусім не аб'ектыўнымі эканамічнымі прычынамі, а інтарэсамі некаторых асоб знішчыць або закрыць прадпрыемства з мэтай яго далейшага перапродажу.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, вынікі такіх "крымінальных банкруцтваў" негатыўна адбіваюцца як на макра-, так і на мікраэканамічным узроўнях. "Далёка не заўсёды вырашаюцца пытанні інвесціравання, пераразмеркавання ўласнасці, тэмпаў развіцця асобных сектараў эканомікі ў рэгіёнах, комплекс сацыяльных праблем", - адзначыў беларускі лідэр.

Аналіз дзейнасці антыкрызісных кіраўнікоў выявіў шэраг недахопаў у іх рабоце: часта яны не толькі не ратуюць прадпрыемства, але і з'яўляюцца віноўнікам узнікнення новых праблем, а часам, і канчатковай гібелі суб'ектаў гаспадарання.

У мэтах забеспячэння належнай абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў непасрэдна пры ажыццяўленні працэдур банкруцтва Урадам і Вышэйшым Гаспадарчым Судом распрацаваны праект Дэкрэта "Аб некаторых пытаннях эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва) юрыдычных асоб і спецыяльных мерах пры ажыццяўленні працэдур банкруцтва ў адносінах да юрыдычных асоб, якія маюць важнае дзяржаўнае значэнне".

Аб новай канцэпцыі нарматыўна-прававога рэгулявання пытанняў ажыццяўлення працэдур банкруцтва арганізацый розных форм уласнасці кіраўніку дзяржавы далажыў намеснік прэм'ер-міністра - міністр эканомікі Андрэй Кабякоў. Старшыня Вышэйшага Гаспадарчага Суда Віктар Камянкоў, міністр юстыцыі Віктар Галаванаў, міністр прамысловасці Анатоль Харлап, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Абрамовіч праінфармавалі Аляксандра Лукашэнку аб цяперашнім становішчы спраў у сферы банкруцтва, а таксама выступілі з прапановамі па ўдасканаленню рэгулявання пытанняў, звязаных з эканамічнай неплацежаздольнасцю прадпрыемстваў. Міністр працы і сацыяльнай абароны Антаніна Морава праінфармавала аб шматлікіх скаргах на адсутнасць належных мер па сацыяльнай абароне работнікаў дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, якія праходзяць працэдуру банкруцтва.

У ходзе нарады была выказана прапанова аб мэтазгоднасці змянення падыходу да ролі гаспадарчых судоў у працэдуры банкруцтва з тым, каб аздараўленне прадпрыемстваў першапачаткова ажыццяўлялася гаспадарчымі мерамі на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў, а не прававымі.

Падводзячы вынікі праведзенага абмену думкамі, Аляксандр Лукашэнка даручыў на працягу ліпеня-жніўня дапрацаваць дэкрэт з улікам заўваг, якія прагучалі. Гэты дакумент павінен быць, перш за ўсё, арыентаваны на беларускія рэаліі і грунтавацца на вопыце, які ўжо ёсць у рэспубліцы, лічыць кіраўнік дзяржавы, таму што ў адрозненне ад многіх іншых краін беларуская эканоміка з'яўляецца сацыяльна арыентаванай.

У мэтах абароны інтарэсаў дзяржавы і працоўных калектываў прэзідэнт запатрабаваў значна ўзмацніць працэдуру ўзбуджэння справы аб банкруцтве, прычым як для дзяржаўных, так і для прыватных прадпрыемстваў. Працэдура банкруцтва, паводле слоў беларускага лідэра, павінна прымяняцца толькі ў выключных выпадках і з'яўляцца апошнім крокам у серыі мер па выратаванню прадпрыемства. Пры ініцыіраванні спраў гэтай катэгорыі важна ўлічваць усе палітыка-эканамічныя і сацыяльна-псіхалагічныя аспекты, падкрэсліў ён. Ад правільнага вырашэння праблем у гэтай галіне залежыць эфектыўнасць эканомікі ў цэлым.

На думку прэзідэнта, інтэнсіўная работа па папярэджванню банкруцтва павінна праводзіцца на ўсіх узроўнях - ад кіраўнікоў і ўласнікаў прадпрыемстваў да прадстаўнікоў органаў улады, уключаючы ўрад. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў заканадаўча замацаваць нормы аб іх субсідыярнай адказнасці за лёс прадпрыемстваў.

Адчуе змены інстытут антыкрызіснага кіраўніка. Гэта павінен быць дасведчаны спецыяліст, які будзе, з аднаго боку, надзелены вялікімі паўнамоцтвамі для аздараўлення прадпрыемстваў, з другога боку, несці адказнасць за сваю дзейнасць. Кіраўнік павінен дзейнічаць у інтарэсах дзяржавы і працоўнага калектыву, а таму патрабаванні да яго кандыдатуры будуць вельмі высокія.

Плануецца, што праект дэкрэта будзе прыняты ў жніўні. Гэты дакумент, як адзначыў прэзідэнт, павінен у комплексе рэгламентаваць усе аспекты працэдуры банкруцтва.
,