Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Пракуратура Рэспублікі Беларусь у ходзе расследавання крымінальнай справы ў адносінах да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Скрабца звярнулася па дапамогу да расійскіх калег. Аб гэтым на праведзенай сёння прэс-канферэнцыі паведаміў начальнік упраўлення Пракуратуры па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Віктар Марозаў.

Як паведамлялася сёння па каналах БЕЛТА, крымінальная справа ў адносінах да дэпутата ўзбуджана па падазрэнню ў саўдзеле ў выманьванні банкаўскіх крэдытаў. Гэта паняцце, якое змяшчаецца ў Крымінальным кодэксе, азначае атрыманне крэдыту з мэтай яго выкарыстання ў мэтах, не прадугледжаных крэдытным дагаворам, растлумачыў Віктар Марозаў.

У ходзе расследавання ўстаноўлена, паведаміў прадстаўнік рэспубліканскай пракуратуры, што кіраўнік ЗАТ "Бел-Бабаеўскае" Вадзім Іёсуб пры садзейнічанні Сяргея Скрабца 19 красавіка 2001 года заключыў крэдытны дагавор з адным з філіялаў "Беларусбанка" на суму 340 тысяч долараў ЗША. Крэдыт быў атрыманы для закупкі металапрадукцыі ў ТАА "РэгіёнСпецмет" з мэтай яе перапродажу ТАА "Мікелон", зарэгістраванаму ў Цэнтры міжнароднага бізнесу "Інгушэція". 19 і 20 красавіка 2001 года з "Беларусбанка" на бягучы валютны рахунак ТАА "РэгіёнСпецмет" у "Абсалют банку" (Масква) былі пералічаны адпаведна 74 тысячы і 266 тысяч долараў ЗША. Акрамя таго, Сяргей Скрабец арганізаваў выманьванне крэдыту праз свайго памочніка па дэпутацкай дзейнасці і дырэктара ТДА "Белтрэйдэкспа" Рамана Рыўкіна. У чэрвені 2001 года з тым жа філіялам "Беларусбанка" быў заключаны дагавор на суму 178220 долараў ЗША для набыцця камплектуючых для аўтобусаў. Гэта сума была пералічана на транзітны валютны рахунак ТАА "ТК Тэхімпарт" усё ў той жа маскоўскі "Абсалют банк".

На сённяшні дзень Вадзім Іёсуб і Раман Рыўкін асуджаны за гэта злачынства і знаходзяцца ў месцах зняволення. У ходзе следства яны далі паказанні аб непасрэдным дачыненні Сяргея Скрабца да арганізацыі гэтых здзелак, паведаміў Віктар Марозаў. З матэрыялаў следства відаць, што былы генеральны дырэктар ЗАТ "Бел-Бабаеўскае" Сяргей Скрабец арганізаваў выманьванне крэдытаў на суму 528220 долараў ЗША у ААБ "Беларусбанк". На сённяшні дзень гэтыя сродкі не вернуты. У дакументах, якія знаходзяцца ў распараджэнні следства і адносяцца да аперацый, звязаных з выманьваннем крэдыту, ёсць спасылкі на неіснуючыя камерцыйныя арганізацыі, падстаўныя фізічныя і юрыдычныя асобы, мае месца рэгістрацыя фірм на неіснуючыя адрасы.

Сяргей Скрабец выкарыстоўвае сваё становішча дэпутата і ігнаруе нормы дзеючага заканадаўства. Ён не з'яўляецца па выкліках органа, які вядзе крымінальны працэс, спасылаючыся на сваю "актыўную заканатворчую дзейнасць". Праўда, у сваім пісьме ў пракуратуру ён паабяцаў, што з'явіцца, як толькі дадуць магчымасць "дзяржаўныя справы". Пракуратура, заявіў Віктар Марозаў, нягледзячы на процідзеянне з боку падазронага, прыме ўсе прадугледжаныя законам меры па ўстанаўленню ісціны і вяртанню крэдытных сродкаў.

Сёння пракуратурай таксама высвятляецца магчымасць дачынення Сяргея Скрабца і да невяртання крэдытаў. У выпадку, калі віна былога генеральнага дырэктара ЗАТ "Бел-Бабаеўскае" ў ходзе следства будзе даказана, яму пагражае пакаранне да пяці гадоў пазбаўлення волі.
,