Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Ад палітыкаў, кіраўнікоў дзяржаў атрымаў пажаданне на дарогу ХІІ Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". А ўрачыстае закрыццё форуму стала нібы першым падвядзеннем яго вынікаў. Артысты вывелі нават формулу "віцебскай зоркі ўдачы", якая затым асвятляе шчасліўчыкам творчы шлях. На гэты раз зорка будзе свяціць прадстаўніку Беларусі Максіму Сапацькову з Гомеля, які ўпершыню ў фестывальнай гісторыі заваяваў Гран-пры. Яшчэ адзін беларускі выканаўца стаў уладальнікам спецыяльнай прэміі імя Уладзіміра Мулявіна за лепшае ўвасабленне нацыяльнай тэмы і высокае выканальніцкае майстэрства. Прэмія, заснаваная Міністэрствам культуры Беларусі і Віцебскім аблвыканкамам, стане штогадовай, а першую яе ўручыў губернатар вобласці Уладзімір Андрэйчанка на цырымоніі закрыцця форуму Уладзіміру Аўчарову.

Поспех першага Міжнароднага музычнага дзіцячага конкурсу пацвердзіў сваімі спевамі ўладальнік Гран-пры Ноні з Румыніі, які прыняў удзел у канцэрце. Дзіцячы конкурс абяцае стаць такім жа папулярным, як і маладзёжны. Шэраг новых калектываў быў адзначаны дыпломамі "За творчае ўвасабленне ідэй дружбы народаў Беларусі і Расіі", заснаванымі Саюзнай дзяржавай. Намеснік старшыні Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы Іван Мацкевіч уручыў іх Прэзідэнцкаму аркестру Рэспублікі Беларусь, віцебскаму харэаграфічнаму ансамблю "Зорка" пад кіраўніцтвам Наталлі Чарнюк, групе "Мужыкі" Дзяржаўнага маскоўскага тэатра "Руская песня" і квартэту "Саюz".

"Добразычлівы і вельмі перспектыўны", - так расцаніў форум расійскі кампазітар Андрэй Пятроў. А значыць, сімвалічны гадзіннік, які стаў асноўнай дэталлю сцэнічнага афармлення галоўнай песеннай пляцоўкі фестывалю-2003, паказваў правільны час. Фестываль дасягнуў сваёй мэты, якая выказана ў яго дэвізе "Праз мастацтва - да міру і разумення".