Вікторыя ПРАКАПОВІЧ,

Бясконцыя фінансавыя катаклізмы прымусілі многіх студэнтаў ВНУ і іх бацькоў задумацца над мэтазгоднасцю і коштам атрымання доўгачаканай вышэйшай адукацыі.

Пакой у кватэры - як дзве стыпендыі

Новапалачанка Святлана Бурак — без году выпускніца з дыпломам педагога пачатковых класаў, з дадатковай спецыялізацыяй "англійская мова". Уласна, менавіта гэтая спецыялізацыя, пераканана дзяўчына, і дасць ёй зарабіць на хлеб з маслам. "Я ўжо дамовілася: мяне бяруць па размеркаванні ў школу, а дадаткова буду падрабляць у двух дзіцячых садках, весці гурткі па-англійску. Адзін садок — у двары майго дома, другі — у дзесяці хвілінах хады ад універсітэта, там жа і школа знаходзіцца. Так што ўсё паспею. А вучуся я добра, ды і хто там на апошнім курсе будзе чапляцца", — аптымістычна разважае Святлана.

Мінулым летам яна, дарэчы, таксама не сядзела без справы: прыехала ў Мінск да сястры, даглядаць яе дзетак-блізнят. На з'едлівыя заўвагі — маўляў, няблага сястра ўладкавалася, бясплатную няньку знайшла — Святлана адмахвалася абедзвюма рукамі: "Што вы, гэта мне пашанцавала! Я хацела было зняць у Мінску пакойчык на лета, дык прасілі як мінімум 40 долараў, а ў беларускіх — 360 тысяч, між тым як стыпендыя ў мяне менш за 150... Тут жа, лічы, бясплатнае жыллё і харчаванне, са сваякамі пабачылася, у вольны час яшчэ шмат дзе пагуляць паспела — чым не водпуск?". Летнюю ж стыпендыю Святлана патраціла на абнаўленне гардэробу на восень і дапаможную літаратуру па спецыяльнасці.

Дзяўчыне і сапраўды пашанцавала: з наступленнем новага навучальнага года цэны на пакоі і кватэры ў сталіцы зноў папаўзлі ўверх. Цяпер за пакой, як расказваюць у прафкамах медуніверсітэта і педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, гаспадары просяць 100-120 долараў (прычым імкнуцца засяліць як мінімум двух чалавек, г.зн. па 50-60 долараў з кожнага). Агенцтвы нерухомасці прапаноўваюць аднапакаёвыя кватэры за 200-250 долараў ЗША, і гэта без уліку платы за пасрэдніцкія паслугі.

Двух- і трохпакаёвыя кватэры студэнтам здаюць усё радзей, хоць аб'явы — "3 (4) студэнты здымуць кватэру ў Вашым доме" — штодня можна ўбачыць у раёне новабудоўляў.

Афіцыйна

У сталіцы, паводле звестак Міністэрства адукацыі РБ, месцы ў інтэрнатах атрымліваюць каля 60 працэнтаў іншагародніх студэнтаў, прычым прыкладна чвэрць месцаў аддаецца першакурснікам. Самая нізкая забяспечанасць месцамі — у БДПУ імя М. Танка: 44% ад усёй колькасці студэнтаў, якія маюць патрэбу ў жыллі.

Аднаўленне - справа дарагая 

У мінчанкі Каці Марозавай сітуацыя прама процілеглая: атрымаць вышэйшую адукацыю па сваёй прафесіі яна можа толькі ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання. Там дзяўчына і вучылася (завочна) да таго часу, пакуль не вымушана была ўзяць мінулым летам акадэмічны водпуск у сувязі з нараджэннем дзіцяці. Цяпер немаўля крыху падрасло, і самы час быў бы завяршыць адукацыю. Але Кацю бярэ моцны сумнеў. "Нават калі без эмоцый (як я ўсё паспею? на каго кіну малога?), то вось вам чыстая матэматыка, — разважае экс-студэнтка. — Тэрміны бясплатнага аднаўлення ў ВНУ я правароніла, цяпер можна будзе вярнуцца толькі на платнае завочнае. Гэта, па сёлетніх расцэнках, як мінімум 1,8 мільёна рублёў за год, без платнай адпрацоўкі лабараторных і здачы некалькіх новых дысцыплін, якія з'явіліся на нашай спецыяльнасці ў мінулым годзе".

Нават год назад, як прыгадвае Каця, кожная паездка на сесію абыходзілася ёй сама меней у 1 мільён рублёў: праезд, жыллё (пакой у Магілёве каштаваў тады 8-10 тысяч беларускіх рублёў у суткі, сесія ж доўжылася 2-3 тыдні), харчаванне, ксеракопіі заданняў, дапрацоўка або пакупка гатовых курсавых праектаў (праект з двума чарцяжамі каштаваў ад 40 долараў), зноў жа, "падарункі" выкладчыкам. "Карацей, падлічылі мы з мужам фінансы і зразумелі: калі мая вышэйшыя адукацыя і стане завершанай, то дакладна не ў гэтым годзе".

Афіцыйна

Паводле Працоўнага кодэкса РБ, працадаўцы абавязаны адпускаць студэнтаў-завочнікаў у водпуск, які аплачваецца, калі студэнт вучыцца па накіраванні (заяўцы) наймальніка або з ім заключана дамова на падрыхтоўку спецыяліста.

Калі ж чалавек вырашыў атрымліваць вышэйшую адукацыю самастойна, то водпуск яму могуць даць (а могуць і не даць), але без захавання аплаты (а то і з наступнай адпрацоўкай некалькі месяцаў без выхадных ці іншымі малапрыемнымі акалічнасцямі).

Каментар спецыяліста

Барыс Жаліба, прафесар, доктар эканамічных навук:

— Праблемы ў сістэме вышэйшай адукацыі, безумоўна, ёсць, у тым ліку некалькі вельмі сур'ёзных. І фінансавы складнік тут далёка не на апошнім месцы. Бацькам студэнтаў дзённай формы навучання папросту няма чым плаціць за адукацыю (у сярэднім гэта 6-7 мільёнаў беларускіх рублёў у год), тым больш што з улікам дэвальвацыі рубля сярэдняя зарплата паменшылая больш чым удвая. Магчыма, дзяржаўныя ВНУ паспрабуюць выправіць сітуацыю, павялічыўшы платны набор замежных студэнтаў, але гэта не кампенсуе тое агульнае змяншэнне колькасці студэнтаў, якое мы назіраем сёлета і можам прагназаваць у наступным годзе. Увогуле, ужо сёння колькасць студэнтаў-платнікаў нават у дзяржаўных універсітэтах перавышае колькасць бюджэтнікаў, так што вышэйшая адукацыя ў Беларусі робіцца ўсё больш платнай. І больш недаступнай.
 



Дарагая  мая "вышка"
 

Другакурсніца БДУ Насця Махнавец — мінчанка, бюджэтніца ды яшчэ і выдатніца. "У мяне сярэдні бал 9,0, таму стыпендыю атрымліваю самую высокую — 307 тысяч рублёў. Яшчэ бываюць налічэнні за тое, што выступаю на спартыўных спаборніцтвах за факультэт або ўдзельнічаю ў розных алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях, — расказвае дзяўчына і ўздыхае. — Калі атрымліваеш тую стыпендыю, думаеш: "О, мне далі столькі грошай!". А заходзіш у краму і разумееш, што ні на што сур'ёзнае табе не хопіць. І мне яшчэ грэх скардзіцца: нядаўна сустракаліся з сябрам-ліцэістам, які паступіў у медуніверсітэт, дык хацелася заплаціць за яго ў кафэ — у іх максімальная стыпендыя ўсяго 250 тысяч".

Студэнцкі "заробак", якога чакаеш цэлы месяц, паводле слоў Насці, разыходзіцца за тыдзень: "Праязны на тры віды транспарту — мінус 50 тысяч (дзе ты быў раней, Мінсктранс?). Яшчэ каля 50 тысяч — пакупка канцтавараў і бясконцыя ксеракопіі ды раздрукоўкі. Столькі ж у месяц патрэбна на хоць нейкія перакусы — вось, лічыце, паловы стыпендыі і няма. А хочацца ж і апрануцца на восень (добра, калі на чаравікі хопіць), і ў кіно або тэатр схадзіць, і ўвогуле жыць так, каб за тыдзень да стыпендыі не даводзілася ў бацькоў грошы пазычаць... Раней я пакрысе набывала валюту, каб на канікулы куды-небудзь паехаць, марыла набыць ноутбук, але цяпер усе гэтыя мары наўрад ці спраўдзяцца, хіба што на дзень нараджэння падораць грошай". Дзяўчына спрабавала шукаць падпрацоўку, але пераканалася ў тым, што трэба выбіраць паміж выдатнай вучобай, перспектывай на кафедры, павышанай стыпендыяй і праблемамі з-за працы падчас сесіі з некаторымі выкладчыкамі. Падумала яшчэ раз і абрала першы варыянт.

Афіцыйна

З 1 верасня 2011 года памер стыпендый у Беларусі будзе прывязаны да тарыфнай стаўкі першага разраду (цяпер гэта 118 тысяч рублёў) і будзе змяняцца ў адпаведнасці з яе павелічэннем. Мінімальная навучальная стыпендыя складзе 148 680 рублёў, з улікам паспяховасці студэнта яна будзе павышацца ў 1,1—1,6 разу. У вядучых ВНУ памер мінімальнай стыпендыі яшчэ большы: у БДУ, напрыклад, — 193 284 рубля, у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ, БДЭУ, БДСГА, БНТУ, БДПУ, БДАМ, БДУКМ — 170 982 рубля.

Зараз заплачу, а потым укачу 

У Юрася Сівалапа, ураджэнца Маладзечанскага раёна, свая праўда. Пасля двух гадоў платнай вучобы ў адной з вядучых эканамічных ВНУ краіны хлопцу не тое, каб грошай шкада, а проста лішніх няма. "Цяпер год навучання на маёй спецыяльнасці каштуе больш як 7 мільёнаў рублёў, бацькам і без таго цяжка выдаткоўваць мне гэтыя грошы, а тут яшчэ з цэнамі на кватэры нейкая лухта пачалася, — абураецца Юрась. — Гаспадыня, у якой мы з сябрам наймалі ў папярэднія два гады кватэру, з вясны падняла цану на 50 долараў! Атрымліваецца, што ўсіх грошай, якія я зарабляў на падпрацоўцы, не хопіць нават на жыллё, не кажучы ўжо пра харчаванне. Ну і навошта мне тады той Мінск?"

Сказана — зроблена, і цяпер Юра штодня ездзіць на вучобу з дому на электрычцы, па 2 гадзіны туды і назад. Кідаць вучобу, як вырашылі на сямейным савеце, хлопцу не трэба: рана ці позна крызіс скончыцца, а вышэйшая адукацыя застанецца. Да таго ж у Юры за плячыма не будзе "багажу" у выглядзе размеркавання і абавязковай адпрацоўкі, таму ён разлічвае адразу пасля выпуску з'ехаць на працу за мяжу — "пакуль не загрэблі аддаваць доўг радзіме, абавязаным якой я сябе не лічу".

Афіцыйна

У галоўнай ВНУ краіны — Белдзяржуніверсітэце — у 2011/2012 навучальным годзе кошт платнай падрыхтоўкі спецыяліста з вышэйшай адукацыяй вагаецца ад 4,7 да 7,5 млн рублёў, у залежнасці ад факультэта і спецыяльнасці. Пры гэтым першакурснікі плацяць больш, выпускныя курсы — менш. Грошы за навучанне, праўда, можна ўносіць цягам года некалькімі часткамі.

Вось такія атрымліваюцца сённяшнія студэнцкія рэаліі.

У тэму

Сістэму айчыннай адукацыі ліхаманіць ужо не першы год: то 5-бальную шкалу ацэнкі ведаў замяняюць 10-бальнай, то ўводзяць тэсты замест экзаменаў, то падаўжаюць тэрмін навучання, то скарачаюць... Нязменнай пакуль што застаецца толькі прага маладых людзей да вышэйшай адукацыі: як сведчыць статыстыка, за апошнія 5 год колькасць студэнтаў у Беларусі павялічылася на 46 тысяч чалавек і склала 470 студэнтаў на 10 000 насельніцтва, што "адпавядае паказчыкам еўрапейскіх краін". Зрэшты, усё гэта было да сёлетняга росквіту дэвальвацыі.
 








-21%
-43%
-30%
-10%
-10%
-50%
-10%
-21%
-10%
-9%
-15%
0069984