![]() |
Фота: belsat.eu |
Дзяржаўнае прадпрыемства ААТ “Менскрамбуд” выстаўляе двухпавярховы дом адпачынку на продаж за 14 млрд руб. Прычына – няма сродкаў, каб падтрымліваць будынак у належным стане. Адказны за правядзенне аўкцыёну мяркуе, што “будынак не мае гістарычнай каштоўнасці, таму яго свабодна выставілі на продаж”.
З ім не пагаджаецца сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч: “Відавочна, што гэта культурная спадчына – у гэтую сядзібу прыязджалі найлепшыя беларускія пісьменнікі: Янка Маўр, Максім Танк, Міхась Лынькоў. Разам з сем’ямі яны адпачывалі тут, працавалі над сваімі творамі”.
Якуб Колас звычайна размяшчаўся ў пакойчыку на першым паверсе. І працаваў тут над паэмаю “На шляху волi”, трылогіяй “На ростанях”. “Чаго чакаць ад уладаў, якім няма ніякай справы да культуры і наагул да свайго народу? Цяпер будуць усё распрадаваць, бо няма грошай: вунь які курс долара. Распрадаюць нашую спадчыну і набіваюць свае кішэні”.
Дарэчы, у Доме пісьменнікаў імя Якуба Коласа да таго, як з’явіўся Дом творчасці ў Іслачы, збіраліся беларускія літаратары. Пра гэта паведаміў старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. “Але месца там усім не хапала, таму было загадана пабудаваць новы дом адпачынку”. Дарэчы, будынак у Іслачы таксама больш не належыць пісьменнікам. Тры гады таму яго прадалі за 3,5 млрд руб.