Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Амаль 33 мільярды рублёў прыбытку атрымана ў 2002 годзе на прадпрыемствах Беларусі дзякуючы тэхнічнай творчасці 18 тысяч наватараў. Укаранёна 15 тысяч рацыяналізатарскіх прапаноў. Найбольш важкі эфект атрыманы ў арганізацыях канцэрна "Белнафтахім" -- 8,9 мільярда рублёў, Міністэрства прамысловасці -- 7,5 мільярда рублёў, Мінбудархітэктуры -- 5,2 мільярда рублёў. Тэхнічныя ўдасканаленні толькі на прадпрыемствах Віцебскай вобласці далі магчымасць зэканоміць 332 тоны чорных металаў, 1682 кілаграмы каляровых металаў, 37835 тон умоўнага паліва, 826385 кілават-гадзін электраэнергіі. Такія лічбы прывёў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА напярэдадні прафесійнага свята, якое адзначаецца 28 чэрвеня, старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў /БТВР/ Антон Скварчэўскі.

Усяго ж, паводле яго звестак, патэнтным ведамствам краіны ў мінулым годзе выдадзена 615 патэнтаў на вынаходствы, 277 патэнтаў на карысныя мадэлі. У вытворчасці выкарыстаны 475 аб'ектаў прамысловай уласнасці, з якіх 293 вынаходствы, 87 прамысловых узораў, 85 карысных мадэлей. Дарэчы, 142 аб'екты прамысловай уласнасці запатэнтаваны за мяжой.

Беларускае таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў аб'ядноўвае ў 700 арганізацыях больш за 80 тысяч чалавек. Саветы ў сталіцы і ў рэгіёнах пастаянна аказваюць практычную дапамогу наватарам, прадпрыемствам, арганізацыям, ажыццяўляюць арганізацыйнае кіраўніцтва і нарматыўна-метадычнае забеспячэнне рацыяналізатарскай дзейнасці ў рэспубліцы. Так, сіламі рэспубліканскага і рэгіянальных саветаў праведзена больш за 100 семінараў, навукова-практычных канферэнцый і школ, арганізаваны два пастаянна дзеючыя семінары. Вынаходнікі і рацыяналізатары атрымліваюць неабходныя растлумачэнні на 21 кансультацыйным пункце БТВР.

У той жа час энергія і веды гэтай вялікай арміі творча актыўных людзей, на думку Антона Скварчэўскага, не выкарыстоўваюцца, на жаль, на поўную сілу. Прадпрыемствы і арганізацыі толькі 17 міністэрстваў і ведамстваў займаюцца ўкараненнем вынаходстваў, іх стварэннем -- 8 міністэрстваў, патэнтуюць вынаходствы за мяжой -- толькі 5.

Кіраўнікі многіх прадпрыемстваў не ўдзяляюць належнай увагі развіццю тэхнічнай творчасці. Стрымліваючым фактарам з'яўляецца і адсутнасць на месцах службаў, высокакваліфікаваных спецыялістаў па пытаннях патэнтна-ліцэнзійнай, вынаходніцкай і рацыяналізатарскай дзейнасці. Не распрацавана сістэма стымулявання арганізацый, якія выкарыстоўваюць вынаходствы. У выніку творчыя работнікі спрабуюць у адзіночку пераадольваць цяжкасці, а іх рацпрапановы, часам, так і застаюцца на паперы. Праблемы зведвае цяпер і Беларускае таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў. Без аднаўлення фінансавання старэйшае грамадскае

аб'яднанне краіны не зможа працягваць работу, сказаў Антон Скварчэўскі.