Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Пасля дажджоў у лясах Брэстчыны з'явіліся грыбы, у многіх месцах паспелі чарніцы. У разгары нарыхтоўка лекавай сыравіны. Аднак санітарныя ўрачы папярэджваюць, што па-ранейшаму далёка не ўся гэта прадукцыя бяспечная для здароўя людзей. Паводле слоў загадчыка аддзела радыяцыйнай гігіены абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Мікалая Ляхава, у мінулым годзе 12 працэнтаў даследаваных санітарнымі службамі вобласці грыбоў і 20 працэнтаў лясных ягад былі непрыгоднымі для ўжывання з-за перавышэння ў іх дапушчальнай колькасці цэзію. З упэўненасцю можна сказаць, што практычна бяспечныя дары лесу, сабраныя на тэрыторыі Пружанскага, Брэсцкага, Жабінкаўскага, Камянецкага і Маларыцкага раёнаў. У той жа час у Лунінецкім, Пінскім, Столінскім, у значнай ступені Івацэвіцкім, Целяханскім і Кобрынскім лясгасах грыбы і ягады ў многіх месцах на працягу ўсіх апошніх гадоў тояць у сабе небяспеку. Так, у мінулым годзе ў Лунінецкім раёне з вялікай колькасцю радыенуклідаў аказаліся больш за 33 працэнты проб грыбоў і 38 працэнтаў ягад, у Столінскім -- больш за 28 працэнтаў грыбоў і 62 працэнты ягад. Таму, папярэджваюць санітарныя ўрачы, перш, чым адправіцца ў лес, трэба ўдакладніць радыяцыйную абстаноўку ў раёне, а потым абавязкова праверыць грыбы і ягады ў спецыяльных лабараторыях. Дарэчы, такія даследаванні можна зрабіць бясплатна ў радыелагічных падраздзяленнях рэгіянальных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, у лясгасах і шэрагу мясцовых цэнтраў радыяцыйнага кантролю, адкрытых у населеных пунктах на забруджанай тэрыторыі.
0058648