/

На той кактэйль-вечарынцы ў гонар былых валадароў дзяржавы, куды я трапіў пасля таго, як мяне ўсмактала ў часавую варонку праз страту ключоў ад машыны часу, да мяне падвялі чалавека.

"Вось, кажуць, княжа, пазнаёмся – савецкі валадар Пётр Машэраў. У цябе з ім шмат чаго агульнага: ён таксама ў свой час добра-такі па Нямізе прайшоўся. Усю гістарычную забудову зруйнаваў".

– Рады пазнаёміцца, – кажу.

– Мне дагэтуль за Нямігу сорамна, таварыш князь, – раптам прызнаўся Машэраў і апусціў вочы.

– От, вялікая бяда! Няма чаго саромецца, шаноўны Машэра! Ты ўсяго толькі старую вуліцу разбурыў, а я на Нямізе жывых Яраславічаў на рэпу пасек – і нічога: як бачыш, нармальна маюся.

– Во і я маюся, бо не толькі за гэта сорамна… – працягваў бедаваць Машэраў, – я яшчэ ўсе школы на роднай мове ў гарадах пазачыняў…

– А я ніводнай і не адчыніў, – працягваю супакойваць яго я. – У мяне ў Полацку чытаць умелі ўсяго пяць чалавек: заяц, які ўвогуле не чалавек, пара старцаў і малапісьменных інакаў (скарочана – СМІ), паэт Баян і ўнучка Прадслаўка. Якая, дарэчы, і была Баянавай фан-групай. І нават гэтыя пяцёра ўсё больш да грэцкай, лаціны і царкоўнаславянскай хіліліся. А пра родную мову нават гаворкі не было. Заяц жа ўвогуле на іўрыт налягаў. Таму, шаноўны Машэра, не бяры ты да галавы. Усё ў гэтым свеце адносна.

Але Машэраў зусім расклеіўся: "Нашто гэта я, кажа, напрамілы Бог, Палессе гэтак нялітасціва асушыў?"

– Гэта ты сапраўды дарэмна, – пагадзіўся я. – Цяпер Яраславічы, нашы кіеўскія партнёры, змогуць да нас паходамі посуху хадзіць…

– Але і мы да іх можам таксама хутка і лёгка трапіць, – раптам працяла думка Машэрава.

– Ну вось, шаноўны Машэра, ты паціху пачынаеш разумець дыялектычны падыход. Усё ж адноснае і мае свае плюсы і мінусы.



Потым ён мне расказаў пра найноўшы заморскі караняплод, які зрабіўся сімвалам яго дзяржавы, а я сваім канструктыўным вопытам падзяліўся, як у Полацку трэба падземныя хады капаць, калі ён з будынка райкама да ўрадавай дачы хоча цішком трапіць. Міла пагаманілі, аж пакуль часавая варонка не выплюнула мяне назад у Полацак, які якраз полаўцы захапілі.

– Зараз мы цябе над вогнішчам падсмажым, княжа, – звязаўшы мяне, кажуць полаўцы. – Але табе толькі на дабро пойдзе – вакол жа зіма і маразы, а ты ў тонкіх ботах і лёгкім вечаровым гарнітуры… Усё, княжа, мае свае плюсы і мінусы.
-25%
-17%
-15%
-20%
-15%
-10%
-50%
0070970