Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Забяспечыць роўныя магчымасці для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ўсім абітурыентам - такая мэта Дзяржаўнай камісіі па кантролю за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю, Міністэрства адукацыі, грамадскіх арганізацый і выкладчыкі-практыкі. Як адзначыў 18 чэрвеня на сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук, усе члены дзяржкамісіі маюць права назіраць за падрыхтоўкай уступных экзаменаў, экзаменацыйных матэрыялаў, іх шыфроўкай, кантраляваць выстаўленне адзнак, прымаць удзел у правядзенні пісьмовага або вуснага экзаменаў.

Паводле слоў Аляксандра Жука, правілы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы распаўсюджваюцца на ўсе формы ўласнасці ўстаноў. Цэнтралізаваны пісьмовы экзамен па рускай або беларускай мове будуць здаваць абітурыенты як дзяржаўных, так і прыватных ВНУ. Дарэчы, усе вышэйшыя навучальныя ўстановы падзелены на дзве групы. У першую ўвайшлі Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Беларусі, БДУ, Беларускі дзяржаўны тэхнічны універсітэт, Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радёэлектронікі, а таксама вышэйшыя навучальныя ўстановы міністэрстваў па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў, культуры, аховы здароўя. У другую групу, акрамя дзяржаўных, якія засталіся, уключаны ўсе прыватныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. У першым патоку ўступныя іспыты пройдуць з 6 па 20 ліпеня, у другім - з 25 ліпеня па 8 жніўня. Пакет неабходных дакументаў прымаецца толькі ў арыгінале.

Акрамя таго, адзначыў Аляксандр Жук, веды юнакоў і дзяўчат у гэтым годзе будуць ацэньвацца па дзесяцібальнай сістэме. Прычым балы 0, 1 і 2 лічацца нездавальняючымі і не даюць права прадаўжаць уступную барацьбу.
0058648