Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У Белдзяржуніверсітэце 16 чэрвеня адкрыліся першыя курсы павышэння кваліфікацыі "Сучасныя сродкі забеспячэння бяспекі інфармацыі ў інфармацыйных сістэмах дзяржаўных органаў". Сярод слухачоў - прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага банка, міністэрстваў па падатках і зборах, сувязі, адукацыі, аховы здароўя, Камітэта па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў, Дзяржаўнага мытнага камітэта, Мінгарвыканкама і Нацыянальнага выставачнага цэнтра "Белэкспа". Арганізавалі курсы БДУ і Дзяржаўны цэнтр бяспекі інфармацыі пры прэзідэнце Беларусі.

Як расказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА дэкан факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Белдзяржуніверсітэта Павел Мандрык, цяпер неабходна стварыць сістэмны падыход да арганізацыі і распрацоўкі метадаў і сродкаў абароны інфармацыі. Вырашыць гэту праблему і прызначаны курсы, таму што вучыцца разам будуць кіраўнікі і іх падначаленыя. Акрамя таго, адзначыў Павел Мандрык, спецыяліст, які стварыў сістэму абароны інфармацыі, можа яе і "ўзламаць". Таму на курсах шмат увагі будзе ўдзелена маральна-прававому аспекту ў гэтай галіне. Усяго ж слухачам першага патоку прапанавана больш за дзесятак тэм. Сярод іх - асновы прававога рэгулявання ў інфармацыйным асяроддзі, стандартызацыя і сертыфікацыя сродкаў абароны інфармацыі ў Беларусі, праблемы ўкаранення тэхналогій электронных дакументаў і электроннага лічбавага подпісу, праграмна-тэхнічныя сродкі абароны інфармацыі ў камп'ютэрных сістэмах, сучасныя тэндэнцыі развіцця шкодных праграм і ўдасканаленне сродкаў барацьбы з імі. Усе слухачы, якія прайшлі падрыхтоўку, атрымаюць адпаведныя пасведчанні дзяржаўнага ўзору.

Дарэчы, у БДУ, паведаміў дэкан факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, набыты вялікі навукова-даследчы вопыт у галіне абароны інфармацыі. Гэтымі праблемамі ў ВНУ займаліся яшчэ ў часы Савецкага Саюза. А ў мінулым годзе адбыўся першы набор студэнтаў на новую спецыяльнасць "Камп'ютэрная бяспека" адразу на двух факультэтах БДУ - прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і электронікі.
0058648