Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY

Общество


Яшчэ колькі дзён таму пляшка "Аліварыі", "Крыніцы", Лідзкага" ды піва некаторых іншых вядомых у Беларусі марак каштавала ад 600 да 700 рублёў. Цяпер цэны падскочылі ажно на 200 рублёў, альбо прыкладна на 25%. У чым прычына такога рэзкага падаражэньня?

Кошты на беларускае піва падвысіліся зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, яшчэ ў канцы красавіка Міністэрства эканомікі прыняло пастанову №11 "Пра кошты на ячмень піваварны і прадукцыю піваварных заводаў". Гэты дакумэнт зьняў для вытворцаў піва абмежаваньні на падвышэньні цэнаў на іхную прадукцыю. Раней яны маглі ўзрастаць толькі сынхронна з узроўнем інфляцыі ў краіне. Па-другое, падвысіўся памер акцызаў. Гэты ўскосны падатак складае 0,04 эўра за адзін літар піва, і паколькі курс гэтай валюты апошнія месяцы імкліва расьце, то і акцызы ідуць уверх.

Прычыны росту цэнаў на беларускае піва мне патлумачыла начальніца фінансава-эканамічнага аддзелу заводу "Аліварыя" Таісія Рудамінская. Паводле ейных словаў, Міністэрства эканомікі вырашыла адпусьціць кошты на прадукцыю бровараў вельмі своечасова.

(Рудамінская: ) "Урад цяпер разумее, што галіна наагул у вельмі гаротным стане. Заводам патрэбнае пераўзбраеньне. Калі па-ранейшаму кошты абмяжоўваць, заводы могуць мець вельмі нізкую рэнтабэльнасьць і ня здолеюць замяніць абсталяваньне і ня змогуць у далейшай пэрспэктыве працаваць. Мы разьлічваем, што дзякуючы падвышэньню коштаў атрымаем большы прыбытак, але яго зусім недастаткова, каб выконваць праграму пераўзбраеньня ў тэрміны, якія мы заплянавалі".

Спадарыня Рудамінская таксама адзначыла, што ў зьвязку з захадамі па абмежаваньні імпарту расейскага піва попыт на прадукцыю айчынных бровараў рэзка падвысіўся. Калі параўноўваць аб’ёмы продажу ў красавіку і ў траўні, то ў адной толькі "Аліварыі" гэты паказьнік вырас на 40%.

Самі спажыўцы, зь якімі я гутарыла ў менскіх харчовых крамах, на падвышэньне коштаў на беларускае піва асаблівай увагі не зьвярнулі і ў большасьці сваёй запэўнівалі мяне ва ўласным "піўным патрыятызьме".

(Спадар: ) "Жыцьцё такое. Цяпер усё даражэе. І піва даражэе".

(Спадарычна: ) "Я не набываю беларускае піва, таму мне гэта…"

(Карэспандэнтка: ) "А чаму вы яго не набываеце?"

(Спадарычна: ) "Я набываю толькі тое піва, якое на слыху. Напэўна, гэта ад рэклямы залежыць".

(Спадар: ) "З усяго гэтага піва нармальнае толькі "Аліварыя".

(Карэспандэнтка: ) "А тое, што яно падаражэла, для вас нейкую ролю адыгрывае?"

(Спадар: ) "Не".

(Студэнт: ) "Як студэнты, мы да гэтага ставімся адмоўна, бо піва наш асноўны прадукт спажываньня".

(Студэнт: ) "Пілі й будзем піць. Расейскае піва мы амаль што не ўжываем".

(Карэспандэнтка: ) "А чаму? Яно вас якасьцю не задвавальняе ці зь нейкіх іншых прычынаў?"

(Студэнт: ) "Якасьцю".

(Спадар: ) "Лета, сьпёка. Усе п’юць піва. Напэўна таксама таму, што расейскае цяпер падаражэла, вялікай канкурэнцыі няма, і аўтаматычна кошты ўзьнялі. Раней жа ўсе расейскае піва набывалі. Попыт на айчыннае піва ёсьць, таму трэба кошты падвышаць".

Разам з тым мае суразмоўцы адзначалі, што беларускае піва пакуль не настолькі высокай якасьці й збольшага саступае замежнаму, хоць і каштуе ў паўтара-два разы таньней.

Юлія Шарова, Менск