Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Польшча не ўвядзе візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны ад 1 ліпеня 2003 году, як плянавалася раней. Тэрмін увядзеньня візавага рэжму будзе адкладзены, хутчэй за ўсё, на 3 месяцы.

Прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі заявіў учора, што ягоная краіна цалкам гатовая да ўвядзеньня візавага рэжыму ад 1 ліпеня гэтага году. "Але нашыя ўсходнія суседзі, – сказаў польскі прэзыдэнт, – маюць з гэтым праблемы, і таму зьвярнуліся да нас з просьбай пакінуць усё як ёсьць прынамсі да сканчэньня сэзону вакацыяў".

Тое, што Варшава згадзілася працягнуць тэрмін бязьвізавых адносінаў зь Беларусьсю, Украінай і Расеяй, пацьвердзіў сёньня нашаму радыё намесьнік дырэктара дэпартамэнту інфармацыі ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы Яраслаў Дрозд.

Паводле ягоных словаў, у часе ўчорашняга паседжаньня ўрад Польшчы даручыў Міністэрству замежных справаў самастойна вызначыць, на які тэрмін можа быць адкладзенае ўвядзеньне візаў, але канчатковага рашэньня ў гэтай справе пакуль няма. Гаворыць Яраслаў Дрозд:

(Дрозд: ) "Гаворка ідзе пра восень. Калі скончыцца турыстычны сэзон, тады, хутчэй за ўсё, і трэба ўжо будзе мець польскую візу. У нашай частцы Эўропы ў верасьні турыстычны сэзон яшчэ працягваецца. Таму, хутчэй за ўсё, можна казаць пра два наступныя месяцы пасьля верасьня".

У сваю чаргу супрацоўнік дэпартамэнту консульстваў польскага МЗС Багуслаў Дубіньскі мяркуе, што найбольш праўдападобнай датай ўвядзеньня візаў для грамадзянаў Беларусі, Украіны і Расеі ёсьць 1 кастрычніка.

(Дубіньскі: ) "Праўдападобна, візы трэба будзе мець ад пачатку кастрычніка. Зараз ідуць кансультацыі паміж нашым урадам і Эўрапейскім зьвязам, які, дарэчы ўспрыняў інфармацыю аб пазьнейшым увядзеньні візаў з разуменьнем, і канчатковы тэрмін будзе вядомы ў пачатку наступнага тыдня".

Польскія дыпляматы кажуць, што галоўнай тэхнічнай праблемай увядзеньня візаў ёсьць незразумелая пазыцыя Расеі ў справе падпісаньня міжурадавага пагадненьня аб узаемным візавым рэжыме. У прыватнасьці, Масква дагэтуль ня можа канчаткова вызначыцца, колькі будуць каштаваць расейскія візы для палякаў. Адпаведныя пагадненьні зь Беларусьсю і Ўкраінай практычна гатовыя да падпісаньня.

Варта нагадаць, што паводле дамоўленасьцяў паміж Польшчай і Беларусьсю аднаразовая польская віза для беларуса і беларуская для паляка будзе каштаваць 10 эўра, а шматразовая тэрмінам на адзін год – 50 эўра. Пры гэтым узгоднены цэлы шэраг катэгорыяў грамадзянаў, для якіх візы будуць напалову таньнейшыя ці ўвогуле бясплатныя.

Паводле дадзеных памежнай службы, летась Польшчу наведалі 12 мільёнаў беларусаў, украінцаў і расейцаў, прычым толькі 10% зь іх праехалі праз польскую тэрыторыю транзытам. Галоўнай мэтай астатніх быў нелегальны гандаль ці таксама нелегальнае працаўладкаваньне ў гэтай краіне.

Як піша ў сёньняшнім нумары аўтарытэтны польскі штодзёньнік "Rzeczpospolita", найбольш увядзеньня візаў асьцерагаюцца жыхары Падляшша, дзе беларусы штодзённа купляюць вялікія колькасьці больш танных польскіх харчоў, а таксама бытавой тэхнікі. Гэта дае працу тысячам палякаў, якія, паводле некаторых адмыслоўцаў, пасьля ўвядзеньня візаў гэтую працу згубяць.

У сваю чаргу, іншыя экспэрты ўпэўненыя, што пасьля кароткатэрміновага заняпаду колькасьць наведваньняў Польшчы беларусамі празь некаторы час ізноў вернецца да цяперашняга ўзроўню, бо беларускія гандляры ня маюць ніякай іншай працы ў самой Беларусі.

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава
0059072