Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У Варшаве адбылася прэзэнтацыя штогадовага даведніка "Паляк за мяжой", у якім Міністэрства замежных справаў Польшчы дае парады сваім грамадзянам, на што трэба зьвярнуць увагу, наведваючы іншыя краіны.

Аўтары даведніка папярэджваюць палякаў, якія едуць ў Беларусь, што мытны кантроль на польска-беларускай мяжы звычайна вельмі дакладны і дэталёвы. Тых, хто вырашыў падарожнічаць на ўласным аўтамабілі, чакае гэтаксама дакладны кантроль з боку беларускіх міліцыянтаў, якія заўсёды спраўджваюць, ці мае кіроўца дадатковае кола, аптэчку, даведку аб тэхнічным аглядзе і гэтак далей.

"Увогуле, галоўныя дарогі ў Беларусі у добрым стане і маюць дастатковую колькасьць знакаў, але трэба быць вельмі пільным, бо часта па аўтамагістралі могуць ісьці людзі ці нават весьці па ёй хатніх жывёлаў. Здараецца, што на дарозе ляжаць пакінутыя некім вялікія прадметы, а ўначы стаяць неасьветленыя аўтамабілі. На заправачных станцыях трэба лічыцца зь нізкай якасьцю паліва і тым, што паліва часам не даліваюць, таму лепш заправіцца яшчэ ў Польшчы", – гаворыцца ў даведніку польскага МЗС.

Што да стану вуліцаў у гарадох, дык кіроўцаў папярэджваюць, што там можна сустрэць шматлікія дзіркі, адкрытыя люкі і дрэннае асьвятленьне.

Польскім турыстам раяць не набываць мяса, малочных прадуктаў і рыбы ў маленькіх дзяржаўных крамах і на маленькіх базарах, "бо там на правілы правілы гігіены і на тэрмін захоўваньня ўвогуле ніхто не зьвяртае ўвагі".

Асаблівая ўвага зьвяртаецца на небясьпеку спажываньня харчоў на поўдні Беларусі, дзе, як пішацца ў даведніку, "на некаторых тэрыторыях, забруджаных радыяцыяй, дагэтуль займаюцца сельскай гаспадаркай".

"У невялікіх мястэчках цяжка набыць шэраг спажывецкіх тавараў, а ў вялікіх гарадох – агародніну, таму выяжджаючы, харчы лепш купіць у Польшчы, тым больш, што ў Беларусі яны могуць быць значна даражэйшыя", – адзначае польскае МЗС.

У выпадку хваробы палякам раяць зьвяртацца ў прыватныя мэдычныя ўстановы, бо ў дзяржаўных часта няма патрэбных лекаў.

"Узровень злачыннасьці, насуперак распаўсюджаным меркаваньням, у Беларусі невялікі. Рэдка здараюцца напады на кіроўцаў ці крадзяжы аўтамабіляў. Крадуць хутчэй унутранае абсталяваньне машынаў, ці дробныя рэчы ў гатэлях. А гатэляў у Беларусі мала, і іхны стандарт нізкі. У правінцыйных мястэчках практычна адсутнічае турыстычная і гастранамічная інфраструктура", – пішуць адмыслоўцы з МЗС Польшы.

У даведніку адзначаецца, што ў дзяржаўных установах Беларусі пануе расейская мова і бюракратыя. У выпадку, калі замежнік патрабуе нешта зрабіць у беларускай дзяржаўнай установе, дык трэба "быць гатовым на выключна доўгія фармальныя працэдуры".

У даведніку раяць таксама заўсёды мець пры сабе дробныя банкноты даляраў ці эўра.

"Самі беларусы, аднак, ставяцца да палякаў вельмі цёпла і прыязна, асабліва ў заходняй частцы краіны, дзе жывуць прадстаўнікі польскай меншасьці. Акрамя гэтага, шмат беларусаў разумее польскую мову і можа трохі гаварыць на ёй, што робіць кантакты значна прасьцейшымі", – гаворыцца у артыкуле, прысьвечаным Беларусі, які зьмешчаны ў сёлетнім выданьні даведніка "Паляк за мяжой".

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава
0058648