Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Тым часам працягваецца праверка рэдакцыі салігорскай газэты "Салідарнасць", якая плянуе на гэтым тыдні выйсьці зь некаторымі матэрыяламі "БДГ".

Улады ціснуць на "Белорусскую деловую газету," ня толькі пазбаўляючы яе магчымасьцяў друкавацца й распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі, але й адмаўляючы яе журналістам у інфармацыі. Прэсавыя службы дзяржаўных органаў, пачынаючы з прэзыдэнцкай, кажуць карэспандэнтам "БДГ", што ня могуць даваць ім інфармацыю, бо выданьне прыпыненае. Аднак супрацоўнікі газэты рыхтуюць чарговыя нумары.

Выдавец і ўладальнік "Белорусской деловой газеты" Пётар Марцаў заявіў, што шукае магчымасьці друкаваньня сваіх выданьняў за межамі Беларусі. Хутчэй за ўсё, гэта будзе Расея — паводле ягоных словаў, "неабавязкова Масква, гэта могуць быць Бранск, Смаленск".

А галоўная рэдактарка "БДГ" Сьвятлана Калінкіна сказала:

(Калінкіна: ) "Пацьверджаньне на друкаваньне газэты далі шмат друкарняў і расейскіх, і літоўскіх, і цяпер мы занятыя тым, што афармляем усе неабходныя дакумэнты на беларускай мытні".

(Карэспандэнт: ) "І калі можна чакаць наступны нумар "БДГ"?"

(Калінкіна: ) "На гэтым тыдні".

На гэтым тыдні мусіць выйсьці й чарговы нумар штотыднёвіка "Салідарнасць", які першым аддаў свае старонкі пад матэрыялы "Белорусской деловой газеты". Але яшчэ ў пятніцу ў рэдакцыю "Салідарнасці", што выдаецца ў Салігорску незалежным прафсаюзам, прыйшла супольная праверка камітэту дзяржаўнага кантролю й Міністэрства інфармацыі. Галоўны рэдактар "Салідарнасці" Аляксандар Старыкевіч па тэлефоне з Салігорску распавёў, што гэтая праверка працягваецца й зараз:

(Старыкевіч: ) "Сядзіць некалькі чалавек: двое зь дзяржкантролю, адзін прыехаў зь Міністэрства інфармацыі, і яшчэ адзін — мясцовы супрацоўнік міліцыі. Вывучаюць дакумэнты — усё".

(Карэспандэнт: ) "І нічога ня кажуць пакуль?"

(Старыкевіч: ) "Па папярэдняй інфармацыі, акт праверкі будзе падрыхтаваны ў сераду. Я думаю, што гэта невыпадкова. Мэта — не дапусьціць выхаду наступнага нумару "Салідарнасці".

(Карэспандэнт: ) "А там матэрыялы "БДГ" будуць?"

(Старыкевіч: ) "Будуць".

(Карэспандэнт: ) "Вы рыхтуеце такі самы нумар, як быў на мінулым тыдні?"

(Старыкевіч: ) "Не, не такі самы, але ў ім у тым ліку ёсьць матэрыялы "БДГ".

У абарону недзяржаўных выданьняў выступіла й Таварыства беларускай мовы. У адмысловай заяве адзначаецца, што "апошнім часам адчуваецца няспынны ўціск на незалежную беларускую прэсу, прычым як у Менску, так і ў рэгіёнах. Кіраўніцтва ТБМ выказала "рашучы пратэст" супраць спыненьня выхаду ў сьвет "БДГ" і прапанвала Міністэрству інфармацыі "перагледзець сваё рашэньне".

Юры Сьвірко, Менск