Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У працэсе будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі парушаныя раней заплянаваныя тэрміны. За час, які мінуў ад закладаньня першага камяня ў падмурак будучага найбуйнейшага кнігасховішча ў Эўропе, будаўнікі сутыкнуліся адразу зь дзьвюма вялікімі праблемамі. Першая традыцыйна зьвязаная з хаатычнасьцю ў фінансаваньні, другая стала вынікам негрунтоўных геалягічных дасьледаваньняў тэрыторыі. Больш за месяц грамадзкасьць, якая прысьвяціла гіпатэтычнай "скарбніцы ведаў" ужо ні адзін суботнік, пазбаўленая гучных рапартаў з будоўлі №1.

Ад пачатку траўня на месцы абвешчанай Аляксандрам Лукашэнкам агульнадзяржаўнай будоўлі няма ніякага руху. Па тэрыторыі стратэгічнага аб’екту перасоўваюцца толькі кіраўнікі будтрэсту №7, якія чакаюць, што часова замарожаны аб’ект нарэшце апынецца ў эпіцэнтры "адлігі". Кулюарна прарабы скардзяцца, што з такімі тэмпамі фінансаваньня далёка ня зрушыш. А дырэктар вытворчасьці Павал Сьмірноў дадае: складанасьць яшчэ ў тым, што паралельна даводзіцца працаваць і на іншых аб’ектах.

(Сьмірноў: ) "У нас яшчэ 37 будоўляў, імі таксама некаму трэба займацца. Таму ўсе тонкасьці, падрабязнасьці вакол бібліятэкі "пераварыць" вельмі складана. Што тычна аптымізму, дык нават ня ведаю — ня кожны год такое ўзводзім. І цяжка сказаць, рэальна ці нерэальна ўкласьціся ў тэрміны. У прынцыпе, пабудаваць можна. Летась футбольны манэж здалі, хоць і ня ўсе верылі. Працаваць, натуральна, давялося, але што зробіш?"

На паседжаньні прэзыдыюму Саўміну куратар будоўлі, намесьнік міністра культуры Валеры Гедройц агучыў некаторыя лічбы капіталаўкладаньняў у Нацыянальную бібліятэку. "Народныя ахвяраваньні" ад суботнікаў склалі 3,5 мільярда рублёў. 50 тысяч эўра паступіла ад камэрцыйных фірмаў, 500 тысяч даляраў ахвяравала ірацкая амбасада, яшчэ 42 мільярды рублёў заплянаваныя зь бюджэту. Такім чынам, без уліку непералічаных бюджэтных грошай, рэальна можна асвойваць толькі 2,5 мільёна даляраў. Для параўнаньня: уся бібліятэка запатрабуе болей за 200 мільярдаў рублёў, альбо мінімум 100 мільёнаў даляраў.

7 сакавіка зьявіўся загад Лукашэнкі, у якім наўпрост вызначаецца, што ў 2002–2005 гг. будынак Нацыянальнай бібліятэкі трэба лічыць "найважнейшай агульнадзяржаўнай і агульнанароднай будоўляй". Савет міністраў абавязаны закласьці выдаткі на будоўлю ў праект штогадовага бюджэту. Менскія гарадзкі й абласны выканаўчыя камітэты мусяць узяць долевы ўдзел у будаўніцтве: па 10% ад агульнага каштарысу. Іншыя аблвыканкамы — па 6%. Але справаздача Саўміну сьведчыць, што спраўна "разьвітваецца" з грашыма толькі Менгарвыканкам. Астатняя вэртыкаль патрабаваньне Лукашэнкі ігнаруе. Гаворыць Валеры Гедройц:

(Гедройц: ) "Тое заданьне, якое было дадзенае, пакуль нявыкананае. Таму ўрад зрабіў заўвагу, каб сродкі былі пералічаныя як мага раней, а не ў апошнім квартале. Папярэдзілі, нагадалі іншы раз, што ёсьць такое заданьне, і грошы павінны паступіць не ў апошні дзень году, а з тым, каб будаўнікам можна было іх выкарыстаць. Пакуль жа ўсё цяжка плянуецца, невядома, як атрымаецца, як мы спрацуем. Нейкія прапрацоўкі ідуць, якія абяцаюць вынік. Але колькі ўсяго будзе укладаньняў — складана сказаць".

Яшчэ адна сур’ёзная праблема — неадпаведны манумэнтальнаму збудаваньню геалягічны пласт глебы. Бібліятэку пачалі ўзводзіць на старажытных тарфяніках, і ўжо падчас работаў запатрабавалася дадатковая экспэртыза грунту. Акадэмік НАН, геоляг Радзім Гарэцкі кажа, што праводзіць дасьледаваньні прылеглай тэрыторыі трэба было нашмат раней і з прыцягненьнем шырокага кола адмыслоўцаў.

(Гарэцкі: ) "Нас трэба было па-сапраўднаму прыцягнуць, каб мы з боку больш шырокага паглядзелі — ці няма там якога-небудзь разлому; а потым і больш вузка, лякальна трэба было правесьці геалягічныя дасьледаваньні, тады ўсё было б нармалёва. Але за ўвесь час да нас ніхто так і не зьвярнуўся. Схамянуліся ўжо пазьней, пасьля таго, як пачалі будаваць".

Тэрмін здачы 19-павярховага "дыямэнту" Нацыянальнай бібліятэкі акрэсьлены 2005 годам. Але, з улікам цяперашняга досьведу, будаўнікі мяркуюць, што вытрымаць тэрміны магчыма ў выпадку дзяржаўнага аўралу. Зрэшты, за савецкім часам гэткая практыка была цалкам звычайнай справай.

Ігар Карней, Менск