Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


І ўпершыню зарэгістраваныя 700 выпадкаў дзіцячага алькагалізму. Паводле адмыслоўцаў, алькагольная залежнасьць імкліва расьце ў асяродку падлеткаў і жанчын.

43-гадовая Ірына — пацыентка псыхіятрычнай лякарні ў Навінках, што пад Менскам. Менавіта тут месьціцца адзінае на Менск і сталічную вобласьць аддзяленьне, дзе лекуюцца жанчыны, хворыя на алькагольную залежнасьць. Спадарыня Ірына ў недалёкім мінулым — добрая маці дваіх дарослых дзяцей, выдатная гаспадыня, добрасумленная прадавачка адной зь менскіх крамаў. Аднак упарадкаванае жыцьцё яе сям’і зрушылася пасьля сьмерці мужа, калі жанчына пазнаёмілася з чалавекам, які злоўжываў алькаголем. Такое здараецца рэдка, але да лекараў яна прыйшла сама, калі зразумела, што неўзабаве згубіць усё. Гаворыць спадарыня Ірына:

(Ірына: ) "Мне хочацца піць, як паесьці — такая цяга. Мне заўсёды мала, але я ніколі не сьпіваюся. Калі я піла гарэлку ці каньяк, дык такога не было. А як пачала піць віно, то я магу выпіць і пляшку, і дзьве — і праз паўгадзіны я цьвярозая. Я п’ю сама па сабе. Я ўсё ўмею, і каб не піла, дык ужо на самалёце лятала бы, а так — усё дагары нагамі. Гэтае таннае віно — увогуле наша дзяржава спойвае народ. Гэта проста жахліва, што гэта будзе далей".

Паводле лекараў шпіталю, гэты выпадак далёка ня самы цяжкі. Шмат горш, калі пацыентак дастаўляюць зь вялікім спазьненьнем і ў запушчаным стане. Хоць хвароба на алькагольную залежнасьць цалкам не вылечваецца ў любым выпадку, — кажа загадчыца аддзяленьня Аксана Калбасава.

(Калбасава: ) "Да нарколягаў па месцы жыхарства яны баяцца ісьці, псыхіятрычная лякарня яшчэ больш палохае.Таму ў асноўным кадуюцца, а калі не дапамагае, то ідуць да нас, але да таго часу хвароба вельмі запушчаная. Поўнага вылечваньня не бывае. Часта яны зь неўладкаваных сем’яў, не працуюць і ня бачаць іншага выйсьця акрамя пітва. Узрост жанчынаў, якія да нас паступаюць, на жаль, маладзее: 16–17–20 гадоў. І чым раней зьявіцца залежнасьць, тым цяжэй яна лекуецца. І далей, паўторныя паступленьні ў нашую лякарню гэтаксама ёсьць, на жаль".

Толькі ў гэтым шпіталі штогоду першаснае лекаваньне праходзіць тысяча жанчын. Гэта без уліку іншых аддзяленьняў і аналягічных дыспансэраў у абласных цэнтрах Беларусі. Прычым лекуюцца пераважна гараджанкі, бо доступу да адмысловых спэцыялістаў у вясковых жыхароў значна менш. А тое, што п’янства на вёсцы прагрэсуе, бачыць ужо кожны. Прычым нават сярод "заходнікаў", дзе п’янства адвеку лічылася вялікай заганай.

Гаворыць жыхарка вёскі Бабаевічы Клецкага раёну Ганна Апанасевіч:

(Апанасевіч: ) "А сярод жанчын колькі п’яніцаў! Адна жанчына напілася — дык ня можа патрапіць на лаўку, за лаўку падае і сьпіць, аж пакуль мужык ня прыйдзе і не забярэ. А ён разьвёў у чарку атруты, што для жукоў калярадзкіх і кажа ёй: не чапай — я там пакінуў сабе сто грамаў. А яна ўзяла й выпіла — ой, ой, колькі ж яе лячылі. Увогуле за польскім часам такога не было".

Паводле афіцыйнай статыстыкі, толькі за 11 месяцаў мінулага году ад алькагольнага атручаньня памерлі 2338 чалавек, а ў лякарні патрапілі 65 тысяч. Адмыслоўцы кажуць, што перадусім людзі труцяцца самаробнымі сурагатамі й танным віном, якое ёсьць не садавінным напоем, а фарбавальнікам, разбаўленым нізкаякасным сьпіртам. Менавіта таннае віно ёсьць найагрэсіўнейшым зьнішчальнікам клетак галаўнога мозгу і прычынай дэградацыі чалавека.

За апошнія два гады колькасьць гарэлачных вырабаў у Беларусі скарацілася на 27%, а колькасьць віна павялічылася на 79%. З-за агульнай даступнасьці, так званае "чарніла" — самы папулярны напой сярод сталых апівохаў, у тым ліку сярод жанчын, — кажа прадавачка адной зь менскіх крамаў Сьвятлана Сухавей.

(Сухавей: ) "Жанчыны таксама болей сталі піць. Часьцей бяруць таннае віно. А чаму яны п’юць? Кажуць, жыцьцё такое. Усе на Аляксандра Рыгоравіча крыўдуюць: кажуць, гэта ён да такога жыцьця давёў".

Сёньня на ўліку ў наркалягічных дыспансэрах зарэгістравана без малога 150 тысяч чалавек, 25 тысяч зь іх — жанчыны. Але адмыслоўцы заяўляюць, што гэта вельмі прыкладныя лічбы — насамрэч ад алькагольнай залежнасьці пакутуюць 30% жыхароў краіны. Прычым, калі мужчынскае п’янства штогоду прагрэсуе на 4% ад агульнай колькасьці, дык жаночае — 8%.

Менавіта жаночае п’янства ёсьць прычынай росту сацыяльных сіротаў: штогоду 5 тысяч бацькоў пазбаўляюцца правоў на ўласных дзяцей, і цяпер такіх дзяцей больш за 30 тысяч. У сваю чаргу галоўнай прычынай жаночага п’янства ёсьць сацыяльная неўладкаванасьць сем’яў, — кажа галоўны лекар Менскага наркалягічнага дыспансэру Сяргей Малочка.

(Малочка: ) "Вялікая колькасьць няпоўных сем’яў, вялікая колькасьць разводаў — вялікая праблема. Жаночы алькагалізм лекуецца шмат цяжэй за мужчынскі й залежыць ня стулькі ад мэдычнага ўмяшальніцтва, колькі ад сацыяльных фактараў — той жа сям’і й той жа працы. Калі на агульнадзяржаўным узроўні казаць, то ўся палітыка павінна быць накіраваная на ўмацаваньне сям’і".

Паводле афіцыйных зьвестак, сёньня на кожнага жыхара Беларусі — ад немаўляці да пэнсіянэраў — штогоду прыходзіцца 10 літраў гэтак званага абсалютнага алькаголю. Паводле ж экспэртаў Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, крытычным для здароўя нацыі крытэрам ёсьць паказчык ўдвая меншы — 5 літраў на кожнага жыхара краіны.

Галіна Абакунчык, Менск
0058045