Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Паведамленьні шэрагу агенцтваў пра тое, што Польшча вырашыла адтэрмінаваць увядзеньне візаў для грамадзянаў Беларусі, Украіны і Расеі, ёсьць заўчаснымі, – паведаміў нашаму карэспандэнту прадстаўнік польскага МЗС. Кансультацыі ў гэтай справе, аднак, ідуць.

Пра тое, што Польшча з-за ўласнай непадрыхтаванасьці вырашыла адтэрмінаваць увядзеньне візавага рэжыму для сваіх усходніх суседзяў, заявіў кіраўнік Бюро Нацыянальнай Бясьпекі Польшчы Марэк Сівец у інтэрвію для ўкраінскіх мэдыяў. Гэтая інфармацыя была адразу распаўсюджаная журналістамі.

Аднак, як заявіў сёньня міністар замежных справаў Польшчы Ўладзімер Цімашэвіч, выказваньні спадара Сіўца не адлюстроўваюць пазыцыі Польшчы, якая, паводле словаў міністра, гатовая да ўвядзеньня візаў.

У Міністэрстве замежных справаў Польшчы нашаму радыё паведамілі, што праблемы ўзьніклі не з падрыхтаванасьцю Польшчы да візавага рэжыму, а наадварот – яе ўсходнія суседзі не гатовыя да гэтага.

Гаворыць намесьнік дырэктара дэпаратамэнту інфармацыі МЗС Польшчы Яраслаў Дрозд:

(Дрозд: ) "Польшча гатовая да ўвядзеньня візаў ад 1 ліпеня, аднак мы маем пэўныя зьвесткі, што ня ўсе нашыя ўсходнія суседзі падрыхтаваныя да гэтага. Можа здарыцца, што яны ня змогуць выдаваць візы грамадзянам Польшчы. Таму польскі бок зьвярнуўся да сваіх ўсходніх суседзяў з просьбай паведаміць пра сытуацыю ў гэтай справе. Пасьля вывучэньня стану падрыхтоўкі да ўвядзеньня візаў для польскіх грамадзянаў у Беларусі, Расеі і Ўкраіне будзе прынятае адпаведнае рашэньне. Мы ня хочам, каб у сярэдзіне турыстычнага сэзону нашыя грамадзяне мелі праблемы з атрыманьнем візаў у часе падарожжаў на Ўсход. Хутчэй за ўсё, рашэньне ў гэтай справе будзе прынятае на будучым тыдні".

Варта адзначыць, што міждзяржаўная дамова пра канчатковыя ўмовы і тэрмін ўвядзеньня візавага рэжыму паміж Польшчай і Беларусьсю дагэтуль не падпісаная.

Увядзеньне візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі, Украіны і Расеі ад 1 ліпеня 2003 году ёсьць адной з умоваў уваходу Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз.

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава
0058045