Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Справа была ўзбуджаная паводле прапановы прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў зьвязку са шматлікімі зваротамі беларускіх грамадзянаў і прыпыненая на хадайніцтва прэм’ера Навіцкага, які лічыць, што ўраду трэба дадаткова разгледзець адпаведную праблему. Якая сыстэма аховы здароўя існуе ў Беларусі цяпер — дэ-юрэ і дэ-факта?

Дакладнага адказу на пытаньне, пры якой сыстэме аховы здароўя жывуць беларусы, ад мінакоў атрымаць так і не ўдалося. Тады пытаньне было сфармуляванае інакш: ці можна атрымаць добрае лекаваньне бяз грошай?

(Спадарыня: ) "Можна. Да мяне дадому нават мэдсястра ходзіць. Мы, вэтэраны, на ўліку, нас глядзяць. Магчыма, хутка кінуць. Каму мы, бабулі, патрэбныя?"

(Спадарыня: ) "Можна, калі мы будзем верыць у Бога. Бог ацаліў мяне, калі я была на апэрацыі".

(Спадарыня: ) "Я сама не за платную мэдыцыну. Але бясплатна можна лекавацца ў рэдкіх выпадках".

(Спадар: ) "Нельга. Толькі за грошы".

(Спадар: ) "Калі грошы ёсьць, чалавек мусіць лекавацца, як ён можа. Каб было надзейна".

(Спадарыня: ) "Нельга. Пераканалася на ўласным досьведзе. Бясплатная мэдыцына і ёсьць бясплатнай. У нашых паліклініках ды шпіталях зараз невядома што".

(Спадар: ) "Падумаўшы, бяз грошай немагчыма. Ёсьць яшчэ некаторыя лекары, якія ставяцца да сваёй працы нармальна, аднак справа ў тым, што заработная плата ў лекара маленькая. Таму і хабар трэба даваць лекарам, і ўсё такое".

Гэтая размова адбылася ля 4-га менскага шпіталю. Калі запіс спыняўся, рэспандэнты дзяліліся, што большая частка іхных візытаў да лекара не абыходзіцца без падарункаў — цукерак, пляшак альбо капэртаў з грашыма. Адзначалася, што апошні час пацыенты сталі плаціць грошы легальна, непасрэдна мэдычным установам. Сьцьвярджаць, добра гэта ці дрэнна, суразмоўцы пакуль не гатовыя. Невядома, на якія мэдычныя патрэбы пойдуць іхныя грошы і што з гэтых сумаў будуць мець непасрэдна лекары, сярэдні заробак якіх вялікім не назавеш.

Даведка. Сярэдняя стаўка лекара (не хірурга, адмыслоўца-тэрапэўта, ад якога залежыць дакладнасьць дыягназу, пратаколу лекаваньня, посьпех пасьляапэрацыйнага дагляду) складае каля 200 тысяч рублёў. Надбаўкі за стаж і навуковую ступень неадчувальныя. Большасьць лекараў вымушаныя браць дадатковыя паўстаўкі, дзяжурствы. Як вынік, атрымліваецца крыху болей за 300 тысяч.

Ці сталі даходы мэдыкаў большыя ў зьвязку з платнымі мэдычнымі паслугамі? 47-гадовы Аляксандар, інтэрніст з 4-й клінікі, кандыдат мэдычных навук, адмысловец, да якога імкнецца трапіць шмат менскіх пацыентаў, адказвае на пытаньне адмоўна.

(Аляксандар: ) "Тыя грошы, якія ідуць на аплату гэтак званых платных паслуг, ідуць на рамонт, сьвятло, бягучыя рахункі, якія жыцьцёва важныя для функцыяваньня канкрэтнага шпіталю. Гэтыя платныя паслугі ніяк не вырашаюць мэдычных праблемаў. Яны вырашаюць праблемы фінансаваньня мэдыцыны, тое, каб перавесьці ахову здароўя на самаакупнасьць на мінімальным узроўні. Што да яўных недахопаў такога мінімальнага ўзроўню, то іх будуць тлумачыць дрэннымі лекарамі".

Паводле Аляксандра, увядзеньне платных мэдычных паслуг у Беларусі наўпрост зьвязанае зь вялікай хваляй барацьбы з хабарніцтвам. Накіраваныя супраць лекараў захады праваахоўчых структураў уражваюць сваёй вычварнасьцю.

(Аляксандар: ) "Атрымліваецца, што кожны тыдзень каго-небудзь з калег хапаюць. Нейкія людзі (як высьвятляецца, правакатары) падыходзяць, просяць дапамагчы, кажуць: мы аддзячым. Даюць капэрты зь мечанымі грашыма. Мяне хацелі двойчы вось так справакаваць на мінулым тыдні. Намесьнік галоўнага лекара прывёў пацыентаў. Тыя быццам бы маюць праблемы з сэрцам і адзін на адзін кажуць мне: хочам платнай кансультацыі дацэнта. Гэта ж, канечне, правакацыя.

Раней, калі не было ўстаноўкі на платную мэдыцыну, на капэрты ўсё глядзелі скрозь пальцы. Цяпер, калі бюджэт трышчыць, праводзіцца кампанія застрашаньня — усіх схопім і пасадзім, калі грошы ня пойдуць у адну дзяржаўную кішэню. Працэсы такога хапаньня маюць вялікі эфэкт".

З гледзішча арыштаў лекараў, 4-ы менскі шпіталь лічыцца адным з самых паказальных, — перакананыя Аляксандар і ягоныя калегі ў клініцы. Год таму супрацоўнікі АБЭЗу начапілі кайданкі на рукі загадчыку аддзяленьня эндаскапіі 50-гадоваму Яўгену. Непасрэдна ў ягоным кабінэце, у часе прыёму хворых. Некалькі месяцаў адзін з найлепшых беларускіх уролягаў знаходзіўся ў СІЗА, дзе яму спрабавалі інкрымінаваць атрыманьне хабару ў вялікіх памерах. Складу злачынства даказаць не ўдалося. Яўгену зноў дазволена працаваць, але ўжо не загадчыкам аддзяленьня, а звычайным лекарам.

45-гадовы хірург Ігар, як і многія іншыя мэдыкі шпіталю, спачуваюць свайму калегу.

(Ігар: ) "Шкада Жэню. Гэты вельмі добры адмысловец. Тут усё падладзілі, і бяз гэтага не абышлося. Мэдсястра, якую вызвалілі за прафэсійную неадпаведнасьць, знайшла хлопца, які некалькі разоў прыходзіў да Яўгена, плакаў, прасіў паглядзець ныркі, гаварыў, што яго накіруюць у войска хворага, што ягоная маці ня вытрымае. Гэты пацыент прынес у кабінэт мечаныя грошы. Гэтую капэрту (там было дзесьці 300 даляраў) Яўген увогуле не трымаў у руках.

Дарэчы, у нашай клініцы гэта ня першы хапун. Некалькі гадоў таму арыштавалі галоўнага лекара. Яго таксама схапілі ў кабінэце. Яшчэ аднаго калегу пасадзілі. Нічога даказаць не маглі, але справу сфабрыкавалі. Як вынік, той атрымаў інфаркт і інсульт. У нас усе ў шоку".

Як перакананы Ігар, каманда "трэсьці" лекараў ідзе з самага верху. Тых, хто штодня вымагае ад пацыентаў грошы (гэтыя людзі добра вядомыя ў мэдычных колах), чапаць ня будуць. Трэсьці будуць прафэсіяналаў — тых, да каго ідуць пацыенты. Што да мэдыкаў, якія палезьлі ў палітыку, то яны атрымаюць "па поўнай праграме", — лічыць Ігар.

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня прадпрымальнік Андрэй Клімаў, якому я распавяла пра гэтую сытуацыю ў айчыннай мэдыцыне, не зьдзіўлены. На зоне яму неаднойчы прыходзілася сустракацца з мэдыкамі, супраць якіх, паводле ягоных словаў, былі сфабрыкаваныя крымінальныя справы. Сярод гэтых лекараў быў і Юры Бандажэўскі.

(Клімаў: ) "Я кантактаваў зь ім, даведаўся пра ягоную гісторыю — упэўнены, што ўсё гэта чарговая фальсыфікацыя. Тое, што такі дасьледчык апынуўся на нарах — гэта сярэднявечча. Што да ўтрыманьня інтэлігентных людзей у СІЗО, дык гэта сапраўдныя катаваньні. Адзін з найвыбітнейшых лекараў распавядаў, як да яго пасадзілі тых, хто абвінавачваўся ў цяжкіх забойствах. Мэта сьледчых была зрабіць адпаведны ціск для атрыманьня неабходных паказаньняў".

Ц эфэктыўныя падобныя захады запалохваньня? Ці можна такім чынам перамагчы карупцыю ў мэдыцыне?

(Клімаў: ) "Я магу прывесьці прыклад са свайго жыцьця, калі сутыкнуўся з праблемай інсуліну для дыябэтыкаў, якога не хапае на зоне. Адсутнасьць інсуліну можа выклікаць сьмерць. Вось з чаго трэба пачынаць праваахоўчым органам. З пытаньня, куды ідуць грошы на інсулін, які накіраваны ў зону. Замест таго, праваахоўнікі накіроўваюць у мэдычныя шэрагі правакатараў. Тут увогуле трэба ўзгадаць, як фінансуецца сама сыстэма аховы здароўя. Вось калі на мэдыцыну будзе выдаткоўвацца дастаткова грошай, калі ў кожным шпіталі, паліклініцы будзе дастаткова прыладаў, абсталяваньня, мэдыкамэнтаў, вось тады можна будзе гаварыць пра патрабаваньні аб чысьціні кадраў".
,