Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Яны ня будуць чакаць вынікаў размовы намесьніка міністра адукацыі сп. Фарыны з Уладзімерам Коласам і ягонымі намесьнікамі — Лявонам Баршчэўскім і Ірынай Сідарэнкай, які адбудзецца ў пятніцу 6 чэрвеня. На бацькоўскім сходзе яны пастанавілі дзейнічаць.

Некалькі дзён запар бацькі намагаліся сустрэцца зь міністрам адукацыі Пятром Брыгадзіным, але безвынікова. Ім увесь час паведамляюць, што міністар прыняць іх ня можа.

Бацькі закідалі Міністэрства адукацыі тэлеграмамі. Застаецца адзін дзень да візыту кіраўнікоў ліцэю ў міністэрства. На бацькоўскім сходзе яшчэ раз абмеркавалі сытуацыю. Бацькі не выключаюць, што ў пятніцу намесьнік міністра спадар Фарына прапануе кіраўнікам ліцэю звольніцца, альбо нават і азнаёміць іх з загадам аб звальненьні. Яны дамовіліся занесьці заявы Аляксандру Лукашэнку і Ўралу Латыпаву, каб тыя паспрыялі вырашэньню пытаньня.

Бацькі просяць звольніць прызначаную міністрам адукацыі дырэктарку і прызначыць на гэтую пасаду Ўладзімера Коласа. Бацькі запэўнілі спадароў Лукашэнку і Латыпава, што ніколі не пагодзяцца пакінуць сваіх дзяцей у ліцэі, калі звольняцца кваліфікаваныя выкладчыкі, бо яны даюць добрыя веды іхным дзецям. Асноўнай задачай яны лічаць захаваць ліцэй такім, які ён ёсьць.

Уладзімера Коласа, Лявона Баршчэўскага і Ірыну Сідарэнку намесьнік міністра выклікае на сустрэчу а 16-й гадзіне. Бацькі вырашылі дачакацца кіраўнікоў ліцэю. А 18-й яны зьбяруцца на бацькоўскі сход. Яны вырашылі адкласьці паездкі на лецішчы і, сыходзячы з сытуацыі, наведваць ліцэй штодня. Цікава, што да іх далучыліся бацькі тых ліцэістаў, якія ўжо некалькі гадоў таму скончылі ліцэй. Выкладчыкі былі прыемна ўражаныя такой праявай салідарнасьці.

А на наступным тыдні павінны пачацца вулічныя акцыі бацькоў. Як будуць разгортвацца падзеі, залежыць ад адказаў міністра, Лукашэнкі й Латыпава. Ня выключана, што пасьля здачы іспытаў на вулічныя акцыі выйдуць навучэнцы ліцэю.

Любоў Лунёва, Менск
0058648