Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Сябры ініцыятывы "Наша салідарнасьць" арганізавалі сустрэчу лідэраў шэрагу грамадзкіх арганізацыяў Беларусі з прадстаўнікамі амбасадаў замежных краінаў. Мэтай сустрэчы было давесьці праз дыпляматычны корпус да міжнароднай супольнасьці пра наступ айчынных уладаў на грамадзкія ініцыятывы і правы чалавека ў Беларусі. У выніку пастанавілі накіраваць адмысловы зварот у беларускае прадстаўніцтва АБСЭ.

Асноўнай тэмай размовы стала абмеркаваньне крызысу ва ўзаемаадносінах уладаў і трэцяга сэктару Беларусі. Лідэры недзяржаўных арганізацыяў, супраць якіх распачаліся судовыя працэсы аб ліквідацыі, на фактычных прыкладах давялі незаконнасьць выстаўленых ім абвінавачаньняў і заявілі пра іх палітычную матываванасьць. Менавіта пра палітычную падклаку наступу ўладаў на шэраг іншых грамадзкі ініцыятываў і правы чалавека ў цэлым гаварылі й іншыя ўдзельнікі сустрэчы. Да прыкладу, кіраўнічка Цэнтру правоў чалавека Вера Страмкоўская:

(Страмкоўская: ) "Тыя пазовы, накіраваныя ў суды аб ліквідацыі грамадзкіх арганізацыяў, прыпыненьне выпуску газэтаў, тое, што адбываецца ў ліцэі, прадпрымальніцтве — усё гэта сьведчыць аб дзяржаўным наступе на правы й свабоды чалавека. Вось гэтыя парушэньні асноўных правоў чалавека зьяўляюцца, безумоўна, парушэньнем нашай дзяржавай тых абавязкаў, якія яна на сябе ўзяла, і гэта павінна цягнуць прававыя наступствы".

Галоўнай жа мэтай сустрэчы лідэраў грамадзкага руху з прадстаўнікамі амбасадаў, а яны рэпрэзэнтавалі больш за 10 краінаў, было давесьці да міжнароднай супольнасьці праўду пра становішча з правамі чалавека і паўплываць на айчынныя ўлады, — паведаміў сябар "Нашай салідарнасьці" Алесь Бяляцкі.

(Бяляцкі: ) "Гэтая сустрэча была і з тых прычынаў, што многія няўрадавыя арганізацыі маюць добрыя кантакты з замежнымі партнэрамі. Усё гэта сапраўды гаворыць пра тое, што ўлады сапраўды распачалі зачыстку інфармацыйнага і ідэалягічнага поля з мэтай дэзінфармаваць грамадзкую супольнасьць напярэдадні рэфэрэндуму і выбараў".

На завяршэньне сустрэчы сябры "Нашай салідарнасьці" прынялі рашэньне накіраваць у штаб-кватэру АБСЭ адмысловы зварот з просьбай паспрыяць дыялёгу паміж грамадзкімі арганізацыямі і ўладамі Беларусі.

Галіна Абакунчык, Менск
,