Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Сваёй галоўнай мэтай блёк ставіць прыход да ўлады ў Беларусі дэмакратычных сілаў. Заснавальнікамі блёку "Свабодная Беларусь" сталі былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў, кінарэжысэр Юры Хашчавацкі, адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Леанід Малахаў, жонка зьніклага вядомага бізнэсоўца Ірына Красоўская, праваабаронца Валеры Шчукін ды іншыя асобы.

Заснавальнікі блёку гавораць, што галоўная іхная мэта — прыход да ўлады ў Беларусі дэмакратычных сілаў. Ажыцьцявіць гэтую мэту яны зьбіраюцца празь перамогу на парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах. Гаворыць Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) "Я разумею, што вінаватым будзе ня Лукашэнка, калі краіна апынецца ў іншым месцы. А вінаватымі будзем усе мы з вамі, калі мы ня здолеем супрацьстаяць усяму гэтаму".

Ён таксама зазначыў, што блёк ствараюць ня ўжо існыя партыі й арганізацыі, а менавіта асобы, якія падзяляюць каштоўнасьці незалежнасьці Беларусі й дэмакратыі. Ставаральнікі блёку гавораць, што будуць рыхтавацца да ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў, і вылучаць кандыдатаў па ўсіх 110 акругах. Дзеля гэтага арганізатары будуць ствараць структуры ў рэгіёнах, але пакуль не імкнуцца рэгістраваць блёк у дзяржаўных органах. Разам з тым, яны зьбіраюцца рыхтаваць кадры для будучага беларускага дэмакратычнага ўраду.

Заснавальнікі блёку — людзі розных прафэсіяў і заняткаў, вырашылі аб’яднацца, бо ў цяперашняй Беларусі ня маюць магчымасьці нармальна займацца сваёй справай. Гаворыць Ірына Красоўская:

(Красоўская: ) "Я далучылася да блёку "Свабодная Беларусь", бо хачу, каб мая сям’я, мае калегі, суседзі, каб усе людзі жылі ў свабоднай краіне, якую я вельмі люблю. І я лічу, што свабода ў гэтай краіне будзе магчымай толькі калі зьменіцца ўлада".

Пра тое, як зьбіраюцца сябры блёку будаваць дачыненьні зь іншымі апазыцыйнымі партыямі, распавядае Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) "Блёк ствараўся не на партыйнай аснове. Мы вядзем перамовы найперш з актывістамі і асобамі. А як партыі будуць удзельнічаць, гэта залежыць ад таго, як яны будуць падыходзіць да новых зьяваў у беларускай палітыцы. І як яны будуць увогуле ставіцца да сытуацыі ў Беларусі. Прабачце, але я не заўважаю ў партыяў такой накіраванасьці на перамогу. На выкарыстаньне той сытуацыі, якая склалася сёньня".

Вядома, што стварэньне новай палітычнай арганізацыі часам выклікае даволі раўнівую рэакцыю з боку існых партыяў. Вось як пракамэнтаваў стварэньне блёку "Свабодная Беларусь" лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Для таго, каб любая ініцыятыва стала сілай, трэба каб прайшоў нейкі час. Трэба, каб любая новая ініцыятыва засьведчыла ў дзеяньні, у прыцягненьні тысячаў людзей, у пашырэньні сваіх структураў на ўсю Беларусь сваю жыцьцяздольнасьць. Пакуль гэтага няма, я думаю, рана гаварыць пра жыцьцяздольнасьць многіх ініцыятываў, якія апошнімі тыднямі адна за адной зьяўляюцца".

Лідэры блёку, аднак, не выключаюць супрацоўніцтва зь іншымі партыямі падчас выбарчых кампаніяў.

Альгерд Невяроўскі, Менск
0058648