Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Адкладзены пераход з FM-дыяпазону радыё "Сталіца", адзінай беларускамоўнай FM-станцыі. Кіраўніцтва Беларускага радыё не адмовілася ад плянаў пераводу радыё "Сталіца" на іншы дыяпазон, але не паведамляе, калі гэта адбудзецца.

З 1 чэрвеня, паводле ранейшых заяваў кіраўніцтва дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, у FM-дыяпазоне павінна было спыніць свае перадачы радыё "Сталіца" – адзіная беларускамоўная FM-станцыя. Ёй плянавалася аддаць частату ў ультракароткім дыяпазоне, на якой раней вяшчала расейская станцыя "Маяк". Але заплянаваныя тэрміны пераводу "Сталіцы" не былі датрыманыя, сёньня, як і раней, станцыя працуе на сваёй частаце 103,7. Чаму перавод не адбыўся і на які дзень ён перанесены, кіраўніцтва Беларускага радыё, якое кіруе "Сталіцай", не паведамляе. Там толькі кажуць, што не адмовіліся ад плянаў пераводу "Сталіцы" з FM-дыяпазону на частату, дзе раней выходзіў у эфір "Маяк". Таксама ў Белтэлерадыёкампаніі паведамілі, што "Сталіца" будзе рэтрансьлявацца па правадной сетцы.

Між тым, многія слухачы радыё "Сталіца" шкадуюць, што хутка станцыя спыніць сваё вяшчаньне ў FM-дыяпазоне. Пра гэта мне заявіла адказная супрацоўніца радыё "Сталіца" Алена Чагіна, якая спаслалася на тэлефанаваньні і лісты слухачоў. Што да прычынаў пераводу станцыі на іншыя хвалі, яны ёй невядомыя:

(Чагіна: ) "Таксама нічога ня ведаем. Гэта ўсё тайна".

Вядомы радыёжурналіст і музыка Аляксандар Памідораў, які працаваў на FM-станцыях "Альфа радио", "Радио Би-Эй" і радыё "Рацыя" перакананы, што кіраўніцтва Дзяржтэлерадыёкампаніі робіць памылку, калі думае, што перавод "Сталіцы" на хвалі "Маяка" дадасьць папулярнасьці гэтай станцыі.

(Памідораў: ) "Магчыма, яны вырашылі, што на УКВ "Сталіцы" будзе лепш, бо гэты дыяпазон слухае больш людзей. Але гэта памылка, што даказаў досьвед "Радио Би-Эй". Людзі усё больш купляюць сучасныя FM-прыймачы, час УКВ мінае, гэта зразумела".

Дарэчы, беларускаму слову з FM-эфірам ўстойліва не шанцуе. Да 1997 году ў FM-дыяпазоне працавала толькі недзяржаўнае беларускамоўнае "Радыё 101,2", якое было зачыненае ўладамі за месяц да рэфэрэндуму 1996 году нібыта з тэхнічных прычынаў і далей у эфір не выходзіла. Радыё "Сталіца" зьявілася ў гэтым дыапазоне тры гады таму, але таксама, як бачым, не ўтрымалася.

Дагэтуль застаецца адкрытым і пытаньне, каму дастанецца вызваленая "Сталіцай" частата 103,7. Паводле некаторых зьвестак, на яе прэтэндуюць адразу некалькі груповак, якія маюць уплыў ва ўладных колах. У якасьці умоўных назваў новай станцыі называюць "Радыё Мінск", "Радыё Ракурс" ды іншыя. Але вядома дакладна, што сярод канкурэнтаў беларускамоўнай станцыі няма.

Алег Грузьдзіловіч, Менск
0058648