Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Намесьнік міністра адукацыі спадар Фарына выклікаў да сябе на размову Ўладзімера Коласа і ягоных намесьнікаў. Бацькі ліцэістаў маюць намер правесьці вулічную акцыю пратэсту.

Прызначаная міністрам адукацыі новая дырэктарка Тамара Шчэрбачэвіч тры тыдні ня будзе наведваць ліцэй. Чыноўнікі, каб зьбіць напал канфліктнай сытуацыі, накіравалі яе на курсы. На думку бацькоў і выкладчыкаў, гэта толькі часовая мера. Намесьнік міністра адукацыі сп.Фарына запрасіў на размову Ўладзімера Коласа і ягоных намесьнікаў – Лявона Баршчэўскага і Ірыну Сідарэнку. Размова павінна адбыцца 6 чэрвеня. Уладзімер Колас лічыць, што ў такіх умовах трэба карэктаваць свае адносіны з міністэрствам:

(Колас:) "Пакуль мы працуем у нармальным рэжыме, але маем даволі скептычны настрой у пляне далейшай працы зь Міністэрствам адукацыі. Я мяркую, што гэтае супрацоўніцтва сябе вычарпала ў сувязі зь нейкімі зьменамі, напэўна, у Міністэрстве адукацыі і ў поглядах на разьвіцьцё гуманітарнай адукацыі. Можа, яшчэ й нейкімі вонкавымі прычынамі. Мы будзем шукаць выйсьце. Ліцэй павінен захавацца. Ліцэй павінен жыць. Ліцэй павінен захавацца. Пра ягоны статус, каму ён будзе падпарадкоўвацца, мы павінны думаць, і мы маем на гэта права."

Асноўную ролю ў барацьбе за ліцэй узялі на сябе бацькі вучняў. Гаворыць намесьніца дырэктара па навучальнай працы Ірына Сідарэнка:

(Сідарэнка: ) "Мы кожны дзень адчуваем падтрымку нашых выпускнікоў. На апошні званок прыйшлі былыя бацькі, якія выказалі нам падтрымку. Казалі, што будуць разам з намі, як у 1991 годзе, так і цяпер будуць змагацца за ліцэй. Яны нам вельмі ўдзячныя, што тут вучыліся іх дзеці, за іх цяперашні лёс".

Выкладчыкі лічаць, што галоўнай задачай ёсьць здача іспытаў, першы зь іх ужо прайшоў сёньня. Пэдагогі стрымліваюць сваіх вучняў ад радыкальных учынкаў. Вось што кажа адзін зь ліцэістаў.

(Ліцэіст: ) "Іспыты ўжо пачаліся, але мы будзем сюды прыходзіць штодня. Нават пасьля іспытаў і выпускнога вечара мы будзем стаяць за ліцэй да канца. Мы будзем сюды прыходзіць усё лета. Сёньня я здаваў іспыт па беларускай мове і літаратуры. Мы пісалі твор. Было тры тэмы: "Максім Багдановіч як асоба і паэт", "Янка Купала. Раскіданае гняздо" і вольная тэма. Я пісаў пра Якуба Коласа і "Новую зямлю".

Бацькі а 6-й вечара сабраліся на бацькоўскі сход, каб дамовіцца пра свае сумесныя дзеяньні. Яны гатовыя выйсьці на вулічную акцыю, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці ў справе абароны ліцэя, у якім выхоўваюць нацыянальную эліту.

Любоў Лунёва, Менск
,