Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


За два дні знаходжаньня ў Санкт-Пецярбургу паміж беларускім і расейскім кіраўнікамі адбылася толькі "кароткая гутарка", як паведамляе Лукашэнкава прэсавая служба. А на інтэрнэт-сайце прэзыдэнта Расеі пра гэтую сустрэчу няма ніводнага слова. Прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі абвяргае паведамленьні, што чэскі прэзыдэнт Вацлаў Клаўс адмовіўся сядзець зь ім побач.

Вярнуўшыся са сьвяткаваньняў 300-годзьдзя Санкт-Пецярбургу практычна не заўважаным сродкамі масавай інфармацыі замежных дзяржаваў, у панядзелак Аляксандар Лукашэнка павіншаваў з нацыянальным сьвятам Італіі прэзыдэнта гэтай краіны Карла Адэльё Чампі (праўда, назваўшы яго Адгельё) ды прэ’мер-міністра Сыльвіё Бэрлюсконі. З апошнім спадар Лукашэнка на афіцыйным абедзе ў Санкт-Пецярбургу 30 траўня сядзеў за адным сталом. Беларускае тэлебачаньне паказала кадры, дзе сп. Бэрлюсконі паціскае Аляксандру Лукашэнку руку. Яшчэ раней італійскі прэм’ер заявіў, што бачыць Беларусь, Украіну й Малдову сябрамі Эўразьвязу. І вось цяпер у сваім віншаваньні спадар Лукашэнка падкрэсьліў, што цалкам падрымлівае італійскае бачаньне будучай адзінай Эўропы, у якой паўнапраўнае месца належыць і Беларусі.

Гэтай заяве мала адпавядае цяперашняя рэчаіснасьць. На сьвяткаваньнях у Санкт-Пецярбургу Аляксандра Лукашэнка адкрыта ігнаравалі. Мас-мэдыі Чэхіі паведамілі, што прэзыдэнт іх краіны Вацлаў Клаўс увогуле адмовіўся сядзець побач зь ім. Але Натальля Пяткевіч, прэсавая сакратарка сп. Лукашэнкі, гэта абвяргае:

(Пяткевіч: ) "Паводле рассадкі нават і не меркавалася, што ён будзе сядзець за сталом".

Зрэшты, мажліва, што гэты інцыдэнт здарыўся падчас не абеду, а іншага паседжаньня. А на згаданым абедзе, акрамя Сыльвіё Бэрлюсконі, суседзямі беларускага кіраўніка былі прадстаўнікі Мальты, Люксэмбургу, Нідэрляндаў, Бэльгіі ды Польшчы. Зь іх толькі польскі прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі як лідэр суседняй дзяржавы кантактаваў у нефармальнай абстаноўцы са сп. Лукашэнкам, а мальтыйскі прэзыдэнт Адамі меў з кіраўніком Беларусі "канструктыўную гутарку".

Праўда, у Санкт-Пецярбургу Аляксандар Лукашэнка меў гутаркі з кіраўнікамі ўрадаў яшчэ дзьвюх краін "вялікай васьмёркі" – Японіі й Канады. А са старшынём КНР Ху Цьзіньтао былі абмеркаваныя пэрспэктывы далейшага супрацоўніцтва й будучыя кантакты на вышэйшым узроўні.

Аднак дагэтуль нічога невядома пра такія будучыя кантакты Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком яшчэ адной дзяржавы "вялікай васьмёркі" – Расеі. Спадар Лукашэнка хацеў правесьці перамовы з Уладзімерам Пуціным яшчэ ў красавіку, але нават у траўні часу для іх Крэмль не знайшоў. Прэсавая служба прэзыдэнта Расеі ў панядзелак адмовілася пацьвердзіць, што паседжаньне Найвышэйшай дзяржаўнай рады саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі адбудзецца ў чэрвені. На тое ж пытаньне й просьбу ўдакладніць, ці спрабавалі Пуцін і Лукашэнка ўСанкт-Пецярбургу вызначыць дату гэтага паседжаньня, прэсавая сакратарка беларускага кіраўніка Натальля Пяткевіч адказала гэтак:

(Пяткевіч: ) "Мажліва. Я не гатовая сказаць, ці абмяркоўвалася гэтая тэма ў Пецярбургу".

(Карэспандэнт: ) "Якія ж тэмы яны тады абмяркоўвалі?"

(Пяткевіч: ) "Двухбаковага супрацоўніцтва".

Пра "кароткую гутарку" Лукашэнкі з Пуціным у Санкт–Пецярбургу паведамілі толькі беларускія афіцыйныя крыніцы – на інтэрнэт-сайце Крамля нічога пра гэта ня пішуць. Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў ацэньвае стаўленьне да Аляксандра Лукашэнкі ў Пецярбургу з боку лідэраў іншых краін гэтак:

(Саньнікаў: ) "Гэта ізаляцыя. І я, ведаючы, што там адбываецца, назіраў даволі прафэсійную працу пратакола прымаючага боку, які шмат чаго зрабіў, каб Лукашэнка не сутыкнуўся зь лідэрамі эўрапейскімі й нават ад’ехаў дахаты да таго, як на мерапрыемстве зьявіўся прэзыдэнт Злучаных Штатаў. Проста прадэманстравалі, як ставяцца да Лукашэнкі".

Юры Сьвірко, Менск
0058045