Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У пятніцу ў часе сьвяткаваньня 300-годзьдзя Санкт-Пецярбургу адбыўся нефармальны саміт СНД, у якім узяў удзел і Аляксандар Лукашэнка. Шэраг беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў заклікалі прэзыдэнтаў іншых дзяржаваў абмежаваць усялякія кантакты са спадаром Лукашэнкам.

Пасьля заканчэньня нефармальнага саміту СНД у Санкт-Пецярбургу адбылася кароткая гутарка Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным. Акрамя гэтай фразы, Лукашэнкава прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч нічога больш не сказала. Паўнавартаснай двухбаковай сустрэчы кіраўнікоў Расеі й Беларусі з самага пачатку не было заплянавана. Адмысловая карэспандэнтка Першага нацыянальнага тэлеканалу Беларусі паведаміла зь Пецярбургу: "Фармат цяперашняга мерапрыемства не прадугледжвае якіх-небудзь афіцыйных сустрэчаў і сур’ёзных перамоваў".

Ляканічным быў і прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, які ёсьць старшынём Рады кіраўнікоў дзяржаваў СНД. Ён адзін выйшаў да журналістаў і даў прэсавую канфэрэнцыю, якая доўжылася 4 хвіліны. Паводле спадара Кучмы, на піцерскім саміце абмяркоўваліся пытаньні супрацоўніцтва ў кантэксьце падрыхтоўкі да наступнай сустрэчы прэзыдэнтаў СНД у Ялце, якая пройдзе ў верасьні. Украінскі лідэр нагадаў, што менавіта там бузе прынятае канчатковае рашэньне пра заканчэньне першага этапу фармаваньня зоны вольнага гандлю на тэрыторыі Садружнасьці. Праўда, Леанід Кучма назваў цяперашнюю сустрэчу на Няве "вельмі бурлівай і выніковай". Саміт ухваліў таксама скасаваньне санкцыяў супраць Іраку і выказаўся за ўмацаваньне ролі ААН у яго аднаўленьні пасьля вайны.

Ваенную тэматыку абраў і Аляксандар Лукашэнка для свайго падарунку Ўладзімеру Пуцiну — ён прывез зробленую віцебскімі майстрамі мадэль старадаўняй гарматы. Гэта сувэнір з дуба й бронзы з пазалотаю. Гармата мае ўсе неабходныя аксэсуары, у тым ліку зарадныя ядры, паведаміла прэсавая служба прэзыдэнта Беларусі, якая зрабіла таксама акцэнт на тым, што падарунак мае дух пятроўскай эпохі, калі быў закладзены горад на адваяванай у Швэцыі тэрыторыі.

Але Расея плянавала надаць саміту СНД зусім іншы акцэнт. Крамлёўская крыніца заявіла агенцтву Інтэрфакс, што сустрэча прэзыдэнтаў краінаў Садружнасьці адбудзецца напярэдадні саміту Расея—Эўразьвяз, а Расея, цытую, "пасьлядоўна выступае за годнае супольнае ўваходжаньне дзяржаваў-удзельніцаў СНД у міжнародную супольнасьць".

Адметна, што ў дзень пачатку сьвяткаваньняў юбілею Пецярбургу шэраг беларускіх праваабарончых арганізацыяў Беларусі апублікавалі зварот да кіраўнікоў дзяржаваў, якія туды прыехалі, з заклікам "абмежаваць усялякія кантакты з Аляксандрам Лукашэнкам і выказаць сваё стаўленьне да нэгатыўных працэсаў у галіне правоў чалавека, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь".

Беларускі Гэльсынскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтар, Праваабарончы цэнтар "Вясна", Беларуская асацыяцыя журналістаў і аб’яднаньне "Праўная дапамога насельніцтву" паведамілі гасьцям Санкт-Пецярбургу пра новы віток парушэньняў правоў чалавека ў краіне: "Толькі за апошнія дні ў Беларусі пад пагрозаю ліквідацыі апынуліся найбуйнейшыя недзяржаўныя газэты, прыпыненае выданьне газэтаў "Белорусская деловая газета" і "БДГ. Для служебного пользования", на мяжу закрыцьця пастаўленыя тры газэты — "Народная воля", "Вечерний Столин", "Навінкі" і чатыры буйныя рэгіянальныя няўрадавыя арганізацыі".

Беларускія праваабаронцы нагадалі таксама пра спыненыя справы зьніклых.

Юры Сьвірко, Менск
,